Пасьля трагедыі ў Стоўпцах грамадзкасьць вызначыла шэраг вінаватых у надзвычайным здарэньні. Сыстэма адукацыі апэратыўна адрэагавала на абвінавачаньні.
Вінаватымі называлі:
- інтэрнэт;
- бацькоў;
- падлеткаў, у якіх «невядома што ў галаве»;
- сацыяльна-пэдагагічныя і псыхалягічныя службы (СППС), школьных псыхолягаў.
З інтэрнэтам разабраліся — у школах забаранілі мабільныя
З сакавіка новыя правілы пачалі дзейнічаць у горадзенскай гімназіі імя Яўхіма Карскага. У дзяцей перад урокам забіраюць тэлефоны, дазваляюць карыстацца імі толькі на перапынках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як гэта ня хоча здаваць?» У горадзенскіх школьнікаў на ўроках пачалі забіраць мабільныя тэлефоны«Пакаралі» і бацькоў — абмежавалі доступ у школы
У шэрагу навучальных устаноў абмежавалі доступ бацькоў у школы. У школе № 25 Гомля для бацькоў замовілі пропускі. У гімназіі № 56 электронная сыстэма пропускаў была ўведзеная яшчэ раней. У іншых школах усталявалі турнікеты або проста не пускаюць бацькоў у будынак.
Сярод падлеткаў вызначаць «экстрэмістаў» па вопратцы, абутку і прычосках
Пасьля трагедыі ў Стоўпцах па школах разаслалі інструкцыю, як сярод вучняў выяўляць «экстрэмістаў». Дакумэнт быў зацьверджаны на пасяджэньні камісіі ў справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкаму.
Паводле дакумэнту, настаўнікі мусяць зьвяртаць увагу на вонкавы выгляд падлеткаў, якія могуць належаць да груповак «нацы-скінгэдаў», «скінгэдаў-антыфашыстаў» і футбольных фанатаў. Вызначаць прыналежнасьць падлеткаў да нефармальных груповак прапануецца па вопратцы, абутку, прычосках, нашыўках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля трагедыі ў Стоўпцах па школах разаслалі інструкцыю для выяўленьня «экстрэмістаў» сярод вучняўСацыяльна-пэдагагічным і псыхалягічным службам загадалі ствараць пазытыўны імідж
Чыноўніца ад адукацыі ў камэнтары Свабодзе казала, што «крайнімі за Стоўпцы зробяць настаўнікаў, псыхолягаў і завучаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крайнімі за Стоўпцы зробяць настаўнікаў і псыхолягаў», — чыноўніца ад адукацыіУ школах пасьля трагедыі ў Стоўпцах праходзілі праверкі і аналіз працы СППС. Як на гэта адрэагавалі аддзелы адукацыі? Чытач Свабоды падзяліўся загадам начальніка аднаго з раённых аддзелаў адукацыі. Называецца дакумэнт «Аб прыняцьці мер».
«З мэтай стварэньня пазытыўнага іміджу спэцыяліста сацыяльна-пэдагагічнай службы ўстановы адукацыі, павышэньня эфэктыўнасьці работы СППС і ўзаемадзеяньня з бацькоўскай грамадзкасьцю, навучэнцамі загадваю:
- Забясьпечыць да 1 красавіка дзейнасьць груп у Viber для спэцыялістаў СППС устаноў адукацыі, прызначыўшы адміністратарамі вопытных пэдагогаў-псыхолягаў.
- Працягнуць працу па прадстаўленьні паслуг онлайн-кансультаваньня для вучняў і іх законных прадстаўнікоў, у тым ліку праз сайты сацыяльна-псыхалягічных цэнтраў, у малых групах з абавязковым прыцягненьнем да дадзенага віду дзейнасьці маладых спэцыялістаў СППС.
- Прапрацаваць пытаньне стварэньня пры кожнай установе адукацыі віртуальных бацькоўскіх (сямейных) клюбаў.
- Да 1 траўня — правесьці тыдзень прэзэнтацыі працы спэцыялістаў СППС, забясьпечыўшы асьвятленьне мерапрыемстваў у сродках масавай інфармацыі.
- Прыняць меры па афармленьні кабінэтаў пэдагогаў-псыхолягаў, правесьці раённыя конкурсы на лепшы кабінэт (да 1 чэрвеня)».
Мінадукацыі маўчыць
Мы зьвярнуліся ў Міністэрства адукацыі, каб атрымаць афіцыйны пералік захадаў і высноў, зробленых пасьля трагедыі ў Стоўпцах. На момант публікацыі адказу мы не атрымалі.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.