У цэнтры Менску на год забаранілі будаваць хмарачосы. Прынамсі на год

Кастрычніцкая плошча пасьля зносу музэю Вялікай айчыннай вайны і да пачатку будаўніцтва

Плян разьвіцьця Менску на 2019 год прадугледжвае «выключэньне высотнага будаўніцтва ў цэнтры гораду», піша агенцтва «Мінск-навіны».

Сам плян быў прыняты 28 лютага, але дагэтуль не апублікаваны ў адкрытым доступе. Раней паведамлялася толькі, што ў час абмеркаваньня пляну старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак заяўляў: «неабходна сыходзіць ад будаўніцтва высотных будынкаў, разьмяшчаць такія аб’екты толькі як акцэнты».

Дзе пачынаецца і сканчаецца цэнтар і якой вышынёй абмежаванае будаўніцтва, невядома.

Пры гэтым у цэнтры Менску цяпер будуецца некалькі высотных будынкаў: працягваецца будаўніцтва гатэлю, вядомага ў народзе як «Некемпінскі», на месцы першай гарадзкой электрастанцыі (між паркам Горкага і цыркам), а таксама гмаха на месцы музэю Вялікай айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы. Мае распачацца будоўля на месцы зьнесенага павільёну «БелЭкспа» між Опэрным тэатрам і Сьвіслаччу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забудоўнікі распавялі, што зьявіцца на месцы «БелЭкспа» ў цэнтры Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля менскага гатэля «Беларусь» задумалі збудаваць вялізны забаўляльны цэнтар

Адносна пляну адзначаецца таксама, што ў ім замацаванае «недапушчэньне карэктаваньня зацьверджанай праектнай дакумэнтацыі на аб'екты, якія будуюцца, што прадугледжваюць выключэньне альбо скарачэньне абавязацельстваў інвэстара па будаўніцтве сацыяльных, інфраструктурных абʼектаў і добраўпарадкаваньні тэрыторыяў» і «фармаваньне пастаяннай працоўнай групы з удзелам у тым ліку незалежных архітэктараў у мэтах падрыхтоўкі прапановаў і дачы экспэртных заключэньняў па найбольш значных тэрыторыях гораду».

У пляне прапісаная, акрамя таго, распрацоўка стратэгіі фармаваньня «ўласнага стылю Менску і яго пазнавальнага міжнароднага аблічча» дзеля папулярызацыі сярод турыстаў; разьвіцьцё гораду пераважна за кошт рэканструкцыі наяўных аб’ектаў «з фармаваньнем цэласнага аблічча гораду, выключаючы зьяўленьне неспалучальных архітэктурных рашэньняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будаўніцтва газпромаўскага хмарачоса ў Менску паабяцалі аднавіць да канца году. Што зь іншымі даўгабудамі?