Міліцыя і бацькі пацьвердзілі: за замах нагой на «царскага гарадавога» дзяўчына правяла два дні на Акрэсьціна

Флэшмоб ля скульптуры «царскаму гарадавому» зь «несанкцыянаванымі пацалункамі», 19 лістапада 2018 году, ілюстрацыйнае фота

Раней актывістка Натальля Басалыга-Гарачка расказвала, што, паводле ейных зьвестак, суд адправіў на дапрацоўку пратакол на 18-гадовую Аляксандру С. за тое, што яна замахнулася нагой на скульптуру «царскага гарадавога» ля галоўнага будынка Міністэрства ўнутраных справаў у Менску.

Tut.by атрымаў пацьверджаньне гэтай гісторыі, хоць Свабодзе ў судзе абвяргалі, што такое было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шуневіч: грамадзянін павінен бачыць у міліцыянце «чалавека, гатовага дапамагчы». А як папраўдзе?

У Галоўным упраўленьні ўнутраных справаў пацьвердзілі: 23 сакавіка на дзяўчыну склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, 25 сакавіка не змаглі асудзіць і направілі матэрыял на дапрацоўку. Што за пратакол, у міліцыі адмовіліся казаць.

Бацька дзяўчыны Андрэй расказаў: Аляксандра ўвечары суботы ішла па вуліцы Гарадзкі Вал са сваім сябрам, хацела наведаць бабулю. Дзяўчына і хлопец пачалі жартаваць між сабой, шчыпаліся, штурхаліся і сьмяяліся. У адзін момант дзяўчына спытала хлопца, ці можа яму даць высьпятка, а калі атрымала адмову, сказала «Нельга цябе — тады яго» і замахнулася нагой на «царскага гарадавога».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар культуры абурыўся новымі беларускімі помнікамі: «Нізкі мастацкі ўзровень»

Праз паўхвіліны, сьцьвярджае бацька, з будынка МУС выйшлі «пара чалавек, затым яшчэ некалькі», пасьля прыехалі чатыры супрацоўнікі АМАП. Дзяўчыну і хлопца завялі ў будынак, сталі праглядаць запісы з камэраў. Дзяўчыну затрымалі, хоць міліцыя не адмаўляла, што яна не пашкодзіла скульптуру.

«Сказалі, маўляў, усе разумеюць, — тлумачыць бацька дзяўчыны. — Але нібыта ёсьць унутраная інструкцыя, і хто няправільна там праходзіць — трэба рэагаваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС адказала на прапанову зьнесьці скульптуру царскага гарадавога ў Менску

У пратаколе за дробнае хуліганства, празь які Аляксандра правяла два дні ў ізалятары на Акрэсьціна, напісана: «Знаходзячыся ў грамадзкім месцы, падбегла да скульптурнай групы і на вачах мінакоў зрабіла замах нагой, чым учыніла наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак і выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадзтва».

Бацька дзяўчыны заявіў таксама, што абураны там, як нейкія СМІ нібыта спрабавалі «ператварыць у палітыку» здарэньне з дачкой і «шчыра хлусілі, каб хайпануць на сытуацыі», хоць гісторыя «не зьвязаная з палітыкай», а дачка «ня ведала пра гэтую скульптуру толкам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар Шуневіч прызнаўся, што прабачэньні школьніка за поўху гарадавому — ягоная ідэя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратара Міністэрства ўнутраных спраў зьнялі за скандал зь менскім гарадавым?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьмяніў начальнікаў міліцыі, ацаніў праваахоўнікаў у 7 з 10