Што ўтрымлівае пры ўладзе аўтарытарных лідэраў? Ільхам Аліеў адсьвяткаваў 15-годзьдзе на пасадзе прэзыдэнта. Перад ім дзесяць гадоў прэзыдэнтам Азэрбайджану быў ягоны бацька Гейдар Аліеў. Аляксандар Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта Беларусі — 24 гады. Але галоўны прэзыдэнт-доўгажыхар сярод былых саюзных рэспублік — Нурсултан Назарбаеў, які кіруе Казахстанам 28 гадоў.
У якой з гэтых краінаў можа адбыцца зьмена ўлады, мы запыталіся ў расейскага палітоляга Кірыла Рогава.
— Найменш верагоднае такое разьвіцьцё падзеяў у Азэрбайджане, бо тут дастаткова традыцыйнае грамадзтва, нафта і вельмі даўно існуючая патранажная структура, практычна такая спадчынная манархія. Спалучэньне нафты і традыцыйнага грамадзтва дае вельмі магутны эфэкт.
У Казахстане насамрэч прысутнічаюць абодва гэтых элемэнта — і традыцыйнае грамадзтва, і нафта. Але там ёсьць такі мадэрнізацыйны пасыл элітаў, які можа прывесьці да цікавага разьвіцьця падзеяў, хоць і наўрад ці гэта будзе дэмакратызацыя ў эўрапейскім сэнсе і ў сэнсе нейкіх там рэвалюцыяў, чагосьці такога чакаць ня варта.
Для Беларусі прынцыповым зьяўляецца яе зьнешняя арыентацыя. Калі яна арыентуецца на аўтарытарную Расею і знаходзіцца цалкам пад магутным кантролем Расеі, то, натуральна, тут будзе дрэнна з дэмакратызацыяй. У той жа час калі ў самой Расеі адбываюцца нейкія зьмены або Беларусь становіцца больш дывэрсіфікаванай у сваіх зьнешніх узаемадзеяньнях, то тут таксама магчымыя зьмены.
— Як Масква і Крэмль рэагуюць на паварот былых савецкіх рэспублік у бок дэмакратыі?
— Дрэнна рэагуе. Гэта з пункту гледжаньня сёньняшняга Крамля непрымальнае і ў цэлым непрыемнае і адкрывае пэрспэктывы ўзаемадзеяньня гэтых краінаў з Захадам, што расцэньваецца ў Маскве як геапалітычная пагроза.