Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў з чарговым візытам наведаў Менск. Адметнасьць гэтай падзеі ў тым, што яна адбываецца на тле супярэчнасьцяў Беларусі з Армэніяй, якія заўважна нарастаюць.
Да гэтага году Беларусі ўдавалася падтрымліваць балянс у адносінах з Азэрбайджанам і Армэніяй, сябраваць з абедзьвюма дзяржавамі, якія знаходзяцца ў вострым канфлікце між сабой. Аднак апошнім часам сытуацыя зьмянілася, афіцыйны Менск увязаўся ў сварку зь Ерэванам.
Бізнэс, і больш нічога
Найперш, ухіл беларускага кіраўніцтва ў бок Баку адбываецца з эканамічных прычын. Азэрбайджан — краіна багацейшая, чым Армэнія. Беларуска-азэрбайджанскі таваразварот у студзені-верасьні павялічыўся ў 3,3 раза ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году і дасягнуў 331,5 млн даляраў. А ўзаемны гандаль паміж Беларусьсю і Армэніяй за гэты час склаў усяго 35,1 млн даляраў. Гэта ў дзесяць разоў менш.
Чаму раптам за дзевяць месяцаў гандлёвы абарот Беларусі і Азэрбайджану так вырас? Адказ просты. Сёлета Беларусь паставіла туды дзьве партыі ракетных комплексаў «Палянэз». А як вядома, ракеты каштуюць дорага.
Зразумела, такая сытуацыя, калі саюзьнік па АДКБ пастаўляе ворагу сучасную зброю, выклікала моцнае абурэньне Армэніі.
Канфлікт каштоўнасьцяў
Другая прычына крызісу ў адносінах паміж Менскам і Ерэванам ляжыць у сфэры палітычнай, ці нават хутчэй мэнтальнай, каштоўнаснай, псыхалягічнай. Прычынай для разладу стала пытаньне аб генэральным сакратару АДКБ. Узьнікла сытуацыя, не прадугледжаная статутам гэтай арганізацыі. Пасьля адстаўкі шматгадовага генэральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы ў 2017 годзе было прынята рашэньне, што займаць гэтую пасаду будуць па чарзе прадстаўнікі ўсіх краін-сяброў саюзу, паводле алфавіту. Таму генэральным сакратаром АДКБ быў прызначаны грамадзянін Армэніі Юры Хачатураў.
Але пасьля таго, як у Армэніі ў выніку народнай рэвалюцыі да ўлады прыйшоў Нікол Пашыньян, там пачалі расьсьледаваць дзейнасьць былых уладаў краіны. За рэпрэсіі супраць апазыцыі была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненьні і да Юрыя Хачатурава, які займаў у той час пасаду намесьніка міністра абароны. У сувязі з гэтым Ерэван адклікаў гэтага дзеяча з пасады генэральнага сакратара АДКБ, прапаноўваючы замяніць яго іншым прадстаўніком Армэніі.
Генэральны сакратар гэтай арганізацыі — пасада тэхнічная. Ён не вызначае палітыку АДКБ, ён хутчэй выканаўца. У нейкай меры гэта пытаньне прэстыжу.
Аднак гэтае, здавалася б, фармальнае, тэхнічнае пытаньне ўперлася ў іншую праблему. Справа ў тым, што АДКБ — саюз дзяржаў з аўтарытарнымі рэжымамі. Да нядаўняга часу Армэнія цалкам упісвалася ў гэтую супольнасьць. Але пасьля вясновай «каляровай рэвалюцыі» там да ўлады прыйшла апазыцыя. Ужо сам па сабе гэты факт выклікае раздражненьне ў аўтарытарных лідэраў АДКБ. Рэвалюцыя, Майдан для дыктатараў, якія шмат гадоў узначальваюць свае дзяржавы, — сьвятатацтва, блюзьнерства, замах на іх уяўленьні пра сакральнасьць любой улады.
Дык мала таго, што новы лідэр Армэніі Нікол Пашыньян прыйшоў да ўлады з вуліцы, узьняты народным пратэстам. Ён стаў гуляць не па правілах. Заводзіць крымінальную справу супраць чыноўніка, які займае пасаду ў міжнароднай арганізацыі, — гэта само па сабе незвычайна. І за што? За расправу над апазыцыяй. Дык усе аўтарытарныя кіраўнікі дзяржаў-удзельніц АДКБ у сваіх краінах робяць тое ж самае.
