Міжнародная арганізацыя Transparency International апублікавала чарговае дасьледаваньне аб «экспарце карупцыі» — магчымасьцях подкупу замежных службовых асобаў.
Беларусь ня згадваецца ў дасьледаваньні, як і суседнія Латвія і Ўкраіна: разглядаліся краіны, якія падпісалі Канвэнцыю ў барацьбе з подкупам замежных службовых асобаў Арганізацыі эканамічнай супрацы і разьвіцьця (OECD).
У іншых суседак Беларусі, якія падпісалі канвэнцыю, усё кепска: у Польшчы і Расеі або зусім слаба змагаюцца з «экспартам карупцыі», або ніяк не змагаюцца. Тая ж сытуацыя ў Эстоніі. Крыху лепей у Літве, якая прыкладае хоць нейкія намаганьні, хай сабе і недастатковыя.
Паводле ацэнак Transparency International, на Расею прыходзіцца 1,9% сусьветнага «экспарту карупцыі» (на Польшчу — 1,2%, на Літву — 0,2%, на Эстонію — 0,1%). Пры гэтым адзначаецца, што ў 2014–2017 гадах там не пачалі ніводнай крымінальнай справы аб подкупе замежнай службовай асобы, дый краіна ня мае пакараньня за абяцаньне або прапанову хабару замежнай службовай асобе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 68-е месца са 180-ці: Беларусь у штогадовым індэксе ўспрыняцьця карупцыіАб маштабах «экспарту карупцыі» з Расеі экспэртам даводзіцца меркаваць з крымінальных справаў супраць расейцаў у іншых краінах – як з гісторыі з хабарам расейскімі мабільнымі апэратарамі дачцэ экс-прэзыдэнта Ўзбэкістану.
У групу краінаў, якія актыўна супрацьдзейнічаюць «экспарту карупцыі», уключылі ЗША, Вялікую Брытанію, Ізраіль, Італію, Нарвэгію, Нямеччыну і Швайцарыю. Даволі актыўна, але ня ў поўнай меры, гэта робяць Аўстрыя, Бразылія, Партугалія і Швэцыя.
Экспэрты Transparency International рэкамэндавалі ўрадам краінаў публікаваць у адкрытым доступе актуальныя зьвесткі аб справах, зьвязаных з карупцыяй за мяжой, садзейнічаць міжнародным расьсьледаваньням і ўдасканальваць практыку ўзаемнай юрыдычнай дапамогі. Акрамя таго, Працоўнай групе OECD параілі публічна заклікаць да адказнасьці краіны, якія не супрацьдзейнічаюць подкупу замежных службовых асобаў і гэтым заахвочваюць да адмываньня грошай.