Госьць «Інтэрвію тыдня» — доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч. Ён ацэньвае вынікі Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў Менску, тлумачыць, чаму ідэя «Хэльсынкі-2» у Менску пакуль не ўспрымаецца ў сьвеце вельмі сур’ёзна, і ня бачыць падставаў для істотнага паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх стасункаў.
Прапанова Лукашэнкі пра «Хэльсынкі-2» не ўспрымаецца ў сьвеце вельмі сур’ёзна
— Ці можна лічыць Мюнхэнскую канфэрэнцыю ў сталіцы Беларусі сур’ёзным посьпехам афіцыйнага Менску, беларускай дыпляматыі? Наколькі ўвогуле гэта маштабная падзея, ці зьяўляецца яна нейкім істотным зрухам у стаўленьні сьвету да афіцыйнага Менску?
— Саму канфэрэнцыю я б не лічыў вялікім посьпехам, тым больш дасягненьнем. Бо рэальныя дасягненьні — гэта нешта, што мае доўгатэрміновае значэньне. Скажам, выхад са зьнешнепалітычнай ізаляцыі, якія адбыўся пасьля 2014 году, паляпшэньне стасункаў з Эўразьвязам і ЗША — можна лічыць дасягненьнем.
Правядзеньне такой канфэрэнцыі я б разглядаў проста як частку працэсу. Ня варта перабольшваць. Гэта разавая падзея, цяжка сказаць, ці будзе яна мець пэўныя доўгатэрміновыя наступствы для Беларусі.
— Падчас канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі зноў вылучыў прапанову запусьціць у Менску працэс «Хэльсынкі-2». Ці ставяцца ў сьвеце сур’ёзна да гэтай прапановы?
— У прынцыпе, сама гэтая ідэя не ўспрымаецца вельмі сур’ёзна. Ня склаліся пакуль умовы для яе рэалізацыі. Але тое, што Менск паказвае наяўнасьць нейкай канцэпцыі (няхай на дадзены момант дастаткова ўтапічнай) — гэта падвышае значнасьць Беларусі, паказвае, што ў яе ёсьць нейкая візія, як трэба разьвіваць сытуацыю ў Эўропе. Гэта само па сабе някепска, дадае новыя магчымасьці і не патрабуе значных укладаньняў. Акрамя гэтага, заўсёды можа адбыцца ў нашым рэгіёне нешта такое, што цалкам мяняе ўсю сытуацыю. І тады Беларусь зможа быць значным удзельнікам такога працэсу. Але пакуль няма істотных прычынаў лічыць, што гэтая канцэпцыя можа мець практычную рэалізацыю.
Нейкіх падставаў для істотнага паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх стасункаў я ня бачу
— Адной з самых прыкметных сустрэчаў у рамках канфэрэнцыі была сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з памочнікам дзяржсакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Ўэсам Мітчэлам. Лукашэнка нават заявіў, што спадзяецца, што гэтая сустрэча стане гістарычнай. 19 кастрычніка той самы Мітчэл назваў Украіну, Грузію і нават Беларусь «надзейным бастыёнам супраць расейскага нэаімпэрыялізму». Ці можна чакаць нейкіх зьменаў у беларуска-амэрыканскіх адносінах, ці ёсьць для гэтага фактычныя падставы?
— Нейкіх падставаў для істотнага паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх стасункаў я ня бачу. Як бы яно магло выглядаць? Беларусь пачне прадаваць зброю ЗША, удзельнічаць у вучэньнях НАТО?..
— Для пачатку хаця б вярнуць нармальную поўнамаштабную працу амэрыканскай амбасады ў Менску.
— Так, але гэта вельмі лякальная праблема. Я б не лічыў гэта нейкім прарывам, якаснай зьменай, паляпшэньнем. Ёсьць краіны, зь якімі ў ЗША значна горшыя стасункі, чым зь Беларусьсю — але там амбасады працуюць. Гэта дастатковая тэхнічная рэч, калі мы кажам пра стасункі паміж двума бакамі.
Ці можна казаць, што ЗША маглі б стаць крыніцай фінансавай дапамогі Беларусі? Гэта таксама ня вельмі рэалістычна, бо трэнды ў Вашынгтоне цяпер зусім іншыя, у замежнай палітыцы ЗША ўвогуле. Таму я думаю, што той узровень паляпшэньня, які быў дасягнуты за апошні год, захаваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка дагадзіць і Пуціну, і Ўкраіне», — кіеўскі экспэрт аб прапановах Лукашэнкі па Данбасе— Як можа паўплываць на беларуска-амэрыканскія дачыненьні магчымасьць разьмяшчэньня ў Польшчы амэрыканскай вайсковай базы?
— Я мяркую, што істотных зменаў у беларуска-амэрыканскія стасункі гэта не прынясе. Гэта пераважна праблема Расеі. Усе ведаюць, што гэтая база будуецца як гарантыя бясьпекі ад Расеі, і гэта не зьвязана непасрэдна зь Беларусьсю. Канечне, афіцыйна Менск будзе дэманстраваць сваю нязгоду з гэтым рашэньнем. Бо трэба дэманстраваць сваю прыхільнасьць саюзьніцкім стасункам з Расеяй. Але, думаю, сутнасьці гэта закранаць ня будзе, узровень стасункаў з ЗША ня будзе паніжаны.
Ціск Расеі будзе. Калі Масква захоча сапраўды рабіць нейкія захады супраць гэтай базы і патрабаваць нейкіх дзеяньняў ад Беларусі, то пад гэтым ціскам Менск можа пайсьці на пагаршэньне стасункаў з ЗША. Але будзе да апошняга імкнуцца пазьбегнуць гэтага пагаршэньня.
Мюнхэнская канфэрэнцыя ўпісваецца ў агульны трэнд як элемэнт стратэгіі балянсаваньня, спроба знайсьці нейкую супрацьвагу Расеі
— Апошнім часам некаторыя палітолягі пачалі казаць. што Менск страчвае свой стратэгічны сувэрэнітэт, што ціск Масквы павялічваецца, што расейская вайсковая база так ці іначай будзе разьмешчаная. Ці можна лічыць Мюнхэнскую канфэрэнцыю спробай Менску выправіць гэты «геапалітычны крэн», зрабіць крок на Захад пасьля некалькіх крокаў у бок Масквы?
— Сама па сабе канфэрэнцыя рыхтавалася даволі даўно, зь мінулага году, таму яе лепш разглядаць як ланцуг падзеяў. Летась была Парлямэнцкая асамблея АБСЭ ў Менску, і Менск становіцца пляцоўкай для такога кшталту імпрэзаў.
Як элемэнт стратэгіі балянсаваньня, спробы знайсьці нейкую супрацьвагу Расеі — Мюнхэнская канфэрэнцыя ўпісваецца ў агульны трэнд. Але само яе правядзеньне не зьвязана з актуальнымі праблемамі ў беларуска-расейскіх стасунках, павелічэньнем ціску Масквы на афіцыйны Менск.
— Ці можа Мюнхэнская канфэрэнцыя ў сталіцы Беларусі выклікаць нездавальненьне Масквы? Напрыклад, у Менск прыяжджаў прэзыдэнт Косава, тэрыторыі, якую Расея і Беларусь не прызнаюць незалежнай краінай. Той жа прадстаўнік Дзярждэпу называе Менск бастыёнам супраць Расеі і сустракаецца з Лукашэнкам. Як на гэта можа адрэагаваць Крэмль, ці ў яго няма падстаў хвалявацца?
—Я думаю, што тэма гэтай канфэрэнцыі ў беларуска-расейскіх стасунках ужо адыграна. Калі і была нэгатыўная рэакцыя, зьвязаная з прысутнасьцю асобных гасьцей, — то пра гэта было вядома вельмі даўно. Гэта ўжо так ці інакш было ўключана ў «дыялёг» паміж Масквой і Менскам.
Урэшце, гэта толькі канфэрэнцыя. Гэта не афіцыйныя перамовы, і тут нармальна, што прысутнічае вялікая колькасьць людзей з рознымі поглядамі і статусамі. Я ня думаю, што трэба чакаць нейкай нэгатыўнай рэакцыі Масквы.
— Ці падзяляеце вы ў цэлым розныя занепакоеныя, «алярмісцкія» меркаваньні, што Беларусь саступае ціску Расеі?
— Я магу пагадзіцца з гэтым толькі часткова. Я лічу, што ёсьць пагроза страты часткі сувэрэнітэту, пагроза павелічэньня залежнасьці Беларусі. Але я ня згодны з тым, што мы бачым нейкія канкрэтныя падзеі ці рашэньні, якія сьведчаць, што Беларусь траціць сувэрэнітэт.
Так, ёсьць дыскусія пра расейскую базу, але гэта ня новая тэма, гэта сталая пагроза для Беларусі. Мы таксама ведаем пра залежнасьць Беларусі ад расейскай эканомікі, але гэта ўстойлівая праблема, зь якой Менск у той ці іншай ступені працуе даволі доўгі час.
Таму я пакуль што ня бачу падзей, якія б сьведчылі на карысьць таго, што ў рэальнасьці адбылося скарачэньне сувэрэнітэту Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк назваў галоўныя праблемы Беларусі, якія замаруджваюць эканамічны рост