Пад Магілёвам шкодныя выкіды з заводу ў 40 разоў вышэйшыя за норму, але «ідзе падрыхтоўка да яго перазапуску». Свабода сабрала 10 экалягічных канфліктаў апошняга дзесяцігодзьдзя ў Беларусі і паглядзела, чым яны скончыліся.
Што зьлівалі ў Бярэзіну
На мінулым тыдні жыхары Сьветлагорску зьнялі на відэа, як незразумелая вадкасьць жоўтага колеру цячэ ў раку Бярэзіну з тэрыторыі заводу беленай цэлюлёзы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля інцыдэнту з адкідамі на Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы прыбыў віцэ-прэм’ер ЛяшэнкаНа гэты інцыдэнт зьвярнулі ўвагу ва Ўкраіне, бо вада зь Бярэзіны трапляе ў Дняпро, а пасьля ў кватэры да жыхароў Кіева. З патрабаваньнем патлумачыць крыніцу гэтых адкідаў да беларускіх чыноўнікаў зьвярнулася Мінпрыроды Ўкраіны. Але беларускі бок адказаў, што «гэта былі талыя воды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмярдзючы завод» пад Сьветлагорскам скідае адкіды ў Бярэзіну: «У іх там і кроў ідзе, і рукі гараць». ВІДЭАСупраць будаўніцтва гэтага заводу выступалі мясцовыя жыхары. Яны сабралі 10 тысяч подпісаў, каб такой вытворчасьці не было. Але завод, пабудаваны за кітайскія крэдыты, усё ж зьявіўся. Цяпер людзі скардзяцца на смурод навокал і шкодныя адкіды ад цэлюлёзнай вытворчасьці.
Пратэст супраць акумулятараў і штрафы за сьнегавікоў
Ад пачатку 2018 году ў Берасьці пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПаўэр». Завод будуецца за некалькі кілямэтраў ад гораду. Берасьцейцы занепакоеныя шкоднымі адкідамі вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 50 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся на плошчы Леніна ў БерасьціНават 37 тысяч подпісаў, сабраных супраць будаўніцтва, і штотыднёвыя пратэсты ў цэнтры гораду не далі плёну: прадпрыемства ўсё адно будуюць.
30 студзеня ў Берасьці асудзілі мясцовую жыхарку Юлію Нічыпарук за «пікет сьнегавікоў». Яе дзеці зьляпілі сьнегавікоў, а Юлія прымацавала да іх улёткі супраць будаўніцтва заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пратэстую дзеля дзяцей», — жыхарка Берасьця, якую асудзілі за «пікет сьнегавікоў»
«Выкід шкодных рэчываў у 40 разоў перавышае норму»
З 2016 году жыхары паселішчаў пад Магілёвам выказваліся супраць будаўніцтва тут заводу тэхнічнага вугляроду «Омск карбон Магілёў». Завод збудаваны на расейскія грошы, яго аналяг працуе ў расейскім Омску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз выкід шкодных рэчываў у Магілёве спынілі работы на заводзе з расейскім капіталамВытворчасьць запусьцілі, а ў сьнежні мінулага году жыхароў суседніх паселішчаў накрыла сажай. Як пасьля паведамілі, выкіды шкодных рэчываў у атмасфэру перавысілі норму ў 40 разоў.
27 сьнежня вытворчасьць спынілі. Калі яна зноў пачне працу, невядома, але «падрыхтоўка ідзе», сказалі карэспандэнту Свабоды на заводзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Омск Карбон Магілёў» патрабуюць кампэнсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сажы ня ўбачылі». Як чыноўнікі пераконвалі, што хімічнае прадпрыемства ня шкодзіць навакольлю
«Сьмярдзючы» сьвінакомплекс пад Маладэчнам
У 2015 годзе Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога ў Маладэчанскім і Валожынскім раёнах павінны былі зьявіцца два буйныя сьвінакомплексы на 100 тысяч галоў кожны. Гэта абурыла мясцовых жыхароў, бо адкіды будуць забруджваць атмасфэру і вадаёмы, а навокал будзе смурод.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзкасьць прымусіла ўлады адмовіцца ад будаўніцтва сьвінакомплекса каля МаладэчнаКампанія «Велес-мит», якая займалася будаўніцтвам, мела дачыненьне да бізнэсоўца Юрыя Чыжа. Урэшце ад аднаго сьвінакомплексу адмовіліся, а другі пабудавалі ў Валожынскім раёне.
«Брудная» драўляная вытворчасьць у Смаргонях і Магілёве
З 2012 па 2016 год кампанія «Кранаспан» пабудавала 5 буйных вытворчых ліній пад Магілёвам і ў Смаргонях. Цяпер у Смаргонях плянуецца стварыць стаянку для буйных грузавікоў і драбільную ўстаноўку, каб вырабляць шчапу, цэх дзеля вытворчасьці фанэры. Усё гэта абурае мясцовых жыхароў, якія і так скардзяцца на брыдкі пах і няспынны шум ад прадпрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра экалёгію Лукашэнка прамаўчаў», — жыхары пасёлкаў, якія бароняць навакольле ад «Кранаспану»Пад Магілёвам на вытворчасьць «Кранаспану» скардзяцца з прычыны забруджваньня рэчкі ў раёне пасёлкаў Вейна і Навасёлкі. У рэчцы бачылі брудна-жоўтую пену, а ў паветры адчуваўся смурод.
Небясьпечны завод мэталаканструкцый
У 2010 годзе ў Лідзе мясцовыя жыхары пачалі пратэставаць супраць будаўніцтва заводу гарачага цынкаваньня мэталаканструкцый за 800 мэтраў ад гораду. Жыхары Ліды і суседніх вёсак баяліся шкодных выкідаў з прадпрыемства, тым больш што на грамадзкіх слуханьнях наконт будаўніцтва ім нават не паказалі вынікаў экалягічнай экспэртызы. Але завод усё ж пабудавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Побач зь Лідай пачалі будаваць завод гарачага цынкаваньня мэталаканструкцый
«Вытворчасьць сродкаў абароны расьлін» ці «завод ядахімікатаў»?
У 2008 годзе пачаліся пратэсты супраць будаўніцтва ў Пухавіцкім раёне расейскага прадпрыемства «Август-Бел». На гэтым заводзе меліся выпускаць сродкі абароны расьлін. Незадаволенасьць жыхароў суседніх паселішчаў вылілася ў вулічныя акцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дружны. «Думаю, што трэба і мне зьяжджаць адсюль»Эколягі наракалі на шкоднасьць такой хімічнай вытворчасьці побач з дамамі людзей. Нязгодных запалохвалі спэцслужбы. Завод усё адно пабудавалі, ён працуе.
«Таксычныя выкіды» з фабрыкі «Гомельшпалеры»
У лютым 2018 году пад Гомлем адкрылі дзьве лініі вытворчасьці вінілавых шпалераў. З таго часу мясцовыя жыхары пачалі скардзіцца на дрэнны пах і воблакі ўдушлівага дыму. На сустрэчах з жыхарамі кіраўніцтва заводу супакойвала, што вытворчасьць ня шкодная. Прадпрыемства спыніла было працу на загад мясцовых чыноўнікаў, але пасьля зноў запрацавала. Па словах мясцовых жыхароў, праблема ня вырашана па сёньня.
Дачнікі супраць кітайскага тэхнапарку
У 2012 годзе пачаліся пратэсты дачнікаў у Смалявіцкім раёне супраць будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Непакоіць іх высечка дрэваў і лёс Пятровіцкага вадасховішча, каля якога будуюць тэхнапарк. Тады дачнікі і жыхары навакольных вёсак сабралі 760 подпісаў супраць будаўніцтва тэхнапарку. Але яго будуюць і сёньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачнікі перадалі сотні подпісаў супраць кітайскага тэхнапаркуЯдзерныя адкіды і Астравецкая АЭС
Праект, які выклікаў абурэньне ня толькі ў мясцовых жыхароў, але і па ўсёй Беларусі, — Астравецкая АЭС у Горадзенскай вобласьці. Атамная станцыя, якую ўзводзяць за расейскія грошы і па расейскіх тэхналёгіях, цяпер на стадыі завяршэньня будаўніцтва.
Сярод іншых праблемаў, якія нясе ядзерная энэргетыка, — адкіды. Беларускія чыноўнікі на сёньня не далі канкрэтнага адказу, дзе яны будуць захоўвацца і якім чынам утылізавацца. Прапанавана тры варыянты абыходжаньня з адкідамі. Па ўсіх трох варыянтах яны так ці інакш будуць захоўвацца ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Што гэта значыцьАЭС маюць запусьціць сёлета ўлетку, але дамова з Расеяй наконт адкідаў ядзернай вытворчасьці не падпісаная па сёньня. Эколягі і іншыя грамадзяне заклікаюць не запускаць Астравецкую АЭС, бо гэта нясе пагрозу экалёгіі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-5 перамогаў і паразаў у змаганьні з будаўнікамі