Паводле папярэдніх вынікаў, у першым туры выбараў прэзыдэнта Ўкраіны дзейны кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка набраў каля 16,64% галасоў, актор Уладзімір Зяленскі — 30,2%. Чаму так?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлічылі 80% галасоў: Зяленскі і Парашэнка выходзяць у другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны
- Галасы лічаць. Маштабных фальсыфікацыяў на карысьць дзейнай улады не фіксавалася (хоць шэраг парушэньняў з розных бакоў быў), таму альтэрнатыўны кандыдат мае шанцы на перамогу.
- Ідзе вайна. Узброены канфлікт на Данбасе «прыцішаны», але людзі гінуць ці не штодня. Ня ўсе вераць, што дзейныя ўлады змогуць разабрацца з «ДНР» і «ЛНР», а тым больш вярнуць акупаваны Расеяй Крым.
- Кадравая правалы Парашэнкі. Выбарнікі памятаюць правальныя вайсковыя кампаніі ў 2014 годзе пад кіраўніцтвам міністра абароны Валерыя Геляцея, прызначэньне кіраўніком Нацыянальнага банку сваёй бізнэс-партнэркі Валерыі Гонтаравай, у Радзе нацыянальнай бясьпекі — Алега Гладкоўскага, якога абвіанвацілі ў карупцыйных схемах ва Ўкрабаронпраме.
- Карупцыя. Адсутнасьць эфэктыўнай барацьбы з карупцыяй і датычнасьць атачэньня дзейнага прэзыдэнта да карупцыйных схемаў раскраданьня бюджэтных сродкаў у вайскова-прамысловым і энэргетычным сэктары. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто чыя марыянэтка? Зяленскі і Парашэнка спадзяюцца на перамогу ў другім туры выбараў ва Ўкраіне
- Ляяльнасьць да прадстаўнікоў мінулай улады. У Парашэнкі былі дамоўленасьці з мэрам Харкава Генадзем Кернэсам і мэрам Адэсы Генадзем Труханавым, якія знаходзіліся пад крымінальным перасьледам, але пакараныя не былі.
- Моцнае зьбядненьне грамадзян. Ва Ўкраіне некалькі гадоў не індэксаваліся заробкі і пэнсіі, істотна павялічыліся тарыфы на камунальныя паслугі. Пасьля моцнага спаду эканомікі ў 2013–2015 гадах аб’ём валавога ўнутранага прадукту яшчэ не аднавіўся.
- Рэформы марудныя. Рэфармаваньне ва Ўкраіне ідзе пад ціскам МВФ і грамадзкасьці. Украінцы чакаюць хуткіх зьменаў у сваёй краіне, а пры маруднасьці ўлады вельмі хутка ў ёй расчароўваюцца. Так было і ў выпадку выбраньня прэзыдэнтам Віктара Юшчанкі ў 2005 годзе. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія выбары — як працуе дэмакратыя падчас вайны
- Крэатыўная агітацыя Зяленскага. Сэрыял «Слуга народу» з Уладзімірам Зяленскім фактычна ўвасобіў чаканьні ўкраінцаў ад палітыкаў і ўлады. Пэрсанаж Зяленскага пазытыўны, над ягоным вобразам працуе прафэсійная каманда.
- Стомленасьць палітыкамі. Выбарнікі зьвязваюць свае надзеі з прадстаўнікамі несыстэмнай палітыкі і новым палітычным пакаленьнем, не зьвязаным з алігархамі і старой сыстэмай улады.
- Няправільнае разуменьне ролі прэзыдэнта. Украіна мае парлямэнцка-прэзыдэнцкі лад праўленьня. Прэзыдэнт мае паўнамоцтвы ў замежнай палітыцы, вайсковай справе і хіба вельмі абмежаваны ўплыў на эканоміку. Законы прымае парлямэнт, за пытаньні эканомікі адказвае ўрад. Праўда, большасьць кандыдатаў мае эканамічныя пункты ў праграмах. І ад прэзыдэнта многія ўкраінцы чакаюць паляпшэньня эканамічнай сытуацыі. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Портнікаў: Украінскі выбаршчык галасуе не за мэнэджэра, а за чараўніка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давярае Лукашэнку. Што трэба ведаць пра кандыдата і прэзыдэнта Пятра Парашэнку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высьмейваў Лукашэнку. Што трэба ведаць пра лідэра ўкраінскіх выбараў Уладзіміра Зяленскага