Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк назваў галоўныя праблемы Беларусі, якія замаруджваюць эканамічны рост


Прырост ВУП у Беларусі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве замарудзіцца да 2-2,5%, заявіла эканаміст Сусьветнага банка Марына Сідарэнка, прэзэнтуючы эканамічны агляд для Беларусі.

Ключавой праблемай у Сусьветным банку лічаць замежны доўг Беларусі і выдаткі на яго абслугоўваньне, паведамляе агенцтва Interfax.by.

«Штогадовыя тэмпы росту беларускай эканомікі запаволяцца да 2-2,5%», — сказала Марына Сідарэнка.

Паводле яе, характэрнае для Беларусі аднаўленьне эканамічнага росту ў 2017-2018 гадах заснавана на цыклічных фактарах.

«Калі дзеяньне эфэкту нізкай базы 2017 году спыніцца, эканамічны рост замарудзіцца», — патлумачыла эканаміст.

У якасьці асноўных рызык, якія пагражаюць стабільнасьці беларускай эканомікі, экспэрт назвала наступныя плацяжы па вонкавым доўгу і магчымае зьніжэньне вонкавага попыту.

«Вонкавы попыт з боку Расеі і сусьветныя цэны на сыравіну будуць вельмі моцна ўплываць на эканоміку Беларусі», — лічыць эканаміст.

У красавіцкім эканамічным аглядзе Сусьветны банк прагназаваў рост ВУП Беларусі у 2018 годзе на 2,9% з наступным запаволеньнем да 2,7% у 2019 годзе і 2,5% у 2020 годзе.

Экспэрты Сусьветнага банку адзначалі стабілізацыю эканомікі Беларусі, але пры гэтым падкрэсьлівалі фармаваньне рызык пагаршэньня яе цэнавай канкурэнтаздольнасьці. Акрамя гэтага, экспэрты казалі пра магчымы нэгатыўны ўплыў на эканоміку Беларусі ад узмацненьня санкцый у дачыненьні да Расеі. У прыватнасьці, што гэта ўзмоцніць рызыкі для Беларусі ў частцы абслугоўваньня яе замежнага доўгу і можа справакаваць рост попыту на валюту на ўнутраным рынку.

Напярэдадні Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця пацьвердзіў свой травеньскі прагноз па росьце ВУП Беларусі у 2018 годзе на ўзроўні 3% і пагоршыў ацэнку эканамічнага росту ў краіне у 2019 годзе з 3% да 2,5%.

Міжнародны валютны фонд (МВФ) у кастрычніку значна палепшыў прагноз для Беларусі на 2018 год. Паводле абноўленага прагнозу МВФ, рост ВУП Беларусі у 2018 годзе складзе 4% супраць 2,8%, якія прагназаваў МВФ у красавіцкім аглядзе, а ў 2019 годзе ВУП краіны вырасьце на 3,1%.

Прагноз інфляцыі на 2018 год ад МВФ супаў з такім ад беларускага Нацбанку. А па ВУП прагноз МВФ аказаўся нават больш аптымістычным за прагноз ад уладаў Беларусі — яны чакаюць рост толькі на ўзроўні, ня меншым за 3,5% за 2018 год. Налета, паводле ацэнкі беларускага ўраду, тэмпы ВУП краіны перавысяць сярэднесусьветныя і складуць больш за 4%.

Беларусь стала сябрам Сусьветнага банку ў 1992 годзе. За гэты пэрыяд Сусьветны банк даў краіне крэдытныя рэсурсы на 1,7 млрд даляраў, а таксама грантавае фінансаваньне ў аб’ёме 31 млн даляраў. Інвэстыцыйны партфэль Сусьветнага банку ў Беларусі ўключае восем праектаў на агульную суму 790 млн даляраў.

У пачатку красавіка 2018 году была зацьверджаная новая рамачная стратэгія Сусьветнага банку па Беларусі на 2018-2020 фінансавыя гады з базавым аб’ёмам фінансаваньня 570 млн даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG