Скандал з адмовай Расеі кампэнсаваць страты за падатковы манэўр моцна паўплываў на фармат і працэдуру прыняцьця бюджэту на наступны год.
Асноўныя тэзісы
- Сёлета бюджэт прымаецца з парушэньнем Бюджэтнага кодэксу па тэрмінах
- Палата прадстаўнікоў паставілася да зацьвярджэньня бюджэту фармальна
- Даходы бюджэту Беларусі моцна залежаць ад нафты. Давядзецца эканоміць
У іншых краінах дзяржаўны бюджэт на чарговы фінансавы год — ледзь не асноўны дакумэнт пасьля Канстытуцыі. І яго прыняцьце — галоўная падзея палітычнага жыцьця. У парлямэнце і вакол яго кіпяць бурлівыя жарсьці. Партыі, карпаратыўныя саюзы, лабісцкія групы спрабуюць адстаяць свае матэрыяльныя інтарэсы.
У Беларусі ўсё па-іншаму. Тут прыняцьце бюджэту — фармальная, тэхнічная працэдура, якая ажыцьцяўляецца насьпех, часта з парушэньнем рэглямэнту. Менавіта так адбылося і сёлета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая пра тэрміновае абмеркаваньне бюджэту-2019: Дэпутатам паведамілі за пару гадзін да пачаткуХачу нагадаць, што згодна зь Бюджэтным кодэксам закон аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год павінен прымацца не пазьней за 1 сьнежня папярэдняга году. Сёньня ўжо 18 сьнежня, а праект бюджэту толькі абмяркоўваецца ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытаньні. Такое зацягваньне выклікана няпэўнасьцю з кампэнсацыяй за падатковы манэўр. Беларускія ўлады чакалі, колькі грошай дасьць Расея. Але не дачакаліся. Відаць, Лукашэнка ня надта спадзяецца на плянаваную сустрэчу з Пуціным 25 сьнежня, таму бюджэт прымаецца без уліку расейскай кампэнсацыі.
Толькі 17 сьнежня Лукашэнка з кіраўніцтвам ураду ўзгадніў канчатковы варыянт дзяржаўнага бюджэту. І ў той жа дзень пасьля абеду адбылося нулявое чытаньне гэтага дакумэнту ў Палаце прадстаўнікоў. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што дэпутаты абмяркоўвалі гэтае пытаньне, ня маючы перад вачыма самога праекту бюджэту. Уявіце: ніякага дакумэнту на руках няма, чальцы Палаты прадстаўнікоў яго ў вочы ня бачылі, але нешта актыўна «абмяркоўвалі» і ўхвалялі. Гэта сьмешна, але ў Беларусі з гэтага даўно ніхто не сьмяецца. Вось у аўторак 18 сьнежня праект бюджэту нарэшце зьявіўся, але дэпутаты проста ня мелі часу хаця б прагледзець гэты шматстаронкавы дакумэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінфін распавёў, колькі Беларусь павінна заплаціць астатняму сьвету ў 2019 годзеКаб бюджэт выйшаў прафіцытны, улады каторы год прымяняюць такі ход. Яны плянуюць даходы, прагназуючы заніжаны кошт нафты. Наступным годам закладаецца лічба 60 даляраў за барэль. Але гэтым разам улады могуць і пралічыцца. Бо сёньня нафта каштуе 58 даляраў.
Усё гэта паказвае, як моцна беларускі бюджэт залежыць ад нафты. Таму такія жарсьці вакол падатковага манэўру. Ці шмат траціць Беларусь? Называюцца розныя лічбы, ажно да 10 млрд даляраў да 2024 году. Але яны моцна залежаць ад усясьветных цэнаў на нафту, якія цяжка паддаюцца прагнозу.
Нават страты наступным годам ацэньваюцца па-рознаму. Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч адзначыў, што ў 2019 годзе Беларусь страціць ад расейскага падатковага манэўру 600 млн рублёў. Гэта прыкладна 300 млн даляраў. А Лукашэнка падчас абмеркаваньня бюджэту 17 сьнежня заявіў, што наступным годам «мы можам страціць каля 400–500 млн даляраў». Амаль у 1,5 раза больш.
Якое выйсьце? Што трэба рабіць, каб кампэнсаваць выпадзеньне 10 млрд даляраў? Здавалася б, першае, што ляжыць на паверхні, — гэта мяняць эканамічную сыстэму, пераходзіць ад рэнтнай да інавацыйнай мадэлі эканомікі.
Аднак адзінае, што прапанаваў Лукашэнка падчас нарады 17 сьнежня, гэта заклік да эканоміі. То бок — давайце зацягваць паясы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У бюджэце-2019 прадугледжаны рост грошай на культуру, але яго «зьядуць» Эўрапейскія гульні
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.