Тры вульлі, у якіх было больш за 180 000 пчолак былі знойдзеныя непашкоджанымі на даху сабора, нягледзячы на разбуральны пажар, паведамляе Guardian.
Маленечкія насельнікі сабору Notre-Dame ў Парыжы перажылі пажар, які зьнішчыў вялікую частку яго даху і шпіль. Раней паведамлялася, што каля 200 тысяч пчолак, якія жывуць у вульлях на даху царквы, загінулі. Папраўдзе яны ацалелі, паведаміў пчаляр сабора Нікаля Жэан, паведамляе BBC.
Ён прыглядаўся за трыма вульлямі з 2013 году, калі было прынятае рашэньне іх усталяваць у рамках гарадзкой ініцыятывы па павелічэньні папуляцыі пчол у Парыжы.
Вульлі разьмешчаныя над рызніцай у паўднёвай частцы сабора на адлегласьці прыкладна 30 мэтраў ніжэй узроўню асноўнай даху. Паводле Жэана, агонь іх не закрануў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ўдалося ўратаваць у саборы Парыскай Божай МаціВысокія тэмпэратуры маглі быць рызыкоўныя для іх, але дым, як патлумачыў пчаляр, іх проста ап’яніў. «Вуглякіслы газ іх не забівае, а апʼяняе, робіць соннымі», — сказаў ён у інтэрвію АP. Пчаляры досыць часта выкарыстоўваюць дым, каб уціхамірыць пчол і падабрацца да іх вульля.
«Мне было вельмі шкада Notre-Dame, паколькі гэта такое выдатнае збудаваньне, — сказаў Нікаля Жэан у інтэрвію CNN. — Але як жа выдатна, што пчолы выжылі. Дзякуй богу, што полымя іх ня дасягнула, гэта сапраўды цуд!»
Эўрапейскія пчолы – у адрозьненьне ад іншых разнавіднасьцяў – застаюцца ў сваім вульлі пры набліжэньні небясьпекі, едучы мёд і працягваючы абараняць матку.
Пажар у саборы Парыскай Божай Маці пачаўся ўвечары 15 красавіка і працягвалася 9 гадзінаў. Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай пажару сталі рамонтныя работы. У выніку пажару абрынуліся шпіль і дах сабору. Пажарнікам удалося выратаваць каркас гістарычнага будынку.