Аляксандар Лукашэнка 14 студзеня падпісаў указ «Аб адказнасьці за ядзерную шкоду», паведамляе ягоная прэс-служба. Сам указ пакуль не апублікаваны.
Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, указ «стварае мэханізм фінансавага забесьпячэньня адказнасьці за страты, якія ўзьніклі пры ажыцьцяўленьні дзейнасьці па выкарыстаньні атамнай энэргіі».
Бюджэт на кампэнсацыі за інцыдэнты праз страхаваньне грамадзянскай адказнасьці вымяраецца ў «спэцыяльных правах запазычваньня» — у штучным плацежным сродку Міжнароднага фонду, роўным на момант публікацыі 1,397 даляра ЗША. За адзін ядзерны інцыдэнт максымальная сума «адказнасьці» — 150 млн спэцыяльных правоў запазычваньня, то бок каля 209,5 млн даляраў.
Страхаваньне БелАЭС будуць забясьпечваць празь некалькі кампаніяў: «Белдзяржстрах», «Белэксімгарант» і Беларускую нацыянальную перастраховачную арганізацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Што гэта значыцьНа момант публікацыі не паведамлялася пра аварыі на БелАЭС, зьвязаныя з радыеактыўнымі матэрыяламі. Але падчас будоўлі здараліся іншыя інцыдэнты: былі нязначна пашкоджаныя два карпусы рэактараў (першы замянілі, другі не замянялі і зьбіраюцца выкарыстоўваць), у розных абставінах загінулі ня менш за 4 чалавекі. Здарэньні на будоўлі пэўны час замоўчваліся — пакуль пра іх не даведваліся з уласных крыніцаў незалежныя журналісты.
Ядзернае паліва для БелАЭС ужо вырабілі. Першы яе блёк дабудоўваюць. Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекту ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будоўлю станцыі адкрытая да 2035 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі заглухне рэактар. Лукашэнка падпісаў указ пра падвышэньне надзейнасьці энэргасыстэмы