Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці загінулага сьледчага са Стоўпцаў: «Сэрца гаворыць, што ня мог ён так сам зрабіць! Ня веру...»


Станіслаў Бець, сьледчы са Стоўпцаў, знойдзены павешаным 28 лютага 2018 году (архіўнае фота)
Станіслаў Бець, сьледчы са Стоўпцаў, знойдзены павешаным 28 лютага 2018 году (архіўнае фота)

У Стоўпцах 28 лютага знайшлі павешаным 21-гадовага сьледчага Станіслава Беця. Свабода пагаварыла з маці Станіслава Ірынай.

Ірына працуе настаўніцай пачатковых клясаў у школе ў вёсцы Дзераўная, дзе вучыўся і яе сын (але яна ў яго не выкладала). Школа невялікая, усе навідавоку. Заўсёды цікавілася вучобай сына. Кажа, што той марыў паступіць у Акадэмію МУС, стаць сьледчым.

Зь дзяцінства марыў паступіць у Акадэмію МУС

«Мы з бацькам вельмі асьцярожна адгаворвалі, казалі, што вельмі адказная і цяжкая прафэсія, мо выбірай якую іншую, дзе лягчэй — сувязістам, настаўнікам. Але сын настаяў на сваім.

Здаецца, у 10-й клясе яму прыйшло запрашэньне паступаць у Акадэмію, ён вельмі гэтым ганарыўся. У школу прыяжджалі спэцыялісты ў прафарыентацыі, і Станіслаў быў вельмі рады, калі сказалі, што ён падыходзіць да працы ў міліцыі. Быў увесь натхнёны, акрылены: «Мамачка, я так хачу туды паступіць!» Сэрца маё працівілася, я ж разумела, што прафэсія цяжкая, адказная, далёка не рамантычная. Але блаславіла сына, сказала, што ўсім дапамагу.

Тлумачыла, што нялёгка паступіць, трэба добра ведаць грамадазнаўства, гісторыю, гуманітарныя навукі. У старэйшых клясах Станіслаў сур’ёзна займаўся з настаўніцай грамадазнаўствам. Вельмі любіў гісторыю. У старэйшых клясах на раённых алімпіядах па гісторыі заўсёды займаў першае месца. А ў 9-й клясе сказаў, што хоча яшчэ паспрабаваць паўдзельнічаць у алімпіядзе па геаграфіі. І заняў другое месца.

Калі паступіў, і я, і бацька вельмі ганарыліся сынам.

Добра вучыўся, заўсёды на павышаную стыпэндыю. На ўрачыстасьці з нагоды заканчэньня Акадэміі мы паехалі з бацькам у Менск, імпрэза была на плошчы Дзяржаўнага сьцяга, ён прымаў прысягу — вельмі кранальна гэта было.

Дняваў і начаваў на працы

І тут я адчуваю сваю віну... Станіслаў скончыў сьледча-экспэртны факультэт, яму прапанавалі выбіраць працу: было месца ўчастковага і месца сьледчага. Ён яшчэ вагаўся, што выбраць. І раіўся з намі. А я кажу: «Сынок, выбірай сам. Але ты скончыў такі прэстыжны факультэт, можа, усё ж ідзі сьледчым. Я прыму любы твой выбар».

Пайшоў працаваць сьледчым. Дняваў і начаваў на працы ў прамым сэнсе. Тэлефаную а сёмай вечара — кажа, што ён на працы. Кладуся спаць аб 11-й, званю — «Мама, я яшчэ на працы, шмат спраў». Тэлефаную раніцай — «Мама, вельмі позна прыйшоў, паспаў дзьве гадзіны, памыўся і вось іду на працу».

Яму праца вельмі падабалася. Хлопец ён вельмі адказны, усе, хто яго ведае ў нашай вёсцы, пацьвердзяць мае словы. Вельмі адказна ставіўся да ўсяго, што рабіў. Але ніколі не распавядаў пра тое, чым канкрэтна займаецца, не дзяліўся, якія справы разглядае.

Не магу зразумець, не магу патлумачыць, што здарылася. Не магу прыняць. Але сэрца мамы гаворыць, што ня мог ён так зрабіць, ня мог! Ён быў вельмі добры, адказны. І калі мне ўчора патэлефанавалі, што Станіслаў ня выйшаў на працу, я кажу: «Ня можа быць!» Да чаго-чаго, а да працы вельмі адказна ставіўся.

Апошнім часам рэдка прыяжджаў дадому, хаця ад Стоўпцаў да Дзераўной 35 кілямэтраў. Пытаюся: чаму так рэдка прыяжджаеш? Адказвае: «Мама, працы шмат, я малады спэцыяліст, хачу ўсё дасканала вывучыць, усё ведаць».