І тут разгулялася салідарнасьць аўтарытарных рэжымаў. Бо АДКБ — гэта саюз ня толькі супраць зьнешняй пагрозы, але і для абароны кіроўных рэжымаў ад «каляровых рэвалюцый». Армэнію вырашылі прыкладна пакараць, няхай і дробязна. Маўляў, што з возу ўпала, тое прапала. Калі Ерэван адклікае свайго прадстаўніка з пасады генэральнага сакратара АДКБ, то ён губляе сваю квоту, пасада пераходзіць да наступнай па алфавіце краіны — да Беларусі. Аднак Армэнія рашуча запратэставала, і доўгая сварка на саміце ў Астане 8 лістапада скончылася безвынікова.
Абмен уколамі
Лукашэнка ня змог схаваць свайго раздражненьня. Яно выплюхнулася ў публічную прастору падчас ягонай сустрэчы з паслом Азэрбайджану Латыфам Гандзілавым 12 лістапада. Кіраўнік Беларусі заявіў:
«Пытаньне ў тым, што Нікол Пашыньян павінен проста ва ўрадзе разабрацца з сытуацыяй, таму што гэтая краіна сёньня ўзначальвае ЭАЭС, наш эканамічны саюз, і АДКБ — вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца ў такім пераходным пэрыядзе. І ці справіцца Армэнія?»
Лукашэнка ня мог не разумець правакацыйнасьці сваёй заявы, і, на мой погляд, зрабіў гэта сьвядома, каб укалоць армянскага лідэра. Па-першае, абмяркоўваць праблемы АДКБ з паслом дзяржавы, якая не ўваходзіць у гэты саюз, само па сабе некарэктна. Па-другое, усім вядома, што Армэнія і Азэрбайджан знаходзяцца ў вострым канфлікце. Па-трэцяе, прагучаў празрысты намёк на недзеяздольнасьць цяперашняга армянскага кіраўніцтва, бо прэзыдэнт Беларусі ўпэўнены, што рэвалюцыя, дэмакратыя, выбары — гэта хаос і «бакханалія».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія пасьля рэвалюцыі: Прэзыдэнт падаў у адстаўку, і людзі пачалі менш яго ненавідзецьНікол Пашыньян 16 лістапада ў гутарцы з журналістамі заявіў, што запатрабуе тлумачэньняў ад Аляксандра Лукашэнкі. На што прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз адказаў адкрытым тэкстам, у грэблівым тоне расстаўляючы ўсё на свае месцы:
«Напэўна, спадар Пашыньян пакуль не зразумеў, што правілы так званай вулічнай дэмакратыі непрымальныя ў вялікай палітыцы. Шкада. Спадзяёмся, што з часам гэта пройдзе. Мабыць, выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі ўявіў сябе міжнародным пракурорам, упаўнаважаным караць або мілаваць. Магчыма, гэта было прымальна ў выпадку з былым генэральным сакратаром АДКБ грамадзянінам Армэніі Юрыем Хачатуравым. Але ў міждзяржаўных адносінах існуюць цалкам выразныя нормы пратаколу і этыкету».
У перакладзе з дыпляматычнай мовы на звычайную гэта гучыць прыкладна так: хто ты такі, з вуліцы прыйшоў, а яшчэ адважваесься ўступаць у сварку з палітычнымі аксакаламі. Заадно паспагадалі апальнаму Юрыю Хачатураву, які, маўляў, нявінна пацярпеў ад гэтых апазыцыйных рэвалюцыянэраў. Не зьдзіўлюся, калі беларускі лідэр дасьць палітычны прытулак у сябе ў краіне і Юрыю Хачатураву, як гэта ён зрабіў адносна былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, зрынутага ў ходзе народнай рэвалюцыі.
На гэтым тле ў Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева няма канфлікту каштоўнасьцяў, яны ўзначальваюць аўтарытарныя рэжымы, ім камфортна адзін з адным. З Баку, адрозна ад Ерэвану, рэвалюцыяй ня пахне.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і Аліеў на сустрэчы ў Менску праігнаравалі прэтэнзіі Пашыньяна