Сынод Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) сёньня на паседжаньні абмеркаваў сытуацыю, якая склалася ў сувязі з «дзеяньнямі Канстантынопальскага Патрыярха Варфаламея, і ціскам з боку ўкраінскай дзяржавы», каб прымусіць сьвятароў гэтай царквы да ўдзелу ў аб’яднаўчым саборы па стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.
«Сёньня мы назіраем, што дзяржава ў дачыненьнях з царквой скочваецца да нейкага таталітарызму, і гэта непакоіць сьвятароў і мільёны нашых вернікаў», — паведаміў журналістам кіраўнік сынадальнага інфармацыйнага аддзелу УПЦ МП архіяпіскап Клімэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ паведаміла аб выніках ператрусаў ва УПЦ (МП)Паводле яго, у Маскоўскім патрыярхаце лічаць аб’яднаўчы сабор, які мусіць адбыцца 15 сьнежня, «абсалютна нелегітымным»:
«Тыя, хто яго склікае, ня маюць права гэтага рабіць, апроч таго, як ужо заяўлена, у ім будуць браць удзел людзі, якія насамрэч для царкоўнай супольнасьці і ня толькі Ўкраіны, а і ва ўсім праваслаўным сьвеце, ня ёсьць сьвятарамі і архіепіскапамі. Яны ёсьць раскольнікамі. Менавіта таму сынод яшчэ 13 лістапада заявіў, што ўдзел у такім мерапрыемства абсалютна немагчымы».
Сёньня ж сталі вядомыя падрабязнасьці запрашэньня Канстантынопальскага патрыярха Варфаламея, накіраванага кіраўніку Маскоўскага патрыярхату мітрапаліту Ануфрыю для ўдзелу ў аб’яднаўчым саборы. У лісьце паведамлялася, што той таксама можа прэтэндаваць на кіраўніцтва памеснаю царквою Ўкраіны, але пасьля выбараў яе новага кіраўніка, Ануфрый страціць тытул Мітрапаліта Кіеўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усясьветны патрыярхат даў згоду на стварэньне ва Ўкраіне адзінай памеснай царквыНапярэдадні сынод Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага Патрыярхату на чале з патрыярхам Філарэтам ухваліў рашэньне аб правядзеньні напярэдадні аб’яднаўчага сабору, 13 сьнежня, свайго архіярэйскага сабору. Сьвятары Кіеўскага патрыярхату таксама прапанавалі адкрытую працэдуру галасаваньня за кіраўніка Адзінай памеснай царквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Масквы ў Канстантынопаль. Навошта Ўкраіне адзіная памесная царква і як яна паўплывае на Беларусь«На падставе рашэньня Сыноду эпіскапаў ад 13 лістапада 2018 года, эпіскапату, духавенству, манашаству і вернікам Украінскай праваслаўнай царквы ўдзельнічаць у так званым аб’яднаўчым саборы ня благаслаўляецца. Сьвяты сынод асабліва зьвяртае ўвагу, што ніхто зь ліку сьвятароў або вернікаў не ўпаўнаважваецца прадстаўляць Украінскую праваслаўную царкву на гэтым сходзе», — адзначаецца ў сёньняшнім рашэньні сыноду УПЦ МП.