Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс у Эўразійскім эканамічным саюзе. Якія няроўныя ўмовы мае Беларусь


Паседжаньне кіраўнікоў урадаў краін ЭАЭС у Бішкеку, архіўнае фота
Паседжаньне кіраўнікоў урадаў краін ЭАЭС у Бішкеку, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка кажа пра няроўныя ўмовы для прадпрыемстваў у ЭАЭС. Свабода прыгадала, якія ўмовы Беларусь магла б палепшыць у аднабаковым парадку.

Аляксандар Лукашэнка ня раз выказваўся пра агульныя ўмовы ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, якія беларускія прадпрыемствы павінны мець на роўных з прадпрыемствамі Расеі, Казахстану, Армэніі, Кіргізстану. Гэта:

  • Адзіныя цэны на энэрганосьбіты (нафта і газ).
  • Свабоднае перамяшчэньне тавараў на агульным рынку.
  • Роўныя ўмовы гаспадараньня.
  • Адсутнасьць перашкодаў для руху працоўнай сілы, капіталу і тавараў.

Але паміж умовамі бізнэсу ў краінах ЭАЭС ёсьць і іншыя адрозьненьні, якія магла б зьнівэляваць сама беларуская дзяржава. Свабода прыгадала, якія.

Падаткі і ўнёскі ў пэнсійны фонд

У дзьвюх краінах-удзельніцах ЭАЭС фіксаваны падаходны падатак ніжэйшы, чым у Беларусі. У Кіргізстане і Казахстане ён складае 10% для рэзыдэнтаў краіны. У Беларусі — ад 13% да 16%, у Расеі — 13%, у Армэніі падаходны падатак складае ад 23% і павялічваецца ў залежнасьці ад даходаў.

У краінах ЭАЭС розныя ўнёскі ў пэнсійны фонд. Беларускія прадпрыемствы плацяць у ФСАН 34% ад фонду аплаты працы, расейскія — 22% (дзейнічае сыстэма: чым больш плацяць, тым меншы падатак), казаскія — 10%, кіргіскія — 27,2%, у Армэніі — 7,5%.

Крэдыты і датацыі — для дзяржаўных прадпрыемстваў

«Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва» рабіла дасьледаваньне, як адкрыць бізнэс у ЭАЭС. Аўтары прыйшлі да высновы, што падатковае заканадаўства краін — удзельніц ЭАЭС няроўнае і яго варта ўніфікаваць. Пра гэта ў размове са Свабодай сказаў старшыня Вышэйшай каардынацыйнай рады канфэдэрацыі Ўладзімер Карагін.

«На жаль, краіны ЭАЭС не прыйшлі да высновы аб стандартызацыі падатковага заканадаўства. У Беларусі найбольшая, як і ў Кіргізстане, няроўнасьць. У Казахстане існуе шэраг ільготаў і прывілеяў для малога бізнэсу. У Беларусі няма гарантыйнага фонду для малога бізнэсу. Трэба ствараць адзіную прамысловую палітыку. У краінах ёсьць падтрымка прадпрыемстваў. У нас розныя ўзроўні разьвіцьця прадпрымальніцтва», — кажа Ўладзімер Карагін.

Ён прыводзіць прыклад, што ў Беларусі 30% прыватнага бізнэсу, у Расеі — 80%, у Казахстане — 90%. Апроч таго, у Беларусі ёсьць розьніца ў стаўленьні да прыватнага і дзяржаўнага сэктару. Сьпісваньне даўгоў і дзяржаўныя датацыі — гэта бонус дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Трэба зрабіць Беларусь прывабнай для бізнэсу»

Каб мець лепшыя ўмовы ў межах ЭАЭС, Беларусі трэба палепшыць падатковае заканадаўства і стаць спрыяльнай для вядзеньня бізнэсу, лічыць кіраўнік Навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. На яго думку, сёньняшняе беларускае заканадаўства — адно з самых складаных у ЭАЭС.

«Нам трэба сыстэмна і функцыянальна паляпшаць умовы працы для бізнэсу. Тады сюды прыйдзе і расейскі, і эўрапейскі бізнэс. А пакуль мы капіюем тое, што робяць у Расеі. Ёсьць сыстэмныя рашэньні, якія змогуць зрабіць умовы канкурэнтаздольнымі», — кажа Раманчук.

Экспэрт зьвяртае ўвагу, што прадпрыемствы ў краінах — удзельніцах ЭАЭС працуюць па розных схемах. Напрыклад, схемы асабістых дамоўленасьцяў паміж уладамі і прадпрыемствамі дзейнічаюць у Расеі, у Беларусі такі варыянт немагчымы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG