Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Аліеў на сустрэчы ў Менску праігнаравалі прэтэнзіі Пашыньяна 


Ільхам Аліеў аглядае беларускія комплексы "Палянэз"
Ільхам Аліеў аглядае беларускія комплексы "Палянэз"

Візыт Ільхама Аліева ў Беларусь зьяўляецца новым крокам у выстройваньні стасункаў на пэрспэктыву, сказаў Аляксандар Лукашэнка падчас перамоваў з азэрбайджанскім калегам.

Пры гэтым ён адзначыў, што ня ўсе ўспрынялі перамовы ў Менску спакойна.

«Вельмі шмат было інфармацыі пра афіцыйны візыт, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Прычыны для гэтага розныя, часам і фэйкавыя. Хоць гэта таксама вынік: нават нэгатыўная інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасьці, яна таксама часам станоўчая. Непадробная цікавасьць да вашага візыту».

Магчыма, Лукашэнка меў на ўвазе рэакцыю ў Армэніі, якая ня мае афіцыйных дачыненьняў з Азэрбайджанам з прычыны канфлікту ў Нагорным Карабаху. Выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі Нікол Пашыньян днямі заявіў, што будзе патрабаваць тлумачэньняў ад кіраўніцтва Беларусі.

Сутнасьць прэтэнзій Ерэвану тычыцца вайсковай галіны: на якой падставе Беларусь як краіна, якая знаходзіцца ў адным вайскова-палітычным блоку з Армэніяй — АДКБ — сёлета прадала Азэрбайджану рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Палянэз» пры тым, што Азэрбайджан у Дамову калектыўнай бясьпецкі не ўваходзіць.

У МЗС Беларусі заяву Пашыньяна ўжо назвалі «вулічнай дэмакратыяй». Як зазначыў прадстаўнік МЗС Анатоль Глаз, у вялікай палітыцы трэба кіравацца ня правіламі «вулічнай дэмакратыі», а «прынятымі нормамі этыкету».

Сёньня Лукашэнка і Аліеў пацьвердзілі, што не зьбіраюцца зьвяртаць увагу на нічым неабгрунтаваную крытыку.

«У нас добрыя стасункі ва ўсіх сфэрах — і гандлёва-эканамічнай, і палітычнай, і ў вайсковай галіне, — заявіў Лукашэнка. — Але ёсьць да чаго імкнуцца і ёсьць што дадаваць да гэтых адносінаў».

Аліеў таксама выказаў задавальненьне, што па ўсіх кірунках беларуска-азэрбайджанскага супрацоўніцтва ёсьць канкрэтныя вынікі.

«Вельмі актыўна разьвіваецца прамысловая каапэрацыя, таксама мае добрую гісторыю супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай, культурнай і адукацыйных сфэрах. Гэта значыць, па ўсіх напрамках мы бачым пазытыў, добры настрой, канкрэтныя лічбы».

Ільхам Аліеў запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць найбліжэйшым часам з афіцыйным візытам Азэрбайджан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG