Колішні пасол Польшчы ў Менску Лешэк Шэрэпка пракамэнтаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку беларуска-расейскія спрэчкі, выкліканыя падатковым манэўрам і прапановай Дзьмітрыя Мядзьведзева наконт больш шчыльнай інтэграцыі Менска і Масквы або пераходу паміж дзяржавамі на рынкавыя ўмовы.
«У СМІ цяпер усё больш спэкуляцыяў наконт будучыні Беларусі. Журналісты шукаюць адказ на пытаньне, ці Пуцін зьесьць яе на першае, ці на другое, — піша дыплямат. — Некаторыя пачынаюць глядзець на прэзыдэнта Лукашэнку як на адзінага гаранта беларускай незалежнасьці. Напэўна, і таварыш Лукашэнка любіць цяпер надзяваць такую маску, але гэта памылковае ўяўленьне. Аляксандар Лукашэнка зьбірае цяпер плён уласнай доўгатэрміновай палітыкі. І калі нехта і заслужыў званьне магільшчыка беларускай незалежнасьці і сувэрэнітэту, то гэта менавіта ён. Пуцін можа цяпер толькі выкарыстаць нагоду, якую стварыў беларускі дыктатар».
Празь некалькі дзён Лешэк Шэрэпка працягнуў свае разважаньні адказам на пытаньне, што ў такой сытуацыі рабіць.
«Дастаткова ўзяць прыклад з армянскага народу (іншая справа, ці здольныя на гэта беларусы?), які мірна нагадаў уладзе, хто ёсьць сувэрэнам у дзяржаве. Такое разьвіцьцё сытуацыі дапамагло б таксама Ўкраіне, а беларусам дазволіла б змагацца за справядлівыя ўмовы супрацы з Масквою. Нельга ні ў якім разе пакідаць гэтыя пытаньні Лукашэнку, да якога няма абсалютна ніякага даверу».
Увесну 2018-га сотні тысяч армян выйшлі на вуліцы, і Армэнія разьвіталася з 10-гадовым прэзыдэнцтвам Сэржа Саргсьяна. Пратэсты ўзначаліў Нікол Пашыньян. На выбарах у сьнежні летась ягоная партыя атрымала 70% месцаў у армянскім парлямэнце.
Лешэк Шэрэпка працаваў амбасадарам у Менску ў 2011–2015 гг. У крызісны час беларускія ўлады «папрасілі» яго пакінуць Беларусь. Шэрэпка вымушаны быў зьехаць з краіны разам з Майрай Морай — кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. Пасьля таго як сытуацыя паспакайнела, амбасадар вярнуўся ў Беларусь.