Хаця ў яго была грунтоўная падрыхтоўка — у Акадэміі ўсе гады атрымліваў павышаную стыпэндыю, займаўся спортам — падымаў гіры.

Я заўсёды яго падтрымлівала, суцяшала: «На пачатку на любой працы цяжка, потым будзе лягчэй».

Вельмі пяшчотны, удзячны, клапатлівы сын

У мінулыя выходныя таксама ня змог прыехаць, але да мяне заехаў яго сябар Андрэй, зь якім яны разам вучыліся ў Акадэміі МУС, цяпер разам працуюць, жывуць на здымнай кватэры. Прывёз нам кантэйнэры, у якіх я перадачкі перадаю. Я іх зноў напоўніла. Пытаюся: «Сынок, колькі табе яек пакласьці: дзясятак ці два?» Адказвае: «Кладзі паболей, няма часу на гатаваньне, вельмі люблю раніцай яечню падсмажыць». Пякла на сьвята 23 лютага торцік, Станіслаў вельмі любіць салодкае. Увечары тэлефануе, дзякуе за перадачку: «Мама, якая смаката твой торцік!» Вельмі ўдзячны заўсёды быў...

Учора, калі мне патэлефанавалі пра няшчасьце, зайшла я на кватэру, дзе ён жыў. Парадак ідэальны, кашулі папрасаваныя, акуратна разьвешаныя на плечыках, усё чысьценька: маечкі, шкарпэткі складзеныя. Летам, калі ўладкоўваўся на працу, кажа: «Мама, трэба мне касьцюм харошы купіць, каб прыстойна, годна выглядаць, я ж сьледчым буду працаваць»... Вельмі акуратны, глядзеў сябе.

Хлопец вельмі накіраваны. Асоба. Зь ім было вельмі цікава размаўляць. Ён вельмі разважлівы, вельмі дакладна ўмеў выказаць сваю думку, умеў пераканаць.

Летась на 8 сакавіка ён у Стоўпцах праходзіў практыку. Прыехаў у вёску дадому. Я прыходжу з працы — а ў мяне на стале вялікі, проста шыкоўны букет белых ружаў і падарунак. Кажа: «Мама, прабач, калі я вучыўся ў Акадэміі, ня мог асабіста цябе віншаваць, а цяпер заўсёды буду кветкі дарыць». Ніколі не прыяжджаў з пустымі рукамі: заўсёды з цукерачкамі, усялякай смакатой. І мы садзіліся піць гарбату і размаўлялі па душах. Заўсёды прасіў расказаць пра мае справы, клапаціўся пра ўсіх сваякоў, распытваў пра працу, цікавіўся здароўем.

У 10-11 клясах была ў яго дзяўчына, сябравалі яны. А потым вучоба, праца. Я часьцяком пыталася: ці ёсьць у цябе з кім-небудзь сур’ёзныя стасункі? Жартаваў: «Мама, калі будуць, ты першая даведаесься». Я таксама жартавала: «Твая дзяўчына — гэта твая праца»...

Ня быў канфліктным, умеў сябраваць

Станіслаў ня быў канфліктным. Ён проста ня ўмеў злавацца, сварыцца, Вельмі адкрыты хлопец, умеў сябраваць, даражыў дружбай.

2 лютага быў вечар сустрэчы выпускнікоў — сёлета спаўняецца 5 гадоў, як ён скончыў школу. Перадала яму прыгожае запрашэньне, але сын ня змог прыехаць, кажа, што ўвесь тыдзень дзяжурны ў РАУС па ДТЗ. Перадаваў вітаньне ўсім аднаклясьнікам, настаўнікам.

Станіслаў заўсёды казаў: «Я люблю жыцьцё». Ну ня мог ён сам, ня мог...

Апошні раз ён прыяжджаў дадому ў канцы студзеня. Мы заўсёды ў нядзелю ўсе разам, усёй сям’ёй ходзім у касьцёл, які побач з нашым домам. І калі Станіслаў вучыўся ў школе, таксама заўсёды хадзіў у касьцёл.

Ня веру, не магу зьмірыцца, не магу прыняць, што ён сам гэта зрабіў... Мы ўчора ўспаміналі з бацькам, што некалі, даўным-даўно, былі размовы, глядзім жа тэлевізар, чытаем пра нейкія падобныя выпадкі. Дык Станіслаў заўсёды казаў: «Я люблю жыцьцё». Ну ня мог ён сам, ня мог...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG