Кіеўскі цэнтар «Нова Європа» апытаў аналітыкаў з розных краін пра тое, якім чынам агрэсіўная расейская палітыка ў дачыненьні да Беларусі можа паўплываць на рэгіянальную бясьпеку і як Украіна і заходнія партнэры павінны рэагаваць на гэтыя зьмены.
Свабода выбрала самае цікавае з адказаў 5 замежных экспэртаў і аднаго беларускага.
«Ультыматум Мядзьведзева адбірае занадта істотную частку сувэрэнітэту Беларусі»
Эндру Ўілсан, прафэсар украінскіх дасьледаваньняў ва Ўнівэрсытэцкім каледжы Лёндану, старшы аналітык Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў:
«Павелічэньне расейскага ўплыву на Беларусь цягне за сабой мноства непасрэдных пагроз для бясьпекі Ўкраіны. Але што яшчэ важней — напаўняе паняцьці „сябар“ ці „саюзьнік Расеі“ новым сэнсам. Усё часьцей Расея выстаўляе надзвычайныя патрабаваньні нават найбліжэйшым саюзьнікам.
Такія краіны, як Беларусь альбо Армэнія, ніколі не былі традыцыйнымі „балянсірамі“. Іх зьнешняя палітыка не была роўнааддаленай ад Расеі і Захаду. Іх гульня на балянсе заключалася ў тым, што яны задавальнялі ў дастатковай меры патрабаваньні Расеі, забясьпечваючы ў той жа час уласны сувэрэнітэт і лякальную апору ўлады.
Расея, здавалася, разумела, што мясцовыя лідэры ня могуць рабіць першага, ня робячы апошняга. Але „ўльтыматум Мядзьведзева“, які патрабуе, каб Беларусь увяла адзіную з Расеяй валюту, мытную службу, суд і Падліковую палату, адбірае занадта істотную частку сувэрэнітэту Беларусі, што робіць гульню балянсаваньня нестабільнай.
Разрыў паміж усё больш жорсткім вызначэньнем Расеяй „ляяльнасьці“ і тым, што могуць даць мясцовыя лідэры на самой справе, сам па сабе пагражае бясьпецы рэгіёну».
«Будзе захаваньне залежнасьці без тэрытарыяльнага паглынаньня Беларусі Расеяй»
Аркадзь Мошэс, дырэктар Праграмы дасьледаваньняў усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў (Фінляндыя):
«На мой погляд, расейская палітыка ў адносінах да Беларусі будзе накіраваная на зьмяншэньне расейскіх субсыдый пры захаваньні доўгатэрміновай структурнай залежнасьці эканомікі і грамадзтва Беларусі ад Расеі. Але без тэрытарыяльнага паглынаньня. Палітыка інкарпарацыі патрабавала б надзвычайных эканамічных і палітычных выдаткаў. Папулярнасьць такога кроку ў Расеі не гарантаваная, а выйгрыш быў бы мінімальны.
Відавочна, што, нягледзячы на нармалізацыю палітычных адносін Беларусі і Захаду, рэальная здольнасьць Менску праводзіць самастойную, незалежную ад Масквы палітыку бясьпекі ўжо сёньня вельмі абмежаваная.
Палітыка Захаду ў дачыненьні да Беларусі павінна быць накіраваная на прасоўваньне палітычнай лібэралізацыі і рынкавых эканамічных рэформаў у краіне. Толькі дзякуючы гэтым захадам удасца зьменшыць эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі».
«Менск і Масква разумеюць свае інтэграцыйныя праекты па-рознаму»
Яўген Прэйгерман, кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» (Беларусь):
«Канфлікт, які разгортваецца паміж Беларусьсю і Расеяй — ня першы і не апошні раз, калі дзьве краіны спрачаюцца аб розных аспэктах сваіх адносін. Гэты канфлікт паказвае дзьве важныя рэчы. Па-першае, Менск і Масква разумеюць свае інтэграцыйныя праекты па-рознаму. Па-другое, такая геапалітычная напружанасьць паміж Расеяй і Захадам яшчэ больш абвастрае і ўскладняе беларуска-расейскія адносіны. Аднак ніводзін з гэтых фактараў не прыводзіць да „немінучай анэксіі“ Беларусі Расеяй.
Увогуле, Масква хацела б пераканацца, што Менск салідарны зь ёй па ўсіх аспэктах яе супрацьстаяньня з Захадам. Аднак удзел у гэтым геапалітычным супрацьстаяньні, відавочна, не адпавядае беларускім інтарэсам, паколькі гэта прывядзе да вялікіх эканамічных страт, а пры найгоршым сцэнары прамога сутыкненьня паміж NATO і расейскімі сіламі Беларусь непазьбежна стане полем бітвы. Такім чынам, можна чакаць, што беларускі ўрад зробіць усё магчымае, каб трымацца далей ад гэтага супрацьстаяньня, спрабуючы захаваць як мага шчыльнейшыя адносіны з Расеяй».
«Незалежная дзяржава — агульная каштоўнасьць для беларусаў»
Балаш Ярабік, няштатны аналітык Carnegie Europe:
«Беларусь — апошняя з краінаў Усходняга партнэрства, якая дагэтуль кантралюе сваю тэрытарыяльную цэласнасьць.
Ня дзіва, што пасьля пачатку ўкраінскага крызісу інфармацыйная прастора застракацела здагадкамі наконт рэальных або верагодных плянаў Расеі праглынуць ці інтэграваць Беларусь. З аднаго боку, Беларусь трапіла ў сурʼёзную эканамічную залежнасьць ад свайго ўсходняга суседа, якую яна захоўвае і сёньня.
Прааналізаваўшы глыбей асаблівасьці беларуска-расейскіх адносін, можна зрабіць выснову, што Крэмль пакуль што прымушае Менск пагадзіцца на скарачэньне рэнты, бо ключавая мэта Расеі — эканамічная карэкцыя.
Скарачэньне субсыдый — балючы ўдар для Менску, які збудаваў сваю палітыку на пераразьмеркаваньні расейскай рэнты. Але пакуль беларусы (толькі 19% падтрымлівае інтэграцыю з Расеяй) і асабліва прэзыдэнт Лукашэнка не імкнуцца да большай інтэграцыі. Незалежная дзяржава — агульная каштоўнасьць для беларускага грамадзтва.
Захад павінен станоўча ставіцца да асьцярожнага балянсаваньня Менску, памятаючы пра тое, што аўтарытарны рэжым Лукашэнкі рана ці позна зазнае трансфармацыі з прычыны ўзросту лідэра».
«Наўрад ці інкарпарацыя адбудзецца ў хуткім часе»
Рыгор Ніжнікаў, старшы аналітык Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў (Фінляндыя):
«Увогуле, цяперашнія абмеркаваньні магчымых плянаў Крамля адносна паўтарэньня крымскага сцэнару і анэксіі Беларусі неабгрунтаваныя. Хоць гэта і добры напамін пра тое, якую цану Лукашэнка заплаціў за гады задавальненьня сваіх уладных амбіцый, наўрад ці інкарпарацыя адбудзецца ў хуткім часе. Рэжым Лукашэнкі раздражняе, але задавальняе Маскву, бо ён гарантуе кантроль Расеі над краінай. Крэмль выдатна разумее, што пры ўладзе Лукашэнкі няма пэрспэктываў для любой палітычнай лібэралізацыі і зьмястоўнага збліжэньня з Захадам; беларуская эканоміка будзе заставацца слабой і залежнай ад Масквы, што, у цэлым, робіць немагчымым скасаваньне краінай „сяброўства“ з Расеяй».
«Лукашэнка позна пачаў ствараць нацыянальны наратыў»
Густаў Грэсэль, старшы аналітык бэрлінскага бюро Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў (ECFR):
«У апошнія месяцы Масква працягвае бамбіць Менск прапановамі аб наданьні „другога дыханьня“ Саюзнай дзяржаве.
Для Лукашэнкі гэта вельмі складаная сытуацыя. Усё мацнейшы эканамічны ціск Расеі зьніжае яго здольнасьць пераконваць беларусаў у далейшым росквіце краіны. Ён позна пачаў ствараць нацыянальны наратыў, які аддзяляе Беларусь ад Расеі — тых, хто распаўсюджваў падобны наратыў да 2014 году, ён актыўна намагаўся стрымаць. Але на якой падставе мабілізаваць грамадзтва, калі сытуацыя становіцца ўсё больш напружанай? Калі Беларусі трэба ісьці на Захад, усе ведаюць, што гэта лягчэй зрабіць без Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўзяла апошні бар’ер дэкамунізацыі — Днепрапятроўскую вобласьць перайменавалі ў Січаслаўскую