Партыя Нікола Пашыньяна атрымала 70% месцаў у армянскім парлямэнце. Усяго паўгода таму 42-гадовы палітык хадзіў пехатой паміж гарадамі Армэніі. Тады мала хто верыў, што ён зможа адсунуць ад улады Рэспубліканскую партыю, якая 25 гадоў панавала ў краіне. Пра тое, як зьмянілася Армэнія за 5 месяцаў улады Нікола Пашыньяна, расказваюць мясцовы палітоляг і маладая маці, якая ўдзельнічала ў вулічных пратэстах разам з малой дачкой.
Што сёлета адбылося ў Армэніі:
- 31 сакавіка дэпутат армянскага парлямэнту Нікол Пашыньян пачаў двухтыднёвы пешы марш з гораду Гюмры ў Ерэван. Ён пратэставаў супраць таго, каб прэзыдэнт Сэрж Саргсьян вылучаў сваю кандыдатуру на пост прэм’ер-міністра;
- 13 красавіка прыхільнікі Пашыньяна пачалі перакрываць вуліцы ў Ерэване;
- 23 красавіка прэмʼер-міністар Сэрж Саргсьян падаў у адстаўку;
- 8 траўня, пасьля агульнанацыянальнага страйку, Нікола Пашыньяна выбралі прэмʼер-міністрам Армэніі;
- 9 сьнежня на пазачарговых парлямэнцкіх выбарах партыя Пашыньяна «Мой крок» атрымала 70% галасоў. Былая партыя ўлады — Рэспубліканская — не змагла набраць і 5% галасоў, і ніводзін яе прадстаўнік ня трапіў у парлямэнт.
Людзі шчасьлівыя, бо ніхто з былой праўладнай партыі ня трапіў у парлямэнт
«Гэта, можа, гучыць і патасна, але армяне сталі гаспадарамі свайго лёсу і гаспадарамі сваёй краіны, — распавядае Свабодзе па тэлефоне зь Ерэвану Мікаэль Зальян, палітоляг і сябра партыі Нікола Пашыньяна „Мой крок“. — Гэта зусім новая для Армэніі рэч».
З прыходам Пашыньяна ў Армэніі пачаліся суды над прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі, якія раней заставаліся недатыкальным. Толькі за апошні месяц Генэральная пракуратура і Сьледчы камітэт Армэніі распачалі крымінальную справу супраць былога міністра аховы прыроды за хабар у 14 мільёнаў даляраў, канфіскавалі больш за 200 тысяч даляраў і дзьве кватэры свата Сэржа Саргсьяна.
«Раней у нас была асобная каста людзей, якія былі вышэйшыя за закон. У кожнай вёсцы, горадзе былі мясцовыя аўтарытэты, якія ўсё кантралявалі. Гэтага цяпер няма», — кажа Зальян.
Мар’ям Дылбанд’ян удзельнічала ў вясновых пратэстах. Разам са сваёй малой дачкой яна перакрывала дарогі на заклік Пашыньяна. Паводле яе, самае важнае, што адбылося на выбарах, гэта што ніхто з Рэспубліканскай партыі ня трапіў у парлямэнт.
«Яны крымінальнікі, і ім патрэбна была дэпутацкая недатыкальнасьць. Таму мы вельмі шчасьлівыя, што нішто іх ужо ня выратуе ад судоў», — сказала Мар’ям.
Карупцыі паменшала, людзі пачалі давяраць паліцыі
Мар’ям кажа, што ў краіне ўжо адчуваецца зьмена ўлады. Найперш гэта тычыцца стаўленьня да паліцыі. Яшчэ 10 траўня быў прызначаны новы кіраўнік паліцыі.
«Звычайныя паліцэйскія не былі карумпаваныя, яны выконвалі загады кіраўніцтва, — кажа Мар’ям. — Нечакана яны ўмомант сталі адказнымі і пачалі выконваць сваю працу. Цяпер ня можа такога быць, што на званок у паліцыю ніхто не прыедзе».
Яна таксама расказвае, што дактары ў дзяржаўных шпіталях перасталі патрабаваць грошы, як гэта было раней.
«Бо галоўным лекарам звычайна ставілі кагосьці са сваякоў рэспубліканцаў, і яны маглі рабіць што заўгодна. Цяпер гэтага ўжо няма».
Эканоміка не абрынулася, заробкі бюджэтнікаў вырасьлі
Эканамісты і палітолягі папярэджвалі, што за армянскай рэвалюцыяй прыйдзе абвал эканомікі. Але тут нічога такога ня здарылася.
«Калі паглядзіце на курс армянскай валюты, вы ня зможаце вызначыць паводле графікаў, калі была рэвалюцыя», — кажа Мікаэль Зальян.
