Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра інфармацыі: Пасярэдніцтва БАЖ нам не патрэбнае


Намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі, архіўнае фота
Намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі, архіўнае фота

Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала ад Міністэрства інфармацыі адказ на запыт аб парадку акрэдытацыі СМІ пры міністэрстве. Але БАЖ сьцьвярджае, што ліст ня ўтрымлівае адказу на пытаньне, а толькі дзёрзкую і абуральную заяву.

«У пасярэдніцтве розных грамадзкіх арганізацыяў, якімі б паважанымі яны ні былі, пры выбудоўваньні ўзаемадзеяньня Міністэрства інфармацыі з прадстаўнікамі як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ ні той, ні іншы бок ня маюць патрэбы, пра што могуць паведаміць вам у тым ліку і самі сябры ГА „БАЖ“, — напісаў намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі. — Жадаем посьпехаў на ніве грамадзкай дзейнасьці, калі такія прынясуць карысьць краіне».

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец

Старшыня БАЖ расказаў на сайце арганізацыі, што будзе абскарджваць такі адказ. Андрэй Бастунец адзначыў, што журналісты далучаюцца да арганізацыі якраз дзеля таго, каб тая прадстаўляла і лябіявала свае інтарэсы. Ён таксама згадаў, што ў дзяржаўным пляне па правах чалавека гаворыцца пра неабходнасьць пашырэньня ўдзелу грамадзкасьці ў кіраваньні дзяржавай, а Мінінфарм — адзін з адказных за рэалізацыю пляну.

Якраз у «профільнае» міністэрства найцяжэй акрэдытавацца супрацоўнікам СМІ. Паводле леташняга апытаньня журналістаў, якое ладзіла БАЖ, Мінінфарм нават больш закрыты за Мінабароны і КДБ — па закрытасьці ад журналістаў яго абганяе толькі Апэратыўна-аналітычны цэнтар.

У БАЖ цяпер больш за 1200 журналістаў. Недзяржаўная арганізацыя заснаваная ў 1995 годзе, у 1997-м стала асацыяваным сябрам Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў, у 2003-м узнагароджаная прэміяй Сахарава «За свабоду думкі», у 2006-м зарэгістраваная дзяржавай, у 2011-м узнагароджаная прэміяй Свабоды Атлянтычнай рады.

Паралельна з БАЖ існуе Беларускі саюз журналістаў, створаны ў БССР у 1958 годзе, які называе сябе незалежным ад палітычных партыяў. Але ў кіраўніцтва БСЖ уваходзяць прадстаўнікі толькі дзяржаўных СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG