У пачатку верасьня ў Стамбуле адбыўся сынакс — пасяджэньне архірэяў Канстантынопальскага патрыярхату. Яны прынялі рашэньне аб тым, што патрыярхат можа даваць аўтакефалію бяз згоды іншых праваслаўных цэркваў.
Пазьней Мітрапаліт Гальскі Эмануіл (Адамакіс) пацьвердзіў у інтэрвію L’Agenzia Società per l’Informazione Religiosa, што Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей прыняў рашэньне аб наданьні аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі архіяпіскап: Адсутнасьць у Беларусі аўтакефаліі парушае апостальскія каноны17 верасьня два прадстаўнікі Канстантынопальскага патрыярхату, якіх патрыярх Варфаламей накіраваў ва Ўкраіну, заявілі на сустрэчы з прэзыдэнтам краіны Пятром Парашэнкам, што працэс прадастаўленьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве «ужо пачаўся». Сынод Расейскай праваслаўнай царквы ў адказ на дзеяньні Канстантынопальскага патрыярхату вырашыў прыпыніць памінаньні патрыярха Канстантынопальскага на богаслужэньнях. У РПЦ, якую ўзначальвае Маскоўскі патрыярх Кірыл, лічаць Украіну сваёй «кананічнай тэрыторыяй» і абвінавачваюць Канстантынопальскі патрыярхат у зьневажаньні канонаў.
20 верасьня кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт у рамках візыту ў Вашынгтон сустрэўся з намесьнікам дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Ўэсам Мітчэлам. Паводле герарха, ён прыехаў у Злучаныя Штаты па падтрымку Ўкраіны ў пытаньні аб атрыманьні аўтакефаліі. У Вашынгтоне патрыярх Філарэт таксама пагутарыў з карэспандэнтам рускай службы «Голасу Амерыкі». Ён распавёў калі, на ягоную думку, ва Ўкраіне зьявіцца незалежная адзіная памесная праваслаўная царква; у чыё вядзеньне пасьля гэтага пяройдзе Кіева-Пячэрская ляўра і як будуць прымацца рашэньні аб пераходзе ўкраінскіх царкоўных суполак з Маскоўскага патрыярхату ў новую Ўкраінскую Праваслаўную аўтакефальную царкву.
Інтэрвію цалкам на відэа:
— Уявім, што Томас падпісаны, Украіне дадзена аўтакефалія. Як далей усё будзе адбывацца тэхнічна? Слова «патрыярхат» застанецца?
— Будзе аб’яднаная царква, з трох падзеленых цэркваў будзе адна — Украінская праваслаўная царква. Але паколькі ўзначальваць будзе патрыярх, то патрыярхат як другая назва застанецца. Гэтак жа, як напрыклад, Расейская праваслаўная царква — Маскоўскі патрыярхат, баўгарская царква — Баўгарская патрыярхат... так і ўкраінская царква застанецца патрыярхатам. Украінскім, кіеўскім — але патрыярхатам.
— Якім у гэтым выпадку можа быць лёс Кіева-Пячэрскай ляўры?
— Кіева-Пячэрская ляўра зьяўляецца помнікам архітэктуры і знаходзіцца ў падпарадкаваньні дзяржавы. Каму дзяржава перадасьць, той і будзе карыстацца гэтай сьвятыняй. А наогул, Кіева-Пячэрская ляўра — украінская сьвятыня або расейская? Фактычна ўкраінская. Троіца-Сергіева ляўра — украінская сьвятыня або расейская? Расейская. А чаму Кіева-Пячэрская ляўра павінна быць сьвятыняй расейскай царквы? Але ўсё будзе зьдзяйсьняцца свабодна, без усялякага гвалту — мы не дапусьцім гэтага, таму што нам трэба не маёмасьць, нам патрэбныя чалавечыя душы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рашэньне аб аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве пацьверджанае— Якраз з нагоды чалавечых душ. Калі нейкі канкрэтны храм захоча стаць часткай украінскай царквы, гэта будзе магчыма? І як гэтыя пытаньні будуць вырашацца?
— Ёсьць закон, паводле якога абшчына абірае свой цэнтар. А вось як гэты закон ажыцьцявіць, не сказана. Як у савецкай Канстытуцыі быў артыкул пра тое, што кожная краіна мае права выйсьці з Саюзу, але не было сказана, як менавіта. Таму і трымалі Савецкі Саюз адзіным. Так і тут. Будзе прыняты закон у разьвіцьцё таго закону, які ўжо ёсьць. Мы хочам прапанаваць, што, калі дзьве траціны абшчыны абіраюць расейскую царкву, значыць, храм будзе належаць рэлігійнай суполцы Расейскай праваслаўнай царквы. Калі ж дзьве траціны рэлігійнай абшчыны захочуць перайсьці ва Ўкраінскую царкву, то храм будзе належыць ім.
— То бок, усе будзе вырашаць абшчына?
— Так. І такім спосабам мы пазьбегнем усякага гвалту. Зьбіраецца прыход і галасуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БПЦ выступіла супраць «агрэсіўнага ўмяшаньня» Канстантынопалю ва ўнутраныя справы РПЦ ва Ўкраіне— Прыкладна год таму вы прыводзілі такія лічбы: 44-48 адсоткаў насельніцтва падтрымлівае Кіеўскі патрыярхат. Гэтая лічба за апошні год павялічылася? І наогул, наколькі падзеі апошніх пяці гадоў паўплывалі на пераход людзей з Маскоўскага патрыярхату ў Кіеўскі?
— Вайна вельмі паўплывала. Цяпер Маскоўскі патрыярхат падтрымлівае да дваццаці адсоткаў насельніцтва. Адбываецца інтэнсіўны пераход вернікаў з Маскоўскага патрыярхату ў Кіеўскі. Праз тое, што Маскоўскі патрыярхат не падтрымлівае нашу армію, лічыць, што яны забойцы.
— Насамрэч ня ўсе храмы Маскоўскага патрыярхату прытрымліваюцца такой пазыцыі.
— Дык вось гэтыя «ня ўсё» і прыйдуць ва ўкраінскую царкву.
— А сьвятары наогул пераходзілі ў Кіеўскі патрыярхат?
— Так, але вельмі мала. Баяцца. А вернікі пераходзяць сотнямі і тысячамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская праваслаўная царква: «Мы не патрабавалі забараніць опэру «Салямэя»— Дарэчы, пра колькасныя пытаньні. Ці можа ўкраінская царква ў выпадку прадастаўленьня аўтакефаліі стаць самай буйной?
— Можа быць, ня самай буйной, але ня меншай, чым расейская царква. Але па актыўнасьці, па колькасьці прыходаў яна будзе самай вялікай царквой праваслаўя. Хоць насельніцтва ва Ўкраіне менш, чым у Расеі, але актыўнасьць вернікаў большая. Вось на Вялікдзень, паводле дадзеных паліцыі (расейскай і ўкраінскай), ва Ўкраіне прыйшлі ў храмы 12 мільёнаў, а ў Расеі — 8 мільёнаў. Бачыце, якая розьніца? Ва Ўкраіне за гады незалежнасьці пабудавана каля 4 тысяч новых храмаў...
— Ці можа аўтакефалія спрыяць усталяваньню міру ва Ўкраіне?
— Можа і будзе. Таму што місія царквы — прымірыць. Калі мы аб’яднаемся, мы ня будзем дзяліць людзей на «нашых» і «ня нашых». Усе будуць нашы, мы не дапусьцім падзелу ўнутры царквы. А калі ня будзе падзелу ўнутры царквы, то гэта адаб’ецца і на ўсім грамадзтве. Царква будзе спрыяць аб’яднаньню ўкраінскага народу.