Улады Польшчы хочуць дэпартаваць у Расею чачэнскага блогера Тумсо Абдурахманава, паведамляе «Настоящее время». Як сказаў сам Абдурахманаў, 20 сьнежня міграцыйныя ўлады Польшчы ўручылі яму адпаведныя дакумэнты.
Гэта азначае, што рашэньне аб дэпартацыі яшчэ канчаткова не прынятае, але распачаты адміністрацыйны працэс па ягоным прымусовым вяртаньні, і выправадзіць з краіны яго могуць у любы момант.
Раней Тумсо Абдурахманаву ўжо двойчы адмаўлялі ў даваньні прытулку. Паводле блогера, Польшча ўнесла яго ў сваю базу дадзеных як замежніка, чыё знаходжаньне на тэрыторыі Польшчы прызнана непажаданым, бо ўлады Польшчы лічаць, што ён пагражае нацыянальнай бясьпекі краіны. Пры гэтым польская рада па справах уцекачоў дала абарону сям’і Абдурахманава. А самога Тумсо на радзіме чакае крымінальная справа, якую ён лічыць сфабрыкаванай.
«Польская ўлада прызнала, што мне пагражае небясьпека. І на падставе гэтага быў дадзены прытулак маёй сям’і. Гэта значыць, у самім рашэньні аб адмове ўказана, што мне сапраўды пагражае небясьпека пры вяртаньні на радзіму. Але ў той жа час я прызнаны пагрозай, таму яны лічаць, што з дзьвюх зол яны выбіраюць найменшае. Для іх найменшае зло — гэта хай мяне там заб’юць, але я ня буду тут уяўляць ўяўнай небясьпекі», — гаворыць Абдурахманаў.
Блогер упэўнены, што ў Расеі акрамя крымінальнага перасьледу яго чакаюць катаваньні.
«У мяне ў прынцыпе ніякіх плянаў на гэты магчымы варыянт — дэпартацыю — няма, акрамя таго, як хутчэй сысьці з гэтага жыцьця ў такім выпадку, зрабіць усё магчымае, каб хутка памерці і не адчуваць вось гэтыя ўсе зьверствы, гэтыя катаваньні на сабе, гэтага ўсяго не адчуваць», — гаворыць Абдурахманаў на пытаньне, што ён зьбіраецца рабіць у выпадку дэпартацыі.
Тумсо Абдурахманаў уцёк з Чачэніі ў 2015 годзе пасьля канфлікту з тагачасным кіраўніком адміністрацыі ўраду Чачэніі Ісламам Кадыравым. Абдурахманаў не прапусьціў ягоны картэж і быў спынены. Чыноўнік праглядзеў тэлефон Тумсо і нібыта знайшоў у ім экстрэмісцкія матэрыялы. Пасьля гэтага, паводле Абдурахманава, яго неаднаразова гвалтоўна ўтрымлівалі ў доме Іслама Кадырава і пагражалі.