Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над ЗША навісла пагроза частковага закрыцьця ўраду


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Чвэрць урадавых установаў у ЗША 21 сьнежня могуць прыпыніць сваю працу, калі Белы дом і Кангрэс ня змогуць узгадніць новы бюджэт і дамовіцца па пытаньні, ці выдзяляць сродкі на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай у мэтах барацьбы зь нелегальнай іміграцыяй, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Тры чвэрці дзяржаўных установаў ЗША ўжо забясьпечаныя фінансаваньнем на бягучы фіскальны год, аднак неабходна прыняць яшчэ шэраг законапраектаў, у тым ліку аб фінансаваньні міністэрства ўнутранай бясьпекі і, магчыма, аб сродках на далейшае будаўніцтва памежнай сьцяны, якую абяцаў узьвесьці прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

І дэмакраты, і некаторыя рэспубліканцы рашуча пярэчаць супраць выдзяленьня 5 млрд даляраў на працяг будаўніцтва сьцяны, агульны кошт якой можа перавысіць 20 млрд даляраў, з-за чаго лёс праекту — пад пытаньнем. Трамп заявіў, што ён згодны дапусьціць прыпыненьне работы дзяржорганаў, калі ў бюджэце ня будуць прадугледжаныя сродкі на будаўніцтва сьцяны. Каб пазьбегнуць гэтага, можна дамовіцца аб нейкай часовай меры, якая дазволіла б усім фэдэральным ведамствам працягваць працу да пачатку наступнага году.

Сэнатар Шумер таксама даў зразумець, што дэмакраты могуць заблякаваць бюджэтны біль, калі Кангрэс ня прыме законапраект, які блякуе спробы зачыніць «расейскае расьсьледаваньне», якое вядзе спэцпракурор Робэрт Мюлер.

У вымушаны адпачынак могуць адправіцца 380 тысяч фэдэральных службоўцаў

Акрамя міністэрства ўнутранай бясьпекі, бяз поўнага фінансаваньня застаюцца Дзярждэпартамэнт, міністэрства юстыцыі і міністэрства ўнутраных спраў.

Калі працу ўраду давядзецца прыпыніць, у вымушаны адпачынак адправяцца 380 тысяч фэдэральных службоўцаў.

Каля 420 тысяч фэдэральных службоўцаў лічацца «крытычна важнымі» — яны, як чакаецца, працягнуць працу ў звычайным рэжыме: напрыклад, авіядыспэтчары, работнікі Упраўленьня транспартнай бясьпекі, агенты ФБР і Сакрэтнай службы, якой даручаная ахова прэзыдэнта. Аднак, пытаньне аб памеры заробкаў для ўсіх іх будзе вырашанае ўжо пасьля аднаўленьня працы ўраду.

У амбасадах ЗША ў іншых краінах ёсьць ключавыя супрацоўнікі, якія працягнуць выконваць свае абавязкі, таму, хутчэй за ўсё, амбасады збольшага працягнуць працу ў нармальным рэжыме. Верагодна, не адаб’ецца «шатдаўн» і на пашпартных службах, аднак амэрыканцы, якія чакаюць выдачы пашпартоў, могуць сутыкнуцца з затрымкамі з прычыны лягістычных цяжкасьцяў.

Паводле экспэртаў, ёсьць верагоднасьць, што падатковая служба (IRS) ня зможа апрацоўваць вяртаньне падаткаў. Могуць быць прыпыненыя інспэкцыі па тэхніцы бясьпекі. Большасьць супрацоўнікаў NASA, хутчэй за ўсё, будуць адпраўленыя ў вымушаны неаплачаны адпачынак, хоць звычайна Кангрэс пакрывае службоўцам страты пасьля аднаўленьня працы ўраду.

У пачатку 2018 году частковае закрыцьцё ўраду адбывалася двойчы — тэрмінам на тры дні і на шэсьць гадзін. Самы працяглы шатдаўн ў гісторыі ЗША адбыўся 16 сьнежня 1995 году і падоўжыўся 21 дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG