21-гадовы Антон Б. асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі, 18-гадовая Соф’я З. — на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Такога пакараньня ў раённым судзе прасіў пракурор.
Пасьля пратэсту пракуратуры Першамайскага раёну гарадзкі суд Менску 12 красавіка разгледзеў справу ўдзельнікаў «вечарынкі з псыхатропамі», падчас якой у жніўні 2018 году загінула 19-гадовая дзяўчына.
У справе 7 фігурантаў ва ўзросьце ад 18 да 21 году. На момант зьдзяйсьненьня правапарушэньня чацьвёра зь іх былі непаўналетнія. Усіх асудзілі паводле часткі 1 арт. 328 (незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў).
Намесьнік пракурора Першамайскага раёну абскардзіў папярэдні прысуд, які быў агучаны Першамайскім судом Менску 11 студзеня 2018 году, палічыўшы яго «мяккім».
З улікам найбольш актыўнай ролі Соф’і З. і Антона Б. пракуратура палічыла, што трэба прызначыць ім пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі — 2 і 3 гады ў калёніі агульнага рэжыму адпаведна. А іншых фігурантаў, на дадатак да існуючага пакараньня, яшчэ абавязаць да грамадзкіх прац на 100 гадзін, што было падтрымана ў гарадзкім судзе.
Адвакат Антона Б. у гарадзкім судзе хадайнічала пра далучэньне да матэрыялаў справы дакумэнтаў аб тым, што хлопец уладкаваўся на працу і аформіў шлюб. За час пасьля першага суду ён ажаніўся зь іншай фігуранткай справы — М.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За распаўсюд псыхатропаў на Меншчыне затрымалі 12 чалавек. Малодшаму зь іх 15 гадоўСуд Першамайскага раёну раней асудзіў 21-гадовага Антона Б. на тры гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія»). 18-гадовую Соф’ю З. — на два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). Яшчэ 5 фігурантаў атрымалі па два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады.
4 жніўня 2018 году кампанія з васьмі маладых людзей, чацьвярым зь якіх на той момант не было 18 гадоў, сабралася сьвяткаваць будучы дзень народзінаў аднаго зь сяброў.
Вечарынка адбывалася на кватэры ягонай дзяўчыны, 19-гадовай N. Грошы аддавалі Соф’і З., якая перадала іх для набыцьця біткойнаў. Як пазьней было агучана на судзе, Антон Б. купіў за тыя біткойны экстазі і атрымаў каардынаты закладкі.
Трое непаўналетніх забралі закладку ў лясным масіве каля Ангарскай вуліцы. Пасьля чаго двое зь іх за дзень да вечарынкі прывезьлі яе на кватэру N., дзе тая была разам са сваім маладым чалавекам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На хакеістаў клюбу «Юнацтва-Менск» завялі справу за наркотыкі, зь іх узялі падпіску аб яўцыНа наступны дзень маладыя людзі сабраліся ў кватэры ўвечары, разам расфасавалі рэчыва ў спустошаныя капсулы ад вітамінаў. На судзе яны распавядалі, што разьмяркоўвалі на кожнага па дзьве капсулы агульнай дозай рэчыва ў 300 мг.
Антон Б. са сваёй сяброўкай, непаўналетняй на той момант М., далучыліся да вечарынкі пазьней.
На судзе ўсе сказалі, што прынялі па дзьве капсулы. М. сьцьвярджае, што не прымала псыхатропнага рэчыва на гэтай вечарынцы. Яшчэ адна асуджаная сьцьвярджае, што паспытала наркотык упершыню.
Каля поўначы, са слоў асуджаных, N. стала кепска. У 00.32 выклікалі хуткую дапамогу.
Сьледзтва лічыць, што прычынай яе сьмерці стала сьмяротная канцэнтрацыя МДМА ў крыві. Гэтае расьсьледаваньне было вылучана ў асобную справу паводле часткі 5 артыкула 328.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як былы наркаман змагаецца з «наркаграфіці» ў Воршы