Прэзыдэнт Армэніі 14 студзеня прызначыў прэм’ер-міністрам Нікола Пашыньяна. Той заняў гэтую пасаду яшчэ летась у траўні пасьля масавых пратэстаў, але падаў у адстаўку, каб у краіне прайшлі пазачарговыя выбары.
Аляксандар Лукашэнка не адразу павіншаваў Нікола Пашыньяна зь першым прызначэньнем, якое адбылося ў мінулым годзе (спазьніўся на 6 дзён), але зь цяперашнім павіншаваў дзень у дзень.
Паводле ягонай прэс-службы, Лукашэнка віншаваў Пашыньяна з «пасьпяховым завяршэньнем важнай палітычнай кампаніі па выбарах новага складу парлямэнту і прызначэньнем на пасаду прэмʼер-міністра».
«Упэўнены, што ўзаемадзеяньне Беларусі і Армэніі ў розных галінах будзе разьвівацца і спрыяць умацаваньню сяброўства паміж нашымі народамі», — гаворыцца ў віншаваньні, якое ўтрымлівае таксама пажаданьні здароўя, шчасьця і посьпехаў на дзяржаўнай пасадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Растуць цэны на кватэры, бо армяне вяртаюцца з-за мяжы». Што Пашыньян зрабіў з Армэніяй за паўгодаЯшчэ нядаўна — 17 сьнежня — Лукашэнка публічна абвінаваціў Пашыньяна ў баязьлівасьці:
«Я сказаў яму пры Пуціну: Нікол, давай паставім кропкі над „i“, — расказваў Лукашэнка расейскім журналістам. — Хто займае першае месца па гандлі зброяй з Азэрбайджанам? Хто? Адказ: Расея. А чаго ты язык засунуў? Скажы яму, пакрытыкуй Уладзіміра Ўладзіміравіча. А, баісься?»
Прэс-сакратар Пашыньяна адзначыў, што Лукашэнка з чарговай закрытай размовы агучыў толькі свае словы і змаўчаў пра тое, якімі былі адказы армянскага кіраўніка. Паводле яго, Пашыньян на ўсіх размовах з прэзыдэнтам Расеі, у тым ліку і падчас згаданай Лукашэнкам сустрэчы, падымае праблему паставак расейскай зброі ў Азэрбайджан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты часам мяне мацай». 18 цытатаў Лукашэнкі 2018 годуРаней Лукашэнка пужаў чыноўнікаў і дэпутатаў армянскімі пратэстамі: маўляў, «па адным нас пераб’юць». Ён таксама не віншаваў Пашыньяна з Днём Перамогі. Тым часам Пашыньян казаў, што турбуецца збліжэньнем Беларусі і Азэрбайджану.