Згадваецца «беспрэцэдэнтная хваля штрафаў» і «справа БелТА».
Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала статыстычныя зьвесткі пра рэкордную колькасьці штрафаў журналістам у Беларусі — ня менш як 99 прысудаў з пачатку году.
91 зь іх — супрацоўнікам «Белсату» за тое, што працуюць, ня маючы акрэдытацыі, якой Міністэрства замежных спраў не дае тэлеканалу. Гэта ўжо больш, чым за цэлы мінулы год — тады было толькі 70 штрафаў.
Кіраўнік усходнеэўрапейскага і цэнтральнаазіяцкага аддзяленьня «Рэпартэраў бязь межаў» Ёган Бір заявіў, што «беспрэцэдэнтная хваля штрафаў» зьвязаная з жаданьнем «заткнуць незалежных журналістаў»
«Гэта частка татальнай кампаніі перасьледу апошніх крытычных галасоў у мэдыя краіны, — піша Бір. — Замежныя партнэры Беларусі павінны ў тэрміновым парадку націснуць на ўлады, каб яны спынілі гэта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас дабіваць — што неба фарбаваць». Журналіста Жукоўскага пяць разоў за тыдзень выклікалі ў міліцыюУ публікацыі згадваюцца «рэкардсмэны» па штрафах: Кастусь Жукоўскі, які мае ўжо 12 штрафаў больш як на 4700 эўра, і Вольга Чайчыц, якая мае ўжо 10 штрафаў (у публікацыі «Рэпартэраў бязь межаў» названыя толькі 9). І Жукоўскі, і Чайчыц працуюць на «Белсат».
Таксама ў артыкуле даюцца спасылкі на ранейшыя публікацыі — пра «справу БелТА», папраўкі ў закон «Аб СМІ». Згадваецца і нядаўняя пастанова аб парадку экспэртызы прадукцыі замежных СМІ на распаўсюд забароненай інфармацыі, прапаганду наркотыкаў, вайны ці экстрэмізму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белсат» адмовіліся ўключыць у кабэльную сетку, бо на БТ «ёсьць шырокі сьпіс беларускамоўных перадачаў»