Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст расказаў, чым пужае беларускія банкі легалізацыя крыптавалютаў


Майнінгавая фэрма ў былых цэхах маскоўскага аўтазаводу. Ейны ўладальнік хоча збудаваць завод абсталяваньня для здабычы крыптавалюты ў Беларусі
Майнінгавая фэрма ў былых цэхах маскоўскага аўтазаводу. Ейны ўладальнік хоча збудаваць завод абсталяваньня для здабычы крыптавалюты ў Беларусі

Прадказальнае рэгуляваньне пры недастатковай інфраструктуры — галоўная адметнасьць легалізацыі крыптавалютаў у Беларусі. Пра асаблівасьці гэтага працэсу на нядаўняй канфэрэнцыі IT Spring у Менcку расказаў адвакат і кіроўны партнэр юрыдычнай кампаніі Revera Дзьмітры Архіпенка.

Дэкрэт вывеў Беларусь на сусьветную арэну

28 сакавіка Беларусь афіцыйна стала краінай, якая легалізавала віртуальныя валюты. Паводле Дзьмітрыя Архіпенкі, дэкрэт № 8 даў галоўнае, што патрэбна для разьвіцьця апэрацый, зьвязаных з крыптавалютамі, — «прадказальнасьць іх рэгуляваньня».

«Дэкрэт вывеў на сусьветную арэну Беларусь — краіну, якая прыняла структурнае заканадаўства, прадказальным і зразумелым шляхам вырашыўшы пытаньне рэгуляцыі», — лічыць кіроўны партнэр юрыдычнай кампаніі Revera.

Дзьмітры Архіпенка
Дзьмітры Архіпенка

Многія краіны імкнуцца прыраўняць крыптавалюту да існуючых аб’ектаў (напрыклад, звычайных грошай), а інвэставаньне ў віртуальным асяродзьдзі праз набыцьцё токенаў — да банкаўскай ці біржавай дзейнасьці, што стварае, на думку Архіпенкі, мноства калізій.

Частка краінаў проста забараняе абарачэньне крыптавалютаў: такім шляхам пайшлі Эквадор, Банглядэш і Кітай.

На думку некаторых беларускіх экспэртаў, многія практычныя моманты, датычныя легалізацыі абарачэньня крыптавалютаў у Беларусі, застаюцца нявысьветленыя. Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб ахарактарызаваў сытуацыю пасьля легалізацыі крыптавалютаў як «поле, падобнае да міннага», на якім кампаніям-першапраходцам «будзе ня вельмі проста».

Віртуальныя грошы ператвараюцца ў рэальныя без праблем

Паводле Архіпенкі, пасьля набыцьця моцы дэкрэтам не адбылося рэвалюцыі: абышлося бяз чэргаў ля дзьвярэй Парку высокіх тэхналёгій і абменьнікаў. Дэкрэт набывае сілу паступова, і пакуль найлепш ён працуе для фізычных асобаў, якія без праблем могуць зрабіць віртуальныя грошы рэальнымі, кажа праўнік.

«Мы наўмысна правялі экспэрымэнт з пункту гледжаньня банкаўскіх плацяжоў, і магу вас запэўніць: усё спакойна працуе. Зразумела, як у любым новым выпадку, апэрацыяністы мелі пытаньні. Але ў нас апэрацыі паміж фізасобамі — рэчаіснасьць», — кажа Архіпенка.

Тэставаньне сыстэмы правялі на шэрагу апэрацый, набыўшы крыптавалюту на замежнай біржы за валюту і прадаўшы затым на замежнай біржы з залічэньнем сродкаў у Беларусь.

Біткойн. Блокчэйн. Крыптавалюты. Тлумачым на пальцах.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:54 0:00

Прадаючы біткойны, не забывайце пра падатковую

Галоўная рэкамэндацыя ад юрыстаў: пры апэрацыі пажадана, каб прызначэньне платы было зразумелым. Інакш фізычная асоба рызыкуе трапіць у няёмкую сытуацыю, калі падатковая запатрабуе даказаць, што даход атрыманы менавіта з крыптавалютаў і вы ня мусіце плаціць зь яго падатак.

Дзьмітры кажа, што ёсьць онлайн-сэрвісы, якія дазваляюць атрымліваць пацьверджаньне аб правядзеньні блокчэйн-апэрацый, напрыклад Etherscan.io.

Ці можна легалізаваць грошы праз гэтую схему?

«Падатковая інспэкцыя сёньня гэтае пытаньне задаць ня можа, бо біткойны не дэкляруюць. Але дастаткова кантрольных органаў апроч яе. Трэба правільна разумець: дэкрэт створаны не для адмываньня грошай. Хоць пытаньне прававога афармленьня існуе, але трэба яго рэгуляваць плаўна, іначай заўтра зьявіцца плынь новых пытаньняў і абурэньня», — лічыць кіраўнік кампаніі Revera.

Майнінгавая фэрма ў Іркуцку
Майнінгавая фэрма ў Іркуцку

Калі майнінг ператвараецца ў прадпрымальніцтва?

У Беларусі дазволена займацца майнінгам, але важна ведаць мяжу, пасьля якой ён ператвараецца ў прадпрымальніцкую дзейнасьць.

«Я чуў, што кампанія ў Лідзе адкрыла майнінгавы (для здабываньня крыптавалютаў) гатэль і запрашае ўсіх ахвотных наведаць яго і разьмясьціць там сваё абсталяваньне. Хацеў бы перасьцерагчы: калі гэта прадпрымальніцкая дзейнасьць, то гатэль мусіць быць рэзыдэнтам ПВТ», — кажа Архіпенка.

У іншым разе дзейнасьць павінна адбывацца без прыцягненьня фізычных асобаў. Уладальнік такога гатэля, напрыклад, ня можа прыцягнуць праз грамадзянска-прававую дамову кампанію для тэхнічнага абслугоўваньня.

Страх банку — быць абвінавачаным у адмываньні грошай

Што тычыцца юрыдычных асобаў, то для іх пакуль ня створана дастаткова добрая інфраструктура. Апэрацыі з крыптавалютай могуць праходзіць толькі празь беларускі банк. Збор інвэстыцый праз працэдуру ІСО таксама можна правесьці толькі з дапамогай рэзыдэнта, зарэгістраванага адпаведным чынам у банку, або калі вы самі такі рэзыдэнт.

Дзьмітры Архіпенка тлумачыць, што ў гэтым «няма ніякага трагізму і такая інфраструктура зьявіцца зь цягам часу». Ён зьвяртае ўвагу: цяпер няма дакладных тэхнічных патрабаваньняў да некаторых абавязковых працэдур, і таму банкі асьцерагаюцца нашкодзіць свайму бізнэсу.

«Галоўны страх усіх банкаў у тым, што пасьля апэрацыі іх банк-карэспандэнт скажа: на нашу думку, кліент недастаткова ідэнтыфікаваны, апэрацыя правераная кепска, а значыць, банк уцягнуты ў адмываньне грошай», — кажа праўнік і дадае, што вырашыць гэтае пытаньне зараз — галоўнае для таго, каб банкаўская сыстэма Беларусі была ўцягнутая ў працу з крыптавалютамі.

У той жа час банк, палічыўшы апэрацыю падазронай, мае права прыпыніць апэрацыю ці ўвогуле адмовіць у яе ажыцьцяўленьні, а таксама зьвярнуцца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Асабліва зьвяртаюць увагу на апэрацыі зь нехарактэрнай для суб’екта дзейнасьцю і на сумы каля 100 базавых велічынь, або 10 000 эўра, калі пры тым можа быць не пададзеная крыніца грашовых сродкаў або апэрацыя праводзіцца зь нерэзыдэнтам без удзелу пасярэдніка-рэзыдэнта.

