Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў размове з украінскім палітычным дзеячам Віктарам Медзьведчуком 14 студзеня назваў канфлікт ва Ўкраіне «непаразуменьнем» і заклікаў да як мага хутчэйшага яго ўрэгуляваньня, паведамляе БЕЛТА.
«Гэтае непаразуменьне (інакш не назавеш) трэба заканчваць. Брацкія рэспублікі, народы… Робім нашым ворагам і супернікам падарунак сваімі рукамі», — цытуе кіраўніка Беларусі афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва.
Лукашэнка, як паведамляецца, адзначыў у згаданай размове, што яго «старажытныя карані ідуць кудысьці туды, паміж Чарнігавам і Кіевам». І дадаў:
«У пачатку гэтага канфлікту, паводле нашых дадзеных, а мы дакладна вялі ўлік, да 150 тысяч чалавек хлынуў паток з Украіны. І мы надалі ім роўныя ўмовы і правы з нашымі беларусамі. Хоць тады было няпроста. Але, дзякуй Богу, усё абышлося. Нехта назад вярнуўся, нехта езьдзіць туды-сюды, а нехта асталяваўся, жыве і працуе тут як нашы блізкія, родныя людзі».
Віктар Медзьвядчук быў намесьнікам старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў 1998—2001 гг., кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі (пры прэзыдэнцтве Леаніда Кучмы) у 2001—2005 гг. Доўгі час кіраваў Сацыял-дэмакратычнай партыяй Украіны (аб’яднанай) (1998–2007), цяпер зьяўляецца лідэрам грамадзкага руху «Ўкраінскі выбар».