Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая ў камэнтары Радыё Свабода сказала, што пасьля трагічнага выпадку ў стаўпецкай школе, у навучальных установах краіны «будуць узмоцнены меры бясьпекі».
«Праз мэталядэтэктары кантролю няма»
Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму карэспандэнту Свабоды паведамілі, што на ўваходзе ў школы вобласьці не правяраюць, што нясуць вучні.
«Дзяцей не правяраюць. Калі вы маеце на ўвазе, ці можна, напрыклад, пранесьці нейкі складны нож, то праз мэталядэтэктары такога кантролю няма», — сказаў афіцыйны прадстаўнік УУС Менаблвыканкаму Яўген Сачак.
Паводле Яўгена Сачака, тым ня менш у школах арганізуецца сыстэма бясьпекі.
«Сярод гэтага і прапускная сыстэма, усталёўваецца сыстэма відэаназіраньня. У тым ліку забаронены доступ дарослых асобаў, у тым ліку і бацькоў (за выключэньнем малодшых клясаў). Усе астатнія ідуць выключна пад запіс. Гэта характэрныя меры бясьпекі для ўсіх школ», — сказаў прадстаўнік УУС Менаблвыканкаму.
Пракурор Менскай вобласьці Алег Лаўрухін заявіў, што няма патрэбы павялічваць захады бясьпекі ў школах вобласьці, бо «на 100 адсоткаў ніякія тэхнічныя сродкі не дапамогуць».
Паводле яго, павелічэньне захадаў бясьпекі ў школах запатрабуе значнага павелічэньня фінансавых выдаткаў, што зьяўляецца праблемай.
Паводле статыстыкі, якой валодаюць у пракуратуры Менскай вобласьці, надзвычайных здарэньняў у школах вобласьці летась не адбывалася. Агульная падлеткавая злачыннасьць, паводле Алега Лаўрухіна, летась зьнізілася, але больш стала цяжкіх злачынстваў, які ўчынілі непаўналетнія жыхары Менскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён добры хлопец, заўсёды вітаецца». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу на ўроку гісторыіУ стаўпецкай школе было відэаназіраньне
Якой была сыстэма бясьпекі ў сярэдняй школе № 2 у Стоўпцах, дзе 11 лютага 16-гадовы школьнік з нажом напаў на настаўніцу і вучняў і забіў двух чалавек?
Дырэктарка школы Аксана Лось сказала карэспандэнту Свабоды, што школа абсталяваная сыстэмай відэаназіраньня. Ад іншых падрабязнасьцяў яна адмовілася.
«Калі можна, гэтыя пытаньні да Сьледчага камітэту», — сказала яна і паклала слухаўку.
Тое ж самае адказала і начальніца галоўнага ўпраўленьня па адукацыі Менскага аблвыканкаму Тацяна Апраніч.
Пракурор Менскай вобласьці Алег Лаўрухін паведаміў, што школа ў Стоўпцах, дзе адбылася трагедыя, добра ахоўвалася.
«Там было відэаназіраньне, працавала кропка аховы, плот — усё як мае быць. Але ня ў гэтым, магчыма, справа. Перш за ўсё трэба думаць пра выхаваньне».
Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што «цяпер сьледзтва ва ўсім разьбіраецца».
«Давайце ня будзем цяпер апэраваць нейкімі ацэначнымі катэгорыямі. А тое што сьледзтва будзе заяўляць, мы зможам казаць цягам дня. Сьледзтва ва ўсім разьбіраецца», — сказаў Кабаковіч.
«Гэта ж не рэжымны аб’ект, а ўстанова адукацыі»
Напад вучня на настаўніцу — ня першы выпадак у Беларусі. Вясной 2016 года ў менскай гімназіі № 74 з нажом на настаўніцу рускай мовы і літаратуры Валянціну Губарэвіч напаў дзевяціклясьнік Данат Скакун. Суд пакараў яго 8-гадовым пазбаўленьнем волі.
Прадстаўніца Мінадукацыі Людміла Высоцкая сказала, што пасьля выпадку з Данатам Скакуном у 2017 годзе «быў распрацаваны і прыняты комплекс мер сумесна з МУС».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі школьнік, які парэзаў настаўніцу, пакараны 8 гадамі зьняволеньня«Былі ўзмоцнены меры бясьпечнага знаходжаньня дзяцей у школах. Мы не кранаем тэхнічных сродкаў, гэта сфэра дзейнасьці МУС. Мы прымалі захады псыхоляга-пэдагагічныя».
Паводле Высоцкай, дзяцей якія ідуць у школу, не правяралі на наяўнасьць небясьпечных прадметаў.
«Калі дзіця ідзе на заняткі, то лягічна, у партфэлі ён нясе патрэбнае для навучальнага працэсу. Ніхто не меркаваў, што могуць праносіць нешта непатрэбнае. Будзем цяпер умацоўваць меры бясьпекі. Прааналізуем сытуацыю і прымем меры ва ўсіх установах краіны», — сказала прадстаўніца Мінадукацыі
Тое, што ў некаторых школах усталёўваюць прапускныя турнікеты, паводле Высоцкай, «залежыць ад матэрыяльных магчымасьцяў».
«Аднак гэта ж не рэжымны аб’ект, а ўстанова адукацыі. Але на ўваходзе заўсёды ёсьць вахцёры, якія пытаюцца, куды хто ідзе з дарослых. Таксама запісваюцца прозьвішчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму мы плацім за бясплатную адукацыю, а яна ўсё адно бедная?Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.