Падатковае рэзыдэнцтва ў Беларусі карыстаецца папулярнасьцю

Сытуацыя з падатковым бокам праектаў, зьвязаных зь віртуальнымі валютамі, у Беларусі, на думку экспэрта, зручная: да 1 студзеня 2023 году даходы ад крыптавалютных апэрацый не абкладаюцца падаткамі.

Зрэшты, і раней падатковае рэзыдэнцтва ў Беларусі карысталася папулярнасьцю сярод расейцаў, лічыць Дзьмітры Архіпенка. Па-першае, стаць рэзыдэнтам проста — трэба знаходзіцца ў краіне 183 дні і больш. Па-другое, у Беларусі дагэтуль ня дзейнічае аўтаматычны абмен інфармацыяй па сыстэме міжнароднай арганізацыі АЭСР, дзякуючы якому дзяржавы-ўдзельніцы атрымліваюць зьвесткі пра банкаўскія рахункі сваіх рэзыдэнтаў у іншых краінах.

Банкамат для набыцьця і абмену біткойнаў у Паўднёвай Карэі
Банкамат для набыцьця і абмену біткойнаў у Паўднёвай Карэі

Бухгальтэрыя: калі токен для перапродажу, то яго ўлічваюць як звычайны тавар

Працэдура інвэставаньня праз укладаньне крыптавалютаў ці рэальных грошай у віртуальны іх эквівалент, ці ІСО, робіцца больш рэгуляванай і празрыстай. Як зазначыў Дзьмітры, раней гэтую працэдуру праводзілі, увогуле ня маючы кампаніі-атрымальніка і даючы адно нумар віртуальнага кашалька, але той час мінуў.

«Рынак прыйдзе да таго, што эмітэнт мусіць раскрываць сваю інфармацыю, асабліва калі ён жадае прыцягнуць інстытуцыянальных інвэстараў, для якіх пытаньні рэгуляваньня і ўліку істотныя», — мяркуе Архіпенка.

Цяпер у Беларусі токены прымаюць да ўліку адпаведна мэце набыцьця: калі для інвэставаньня, то аналягічна з каштоўнымі паперамі, для перапродажу — са звычайным таварам, калі токен узьнік у працэсе майнінгу — як гатовую прадукцыю.

Парк высокіх тэхналёгій у Менску, кампаніям-рэзыдэнтам якога дазволена праз ПВТ (і толькі праз ПВТ) ствараць біржы крыптавалютаў
Парк высокіх тэхналёгій у Менску, кампаніям-рэзыдэнтам якога дазволена праз ПВТ (і толькі праз ПВТ) ствараць біржы крыптавалютаў

На біржах рэгулярна здараюцца скандалы празь зьнікненьне грошай

Працу з токенамі, біткойнамі ды іншымі крыптавалютамі ў Беларусі рэгулюе ня толькі сам дэкрэт, але таксама прынятая ў лютым бягучага году пастанова Нацбанку № 62 і стандарт па бухгальтарскім уліку і справаздачнасьці, падрыхтаваны Мінфінам.

Ужо запушчаны мэханізм падрыхтоўкі зьменаў у закон «Аб мерах прадухіленьня легалізацыі даходаў», у праекту наперадзе некалькі чытаньняў у парлямэнце. На думку Дзьмітрыя Архіпенкі, істотна, каб у сыстэму супрацьдзеяньня легалізацыі даходаў былі ўключаныя паняцьці, уведзеныя дэкрэтам (токен ды іншыя).

Чаго чакаць далей?

«У маім разуменьні, лягічна прымяняць так званыя найлепшыя сусьветныя практыкі, у тым ліку тыя, што датычаць сыстэм кібэрбясьпекі. Гэтае пытаньне стаіць вельмі жорстка, бо на біржах рэгулярна здараюцца скандалы, зьвязаныя са зьнікненьнем грошай», — кажа кіраўнік юрыдычнай кампаніі.

Ці выгадна здабываць біткойны? Тлумачыць інвэстар, які хоча пабудаваць у Беларусі майнінгавы завод

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG