Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што ЗША спрабуюць адначасова «даваць адпор» дзейнасьці і Расеі, і Кітаю, адзначыўшы, што «велізарны» ядзерны арсэнал Расеі стварае пагрозу ня толькі для ЗША, але і для ўсяго сьвету, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Пампэо, параўноўваючы пагрозы з боку Расеі і Кітая ў радыёінтэрвію ў чацьвер, адзначыў: «У Расеі значна меншая эканоміка, але велізарны ядзерны патэнцыял, які пагражае ня толькі ЗША, але і ўсяму сьвету».
Ён дадаў, што прэзыдэнт Дональд Трамп вядзе вельмі жорсткую палітыку ў дачыненьні Расеі і прымае такія захады для аказаньня ціску на прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна і Расею, як ніводная зь мінулых адміністрацый.
«Аднак мы таксама спрабуем знайсьці галіны, дзе ў нас ёсьць агульныя інтарэсы з Расеяй і Ўладзімірам Пуціным, — заявіў Пампэо. — Я рабіў гэта, калі быў дырэктарам ЦРУ, у сфэры барацьбы з тэрарызмам. Мы спрабуем рабіць гэта ў розных галінах, каб у нас былі стасункі, што, як мы спадзяёмся, дало б нам магчымасьць зьмяніць прыроду паводзінаў Расеі, каб яна спыніла тую дзейнасьць, якая выклікае заклапочанасьць: умяшаньне ў нашы выбары ці спробы ўмяшаньня; дзеяньні ва Ўкраіне».
«Мы спрабуем даваць адпор гэтай дзейнасьці і паказаць Расеі, што выгада ад гэтай дзейнасьці не пераважвае велізарных наступстваў, зь якімі яна сутыкнецца, калі будзе яе працягваць», — дадаў дзяржсакратар.
Кітай жа ён назваў доўгатэрміновым выклікам «па ўсіх франтах».
Паводле Пампэо, прэзыдэнт Трамп хоча дамагчыся ад Кітаю сумленнага і ўзаемавыгаднага гандлю, і ён цьвёрда мае намер дасягнуць гэтай мэты.
Пампэо таксама са шкадаваньнем адзначыў, што Кітай працягвае ваенную актыўнасьць у Паўднёва-Кітайскім моры, а таксама крадзяжы інтэлектуальнай уласнасьці: толькі на гэтым тыдні дзесяці кітайскім грамадзянам былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў крадзяжах, зьвязаных з авіяцыяй.
«Гэта ня тая дзейнасьць, якой займаюцца краіны, якія сапраўды імкнуцца быць часткай сусьветнай супольнасьці, — падкрэсьліў дзяржсакратар. — І мы даём адпор Кітаю па ўсіх гэтых франтах, каб дасягнуць гэтай мэты ў імя амэрыканскага народу».
Адказваючы на пытаньне аб пэрспэктывах Турэччыны як чальца NATO і пра тое, ці можа наступіць момант, калі будучыня яе як чальца NATO і саюзьніка апынецца пад пытаньнем, Пампэо сказаў: «Спадзяюся, што не. Было б сумна для NATO, для ЗША і яшчэ больш сумна для грамадзян Турэччыны, калі б такое сапраўды здарылася».
Пры гэтым стасункі з Турэччынай ён апісвае як «няпростыя».
«Мы спадзяёмся, што Турэччына і прэзыдэнт Эрдаган з часам зразумеюць, што ЗША — больш надзейны партнэр, чым Іран, і прэзыдэнту Эрдагану варта рухацца ў кірунку разьвіцьця стасункаў з ЗША, Эўропай і NATO, — сказаў Пампэо. — А калі нам гэта ўдасца, Турэччына зможа стаць бастыёнам, які будзе засьцерагаць Амэрыку ад пагроз з боку тэрарыстаў у гэтым рэгіёне».