Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Юры Селівёрстаў расказаў 18 сьнежня ў Палаце прадстаўнікоў аб зьнешняй дзяржаўнай запазычанасьці Беларусі падчас абмеркаваньня дзяржаўнага бюджэту, піша БелаПАН.
У 2019 годзе (курс даляра ўзяты на дзень публікацыі):
- на аплату запазычанасьцей — 5,8 млрд рублёў (2,73 млрд даляраў);
- каля 2,8 млрд рублёў плянуюць выплаціць зь «недаўгавых» крыніцаў — з мытаў на імпарт нафтапрадуктаў і сырой нафты;
- на абслугоўваньне запазычанасьцей — каля 3 млрд рублёў (1,41 млрд даляраў), што на чвэрць больш за 2018 год;
- на аплату запазычанасьцей трэба яшчэ пазычыць 1,4 млрд даляраў;
- на падтрымку аб'ёму золатавалютных рэзэрваў трэба прыцягнуць яшчэ 517 млн даляраў;
- ад Расеі зноў чакаюць пазыкі 1 млрд даляраў на рэфінансаваньне ранейшых пазыкаў (на мінулым тыдні міністар фінансаў Беларусі казаў, што гэта пакуль ня трэба), плянуецца разьмясьціць аблігацыі на 370 млн даляраў.
Паводле Нацыянальнага банку, на 1 лістапада дзяржаўная запазычанасьць Беларусі складала агулам 45 млрд беларускіх рублёў, зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць была роўнай 16,769 млрд даляраў.