50-гадоваму азэрбайджанцу Сеймуру Мамедгусейнаву, які большую частку жыцьця пражыў у Беларусі, улады загадалі пакінуць краіну. Зь леташняга красавіка яго трымалі пад арыштам.
Пра гэта 16 студзеня Свабодзе паведаміла грамадзянская жонка Сеймура Мамедгусейнава Алена Кудравец.
«Яго ўчора вызвалілі з ізалятара, але загадалі цягам месяца пакінуць Беларусь. Яму давядзецца зьехаць», — сказала Алена Кудравец і ад іншых камэнтароў адмовілася. Паводле яе, пакуль ня хоча даваць інтэрвію і Сеймур Мамедгусейнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджанец пражыў у Беларусі 29 гадоў. Цяпер яго высылаюць- Большую частку жыцьця Сеймур пражыў у Беларусі
- У 2006 годзе ў яго забралі беларускі пашпарт, таму што ён быццам бы меў грамадзянства Азэрбайджану і быў там прапісаны. Насамрэч ён ніколі ня меў азэрбайджанскага пашпарта
- Міліцыя хацела, каб Сеймур стаў іхнім агентам і даваў інфармацыю пра крымінальнікаў
- Сеймур адмовіўся ад супрацы зь міліцыяй, і яго пазбавілі беларускіх дакумэнтаў, ён стаў асобай без грамадзянства
- Міліцыя вынесла пастанову, што Сеймур пагражае крымінагеннай абстаноўцы ў Беларусі, але ў чым дакладна ён падазраецца, ня кажуць нават самому Сеймуру
Сустаршыня БХД Павал Севярынец раней расказваў Свабодзе, што летась пазнаёміўся з Сеймурам Мамедгусейнавым, калі адбываў 7 сутак у ізалятары Менскага РАУС за пікет каля рэстарацыі «Поедем поедим».
«Сеймур распавёў, што сядзіць з красавіка, што яго хочуць выдварыць зь Беларусі. І прычына, паводле яго, ня ў нейкіх парушэньнях, а ў тым, што ён адмовіўся супрацоўнічаць зь міліцыянтамі з Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй — гэта ГУБАЗІК МУС.
Яго схілялі да супрацоўніцтва, каб паведамляў пра выхадцаў з Азэрбайджану, але ён адказаў, што ў яго тры сыны ў Беларусі растуць, як ён будзе ім у вочы глядзець, калі стане „стукачом“? З таго і пачаліся ягоныя праблемы», — сказаў Павал Севярынец.
Паводле Севярынца, Сеймур Мамедгусейнаў паказваў яму дакумэнты, якія тычацца ягонай дэпартацыі зь Беларусі.
«Там фігуруе ліст з ГУБАЗІКа, у якім пазначана, што ён нібыта нэгатыўна ўплывае на крымінагенную сытуацыю ў азэрбайджанскай дыяспары. Сам бачыў гэты дакумэнт, але ён без аніякай канкрэтыкі. Сеймур у лістах, якія разглядаліся на касацыях, пісаў, што калі вінаваты ў нейкім крымінальным злачынстве, дык гатовы несьці адказнасьць, але такія прэтэнзіі да яго не сфармуляваныя», — кажа Севярынец.
Сеймур Мамедгусейнаў жыве ў Беларусі з 1989 году, мае трох сыноў, займаецца бізнэсам. Паводле Паўла Севярынца, ён добра авалодаў беларускай мовай.
У 1996 годзе ён атрымаў беларускае грамадзянства. Але ў 2006 годзе Лідзкі аддзел па грамадзянстве і міграцыі правёў службовую праверку і прыйшоў да высновы, што на момант атрыманьня беларускага грамадзянства Сеймур быў прапісаны ў Азэрбайджане. На гэтай падставе яго пазбавілі беларускага грамадзянства.
Ва ўправе грамадзянства і міграцыі МУС карэспандэнту Свабоды не змаглі адразу пракамэнтаваць сытуацыю з Сеймурам Мамедгусейнавым, але паабяцалі разабрацца і адказаць пазьней.
«Штогод больш за 2 тысячы замежнікаў дэпартуюць зь Беларусі, і ў кожнага свая гісторыя. Гэтага чалавека асабіста я ня памятаю. Што да нібыта ціску на яго, дык, можа, ён захацеў папіярыцца і таму расказаў гэтую гісторыю? Трэба вывучыць справу, і толькі тады можна будзе нешта сказаць, але не праз тэлефон», — адказаў начальнік управы грамадзянства і міграцыі МУС палкоўнік Аляксандар Бягун.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У СІЗА прасілі згаліць бараду». Зь Беларусі выслалі былога таджыцкага футбаліста. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памерці і не адчуваць гэтыя зьверствы». Чачэнскі блогер распавёў, што яго чакае пасьля высылкі на радзіму з Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці асудзілі брытанца, які арганізаваў незаконную міграцыю грамадзянаў Самалі