Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белсат» адмовіліся ўключыць у кабэльную сетку, бо на БТ «ёсьць шырокі сьпіс беларускамоўных перадачаў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На зварот на сайце Petitions.by аб уключэньні тэлеканалу «Белсат» у тэлевізійныя кабэльныя сеткі Беларусі прыйшоў адказ намесьніка генэральнага дырэктара тэлеканалу «Беларусь-1» Сяргея Шышко.

У пэтыцыі, што набрала 659 подпісаў, гаварылася: беларускамоўны «Белсат» неабходна ўключыць у кабэльныя сеткі праз адсутнасьць беларускамоўнай тэлевізіі і малую колькасьць перадачаў і фільмаў па-беларуску. На гэта Сяргей Шышко адказаў, што «ў сетцы вяшчаньня прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадачаў і рубрык».

На «культурным» тэлеканале «Беларусь-3», паводле Шышко, беларускамоўныя перадачы займаюць 32% штодзённага вяшчаньня — па-беларуску робяцца 75% уласных перадачаў каналу, у тым ліку навіны культуры, «Калыханка», музычныя і тэатральныя перадачы, віктарына «Размаўляем па-беларуску».

Сярод беларускамоўных былі таксама пералічаныя асобныя перадачы на «Беларусь-1»: 10- і 15-хвілінныя «Навіны рэгіёна», асобныя рубрыкі перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», штодзённая віктарына «Мая Беларусь» на 2–5 хвілін, асобныя штотыднёвыя, штомесячныя і штоквартальныя перадачы па-беларуску.

Таксама ў адказе Шышко пералічаныя расейскамоўныя забаўляльныя і дыскусійныя перадачы, але як гэта тычыцца пытаньня пра «Белсат», не ўдакладняецца.

«Белсат» жа вырабляе амаль усе перадачы па-беларуску, перакладае замежныя фільмы на беларускую мову, здымае ўласныя дакумэнтальныя фільмы на беларускай мове і выдае беларускамоўныя перадачы кшталту «Кожны з нас» і «Дэбаты», «Размова дня» і «Гарачы камэнтар», «Асабісты капітал» і «Маю права», «Belsat Music Live» і «Відзьмо-невідзьмо», «Вяскоўцы» і «Загадкі беларускай гісторыі» і іншыя. Беларускіх карэспандэнтаў «Белсату» пастаянна караюць штрафамі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

Тым часам стварыць беларускамоўны тэлеканал задумалі самі кабэльныя апэратары — з такой прапановай яны зьвярнуліся да дэпутаткі Алены Анісім, яна перадала прапанову міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу. Анісім кажа, што Карлюкевіч назваў прапановы цікавымі.

Беларускамоўныя перадачы Радыё Свабода — аўдыё і відэа >>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG