Дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытуту мэтралёгіі Валер Гурэвіч патлумачыў, чаму ў Эўразьвязе, адрозна ад Расеі і Беларусі, няма малочных альбо гандлёвых войнаў.
Валер Гурэвіч адсутнасьць гандлёвых канфліктаў і забаронаў у Эўразьвязе, аналягічных беларуска-расейскім малочным і мясным войнам, патлумачыў працай рэфэрэнтных (незалежных) лабараторыяў. Яны ахопліваюць 36 дзяржаў, якія маюць паўнавартаснае сяброўства ў Эўрапейскай арганізацыі акрэдытацыі.
«Ня трэба думаць, што паміж эўрапейскімі краінамі не існуе спрэчак. Там яны таксама ўзьнікаюць. Але калі хтосьці спрачаецца, то, значыць, павінны быць і арбітры. Іх ролю і выконваюць рэфэрэнтныя, найвышэйшага ўзроўню лябараторыі. Рашэньні такіх лябараторый канчатковыя і далей не аспрэчваюцца. У Эўрапейскай арганізацыі акрэдытацыі гэта замацавана заканадаўча», — сказаў Валер Гурэвіч.
Паводле яго, беларускі ўрад ужо рыхтуе пастанову, якая дазволіць адкрыць у краіне рэфэрэнтныя лябараторыі. Аналягічныя захады праводзяцца ў Расейскай Фэдэрацыі, іншых краінах Эўразійскага саюзу.
«У будучыні ў рамках Эўразійскага саюзу, думаю, мы зможам знайсьці рашэньні, якія дадуць магчымасьць у выпадку гандлёвых спрэчак на падставе гэтых лябараторый прымаць канчатковыя рашэньні», — сказаў дырэктар інстытуту.
Супольныя лябараторыі з расейцамі непатрэбныя
Дырэктарка Беларускага дзяржаўнага цэнтру акрэдытацыі Тацяна Мікалаева, адказваючы на пытаньне аб стварэньні супольнай з Расеяй акрэдытаванай лябараторыі вэтэрынарнага кантролю, заявіла, што ня бачыць у гэтым неабходнасьці.
«Навошта нам супольная? Яна ня вырашыць усіх праблем. Мы маем сваю лябараторыю, расейцы — сваю. У дакумэнтах ЭАЭС вызначана, што ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі прызнаюцца вынікі выпрабаваньняў акрэдытаваных лябараторый кожнай канкрэтнай краіны на адпаведны тэхнічны рэглямэнт. Вынікі гэтых лябараторый павінны прызнавацца», — падкрэсьліла Тацяна Мікалаева.
Экспэрт: Мы пачынаем будоўлю з даху, а не з падмурку
Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму, на ягоную думку, у Эўразійскім эканамічным саюзе і так званай саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі ўзьнікаюць гандлёвыя войны.
«Калі б мы будавалі з падмурку, а ня з даху, то такога адназначна не было б. А ў нас спачатку накідаюць лёзунгаў, а працаваць пачынаюць пасьля. Няўжо нельга было скарыстаць эўрапейскі досьвед?! Ну адчыніце адну, ці дзьве, ці тры лябараторыі ў кожнай краіне. Прапішыце, што ў лябараторыях павінна быць пэўнае абсталяваньне, што там павінны працаваць акрэдытаваныя людзі. І самае галоўнае, што іх рашэньні канчатковыя. Тады ня будзе гэтых бясконцых сварак пра малако ці мяса», — сказаў Свабодзе эканаміст Леў Марголін.