Паводле яго, эканоміка Армэніі ўвесь час пасьля зьмены ўлады заставалася стабільнай. А ў дзяржаўных установах крыху падвысілі заробкі. Гаворка ідзе найперш пра мэдыкаў і выкладчыкаў.
«Гэта адбылося за кошт таго, што раскрыліся карупцыйныя схемы. Аказалася, грошай больш, чым казалі папярэднія чыноўнікі», — тлумачыць Зальян.
Нерухомасьць у Ерэване падаражэла, бо дыяспара скупляе кватэры
Мікаэль Зальян кажа, што ў Армэніі зьніклі эміграцыйныя настроі, якія панавалі дагэтуль.
«Калі б вы прыехалі ў Армэнію год назад і пагаварылі зь дзясяткам чалавек, напэўна, 7 з 10 хацелі б зьехаць», — кажа Зальян.
Цяпер, па яго словах, адваротная тэндэнцыя. Людзі ня толькі перадумваюць зьяжджаць, але і вяртаюцца тыя, хто эміграваў з Армэніі раней.
«Зьмянілася псыхалягічная атмасфэра ў краіне», — тлумачыць Мікаэль Зальян.
Доказам ягоных словаў — попыт на нерухомасьць. Ён расьце ўвесь 2018 год. Як тлумачаць армянскія эканамісты, у прадаўцоў вялікія іміграцыйныя чаканьні. Яны ўпэўненыя, што армяне замежжа будуць вяртацца і кватэры неўзабаве стануць даражэйшымі. А таму менш жыльля выстаўляецца на продаж. Але рэпатрыянты сярод пакупнікоў ужо ёсьць. У кожным разе цэны на жыльлё ў Ерэване вырасьлі ўжо на 20%.
«Армяне мараць жыць на радзіме, і таму людзі ўжо пачынаюць вяртацца, — кажа Мар’ям. — Каб вярнуцца, трэба мець дзе жыць. І армяне замежжа ўжо сёньня набываюць кватэры ў Армэніі, бо думаюць, што праз 10 гадоў вернуцца ў разьвітую краіну».
Новая праблема: у парлямэнце няма апазыцыі
Партыя Пашыньяна атрымала 70,43% галасоў. На другім месцы — «Квітучая Армэнія» з 8,27%, і яе лідэр Гагік Царук’ян ужо заявіў, што стане хаўрусьнікам Пашыньяна. Гэта значыць, што 79% парлямэнту прадстаўляе адна палітычная сіла.
«Нам цяпер бракуе добрай апазыцыі ў парлямэнце, — кажа Мар’ям. — Улада і грошы могуць зьмяніць людзей, і нам патрэбен балянс для Пашыньяна. Разумная і некарумпаваная апазыцыя».
Аднак Мікаэль Зальян зьвяртае ўвагу на тое, што можна быць апазыцыяй і бязь месца ў парлямэнце. Так, напрыклад, сам Пашыньян дамогся зьменаў у краіне, хоць і ягоная фракцыя «Елк» была найменш прадстаўленая ў парлямэнце.
«Малаімаверна, што Пашыньян стане аўтарытарным лідэрам, — кажа Зальян. — Я не кажу, што да ўлады прыйшлі ідэальныя людзі, але сярод усіх палітыкаў Армэніі яны самыя дэмакратычныя і маюць самую прагрэсіўную сыстэму каштоўнасьцяў».
Што далей? Нават калі ў Пашыньяна будзе няўдалая палітыка, яго будуць лічыць найвялікшым палітыкам
«Мая мама чакала, што мы ўмомант станем багатымі і жыцьцё палепшыцца, — кажа Мар’ям. — Але я разумею, што павінна прайсьці прынамсі пару гадоў, каб мы адчулі зьмены».
Армэнія сёньня застаецца самай беднай на Каўказе краінай, і многія жывуць за кошт сваякоў, якія працуюць за мяжой. І многія ад Пашыньяна чакаюць найперш паляпшэньня свайго дабрабыту.
«Чаканьні людзей нашмат большыя за тыя зьмены, што адбыліся», — кажа Мікаэль Зальян.
Але пра вяртаньне да Рэспубліканскай партыі ў Армэніі ніхто ня думае. Зальян кажа, што сёлетняя зьмена ўлады — гістарычны для краіны момант.
«Разумееце, нават калі ў Пашыньяна будзе ня вельмі ўдалая ўнутраная палітыка, вялікая частка армян будзе лічыць яго найвялікшым палітыкам усіх часоў, бо ён зрабіў тое, што ў нас лічылася немагчымым».