Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто нікога не паглынае». 12 тэзаў з тлумачэньняў расейскага амбасадара Бабіча пра «ўльтыматум Мядзьведзева»


Аляксандар Лукашэнка і амбасадар Расеі Міхаіл Бабіч. Каляж
Аляксандар Лукашэнка і амбасадар Расеі Міхаіл Бабіч. Каляж

Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч даў вялікае інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС. Тэкст быў апублікаваны неўзабаве пасьля прапановаў з боку Расеі рэфармаваць так званую саюзную дзяржаву, успрынятых як «ультыматум Мядзьведзева», пасьля жорсткай адмовы Аляксандра Лукашэнкі ад такіх прапановаў і пасьля адмовы Расеі, у сваю чаргу, кампэнсаваць Беларусі страты ад падатковага манэўру.

Свабода каротка пераказвае вялікае інтэрвію Бабіча. Цытаты падаюцца ў двукосьсі.

  1. На пытаньне наўпрост, «што Расея прапануе свайму партнэру», Бабіч фактычна не адказаў.
  2. Бабіч хацеў бы «перазагрузіць» дамову аб Саюзнай дзяржаве 1999 году, напоўніць яе «новым сэнсам і сучасным зьместам». Калі мадэль так званай Саюзнай дзяржавы сябе вычарпала, можна пераключыцца на мадэль Эўразійскага эканамічнага саюзу. Па абедзьвюх дамовах Расея выконвае свае абавязаньні ў поўным аб’ёме, у тым ліку па пастаўках нафты і газу. Што Расея нібы не выконвае дамову па ЭАЭС, то «гульня словаў, вырваныя з кантэксту моманты».
  3. Адносна дамовы ёсьць «маніпуляцыі грамадзкай думкай»: насамрэч, кажа Бабіч, «ніхто нікога не паглынае, ніхто праз калена не ламае». «Эўразьвяз аб’яднаўся, і ніхто сувэрэнітэт ня страціў».
  4. «Усе інсынуацыі пакуль адкладзем і паглядзім, якія рашэньні будуць прынятыя прэзыдэнтамі» (Лукашэнка анансаваў, што сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным 25 сьнежня, на сустрэчы будзе абмяркоўвацца «пытаньне інтэграцыі». — РС).
  5. Аб’ём падтрымкі Беларусі Расеяй складае штогод 4–4,5 млрд даляраў, але Беларусь прэтэндуе яшчэ на 3–4 млрд даляраў, патрабуючы ніжэйшых цэнаў на газ і кампэнсацыі за падатковы манэўр. Гэта «даволі сумнеўна і эканамічна неабгрунтавана».
  6. Роўных умоваў гаспадараньня Беларусі і ўсіх рэгіёнаў Расеі ня будзе, бо «Расея — гэта ня толькі Смаленск, а і Ўрал, і Сыбір». Цаны на газ як у Смаленску ня будзе, бо ў Расеі «працуе складаная эканамічная мадэль перакрыжаванага субсыдыяваньня», дзякуючы якой газ для Смаленску каштуе 70 даляраў — але гэта не сабекошт газу. У Беларусі гэта ведаюць, «але чамусьці ня хочуць улічваць».
  7. Эканамічную мадэль з падатковым манэўрам нельга прымяняць да Беларусі, «знаходзячыся ў розных прававых канструкцыях — падатковых, мытных, тарыфных, акцызных». Датацыі на сыравіну сябе вычарпалі. Трэба паглядзець, што зрабіць, каб «эканамічныя магчымасьці Расеі маглі легітымна распаўсюджвацца на Беларусь».
  8. Гандлёвы балянс не на карысьць Расеі: калі адкінуць 10 млрд даляраў расейскага экспарту паліўна-энэргетычных рэсурсаў, то экспарт з Расеі ў Беларусь будзе ніжэйшы за імпарт у Расею зь Беларусі. Дыскрымінацыі па пастаўках харчоў няма, Беларусь дамінуе сярод імпартэраў у Расею малака, масла, сыроў. А ў Беларусі акцызы на тытунь у чатыры разы ніжэйшыя за расейскія, 70% беларускай тытунёвай прадукцыі ідзе ў Расею, а расейскі бюджэт «недаатрымлівае мільёны даляраў». Тыя ж пытаньні пра «ілжэтранзыт розных тавараў». Таму не атрымаецца разьвіваць «саюзную эканоміку» «без фармаваньня адзінай мытнай, падатковай, грашова-крэдытнай палітыкі».
  9. Беларускі бок хлусіць: на перамовах Пуціна і Лукашэнкі казалі (хто казаў, Бабіч не ўдакладніў. — РС) пра больш як 50 беларускіх прадпрыемстваў, якім быў закрыты доступ на расейскі рынак. Праверылі — толькі тром закрыты цалкам, васямнаццаці часткова.
  10. Супольныя прадпрыемствы накшталт МАЗ + КаМАЗ ужо ня надта патрэбныя, сытуацыя зьмянілася з 2013–14 гадоў, калі іх зьбіраліся ствараць. Расейскія прадпрыемствы, у якія хацелі інтэграваць беларускія, ужо знайшлі для сябе іншыя рашэньні.
  11. Падпісаньне пагадненьня аб прызнаньні візаў зацягваецца зь беларускага боку. Пуцін у свой час прапанаваў «не закрываць мяжу зь Беларусьсю», калі Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў.
  12. Адносна чарговай гадавіны перамогі ў Другой усясьветнай вайне будзе «асаблівая ўвага процідзеяньню фальсыфікацыі гісторыі», бо некаторыя цяпер хочуць «прынізіць ролю нашых народаў». Павучаюць, як жыць, нават немцы («з таго боку, адкуль гэтае зло прыйшло»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG