Мастацтва адпачынку. Адказы і парады.
Айцец Андрэй Крот — адзіны грэка-каталіцкі сьвятар у Горадні, настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай, апякун валянтэрскага руху сьвятога Мікалая, які дапамагае дзецям з асаблівасьцямі разьвіцьця, аўтар перадач «Хрысьціянства і беларуская літаратура» на Ватыканскім радыё.
Як вы праводзіце гэтае лета?
Як звычайна, працую, адпачываю, ежджу да сваёй мамы, да бацькоў жонкі. Акрамя звычайных абавязкаў, гэтым летам пішу кандыдацкую дысэртацыю. Абараняць буду ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце.
Гэта справа для мяне цікавая, бо пішу пра сучасную гісторыю нашай царквы. Даводзіцца размаўляць з многімі сьвятарамі і парафіянамі розных парафій, вернікамі нашай царквы, у тым ліку, якія ўжо не жывуць у Беларусі. Даведваюся шмат цікавых фактаў, якія пасьпелі стаць гісторыяй.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
У нас у агародзе пад плотам расла вішня. У таты было крэсла з аўтобуса. Я ставіў яго пад вішняю і браў з сабой кніжку. Сядзеў на крэсьле і чытаў кніжку. Для мяне такое сядзеньне значыла, што ўжо лета, вакацыі, ты сам можаш рабіць, што хочаш. Канешне, былі гульні, дзесьці я бегаў зь сябрамі, бавіліся. Але гэта для мяне была атмасфэра лета, вакацый, адпачынку.
Што вы заўсёды бераце з сабой?
Што можа браць з сабой заўсёды сьвятар? Малітоўнік і Сьвятое Пісаньне. Таксама бяру каву, бо калі еду да бацькоў сваіх або жонкі, у іх звычайна кавы няма.
Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
Пакуль нічому не навучыўся, але ў мяне вялікія пляны. Хачу навучыцца рабіць розныя рэчы рукамі: рамонт машыны, ровара. Раней у мяне была такая канцэпцыя: трэба наняць чалавека, які гэта ўсё зробіць. Цяпер зразумеў, што наняты чалавек не абавязкова зробіць лепей, чым я. Таму ў мяне жаданьне навучыцца ўсяму самому.
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Я слухаю кнігі, аўдыёкнігі. Усялякія, якія трапляюцца пад руку: ад клясычнай літаратуры да фэнтэзі. Такім чынам я пазнаю сучасную культуру. Мне цікавыя тэндэнцыі ў сучаснай сур’ёзнай і несур’ёзнай літаратуры. Не магу ўзгадаць назваў, апошнім часам мяне нічога не ўразіла.
Яшчэ я чытаю кнігі. І не зь любові да мастацтва, а таму, то раблю перадачы «Хрысьціянства і беларуская літаратура» на Ватыканскім радыё пра розных беларускіх пісьменьнікаў. Цяпер выпала чарга Кузьмы Чорнага. Таму фактычна ўсё лета чытаю аднаго Кузьму Чорнага. Калі ехаў у адпачынак узяў з сабой некалькі кніжак аўтарства маіх знаёмых і сяброў, на прэзэнтацыі якіх я цягам года патрапіў, а пачытаць не пасьпеў. Але прывёз назад, не адкрыўшы.
Музыку ніякую ня слухаю.
Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Прынцыпова не адключаю. Мне падабаецца, калі мне тэлефануюць розныя людзі ў адпачынку. Я адчуваю, што я гэтым людзям важны, патрэбны, мной цікавяцца. Нехта звоніць і пытаецца: «Ці вы будзеце ў гэтую нядзелю на парафіі? Я хачу прыйсьці паспавядацца». Мне бальзам на сэрца. Адчуваю, што па мне людзі ўжо сумуюць.
Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?
Часьцей хадзіць у кавярні разам з матушкай. Раней толькі ў адпачынку хадзіў без шкарпэтак на службу. Але гэтае лета было такое гарачае, што я хадзіў паўсюль без шкарпэтак, і ня толькі ў адпачынку.
Ваша парада на адпачынак
Адпачывайце!
Якім бы быў ваш адпачынак, калі б вы маглі не абмяжоўваць сябе ні ў фінансах, ні ў часе? Адпачынак мары?
Ён бы ніяк не адрозьніваўся ад майго сёлетняга адпачынку. Калі я быў бы не абмежаваны ў часе, то болей часу праводзіў бы на прыродзе. Мне хацелася б больш сонца, бо сёлета мне яго было мала. Калі я б марыў пра іншы адпачынак, то не адпачываў так, як цяпер, а адпачываў бы так, як я мару. Мне ня трэба шмат грошаў. Я не люблю траціць грошы, стаўлюся да іх вельмі ашчадна.
Якім быў ваш самы запамінальны адпачынак?
Гэта быў 2001 год. Я тады быў сэмінарыстам Драгічынскай сэмінарыі ў Польшчы. Мне прыйшоў «мэйл» ад майго кіраўніка, зьверхніка нашай царквы айца архімандрыта Сяргея Гаека з маімі вакацыйнымі абавязкамі. Там былі два скаўцкія летнікі, паездка на сустрэчу з Папам Рымскім, паездка ў Польшчу на форум моладзі.
Вольных у мяне заставалася толькі восем дзён, каб паехаць да мамы. Мяне гэта вельмі абурыла. Яшчэ абурыла, што ў гэтым раскладзе была паездка на летнік у Польшчу зь дзецьмі зь нядзельнай Магілёўскай школкі. Я памятаю, як сустрэўся на пачатку вакацый з айцом-архімандрытам і кажу: «Добра, давайце я туды і сюды паеду, бо я гэтым цікаўлюся і адчуваю, што гэта важна. Але навошта я еду на гэты летнік?» Архімандрыт адказвае: «Летнік будзе ў вёсцы Кастамлоты, якую ты ведаеш. Прыедзь хоць на пару дзён, арганізуй сыстэму, дзе можна ў краму схадзіць, дзе малако набыць у людзей. Потым зьедзеш».
На гэтым летніку я сустрэў сваю жонку. Зьехаў я не праз пару дзён, а праз дзень пасьля завяршэньня летніка, трэба было прыбраць пасьля яго. Гэта самыя запамінальныя і важныя вакацыі ў маім жыцьці. Мы з матушкай Кацярынай узялі шлюб у 2004 годзе.
Раскажыце самую цікавую гісторыю, якая з вамі здаралася ў адпачынку?
У траўні і чэрвені было вельмі горача. Мы ўвесь час правялі ў кватэры, бо трэба было працаваць за кампутарамі. Марылі, што паедзем у адпачынак на лецішча да цесьця пад Магілёў. Незадоўга да нашага адпачынку пачаліся дажджы.
Мы паехалі на лецішча. Амаль увесь адпачынак ішлі дажджы. Адзін дзень, калі дажджу не было, мы пайшлі ў госьці. Зьбіраліся сыходзіць, напаўзла хмара. Пакуль мы чакалі аўтобус на прыпынку, пачалася такая залева, што, казалі, выпала тры чацьвёртыя месячнай нормы ападкаў. Калі мы ехалі на аўтобусе і глядзелі праз ягонае задняе шкло, здавалася, што мы едзем на катэры, такі струмень за намі ішоў.
Самае цікавае, калі на наступны дзень мы сядзелі ў горадзе, і выйшла сонейка. Я падумаў: «Добра, зараз паедзем на лецішча, пазагараем, пасядзім на сонцы». На лецішчы ледзь пераапрануліся ў рабочую вопратку, як умомант напаўзьлі хмары і сонца зьнікла.
Мы жартавалі, што калі ў нейкім рэгіёне засуха, то запрашайце нас, і ў вас пачнуцца дажджы.