Лета Зьмітра Косьціна: «Кіньце недаробленыя справы»

Зьміцер Косьцін у Атэнах.

Лета: мастацтва адпачынку. Адказы і парады.

Зьміцер Косьцін — радыёжурналіст. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Бабруйску. Працу ў журналістыцы пачаў на беларускім Радыё Рацыя ў Беластоку. Цяпер зьяўляецца аўтарам і вядучым беларускамоўнай перадачы «Пад знакам Пагоні» на польскім Радыё Беласток. Супрацоўнічае зь Беларускай службай Польскага Радыё для замежжа і тэлеканалам Белсат, дзе вядзе праграму «Беларускі сьвет».

Як вы праводзіце гэтае лета?

Зьміцер Косьцін з сынам Кандратам.

Лета — гэта для мяне найчасьцей час гарачай працы, бо ў жыцьці беларусаў Беласточчыны лета — пара надзвычайнай актыўнасьці. Пры гэтым улетку я стараюся абавязкова знайсьці час на адпачынак. Сёлета мы з сям’ёй выбралі для адпачынку Грэцыю зь яе надзвычай багатай гісторыяй, культурай і традыцыямі.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Найперш узгадваю летні адпачынак на вёсцы. Падаецца, нічога надзвычайнага ў такім адпачынку няма. Аднак, калі разумееш, што гэты сьвет сышоў у нябыт разам са сьмерцю бабулі і дзядулі, памяць пра «вясковыя» канікулы становіцца больш каштоўнай. Сёньня я з сэнтымэнтам расказваю сваім дзецям пра сенакосы, пра тое, як разам зь дзедам і братамі пасьвіў кароваў.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

У любое падарожжа я бяру з сабою смартфон і навушнікі. Стараюся быць анлайн, дзе б ні быў, каб сачыць за актуальнымі падзеямі на Беласточчыне, у Беларусі ды сьвеце. Вельмі часта мне спадарожнічае музыка, якая пазьней абуджае ўспаміны пра цікавыя месцы і незвычайныя сытуацыі.

Чаму каштоўнаму вы навучыліся?

Цяпер мы зь сям’ёю адпачываем у Грэцыі. Вядома, нас, як і большасьць турыстаў, прыцягвае мора і сонца, традыцыйная грэцкая кухня і непадобны да рэшты Эўропы лад жыцьця. Пры гэтым, мы не прамінаем нагоды наведаць цікавыя ды важныя месцы грэцкай і сусьветнай гісторыі. Калі наведваеш Акропаль з Пантэонам, бачыш ужывую археалягічныя помнікі са здымкаў у падручніках гісторыі, многія абстрактныя рэчы набываюць рэальны кшталт.

Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?

Мне, як радыёжурналісту, заўсёды цікава, як выглядае радыёпрастора таго месца, якое я наведваю. Цяпер зь цікавасьцю знаёмлюся з традыцыйнай грэцкай музыкай, тым больш, што гучыць яна на абсалютнай большасьці радыёстанцый.

У адрозьненьні ад нас, грэкі вельмі актыўна слухаюць, сьпяваюць і танчаць пад свойскія рытмы нават у цэнтры Атэнаў. Што да кніг, дык сёлета я адпачываю з «Легендамі і мітамі старажытнай Грэцыі». Цяпер яны ўспрымаюцца зусім інакш, чым у пачатковай школе.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Я заўсёды стараюся ўтрымліваць сувязь са сьветам і крэўнымі знаходзячыся нават у глухой горнай вёсцы. Інтэрнэт і тэлефон — неад’емныя сродкі камунікацыі ў ХХІ стагодзьдзі.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

У часе адпачынку я ўрэшце магу дазволіць сабе выспацца ўдосталь. У адпачынку таксама прымружваю вочы на некаторыя абмежаваньні ў харчаваньні.

Ваша парада на адпачынак

Перадусім, адпачывайце. Пашырайце далягляды, кіньце недаробленыя справы — іх можна зрабіць у іншы час. Няхай адпачынак пакіне сьлед ва ўспамінах, каб пазьней зь іх можна было чэрпаць натхненьне і сілы ў чаканьні чарговага лета.

Лета Дзьмітрыя Плакса: «Вольны час немагчыма адрозьніць ад працы»

Лета Паўла Кірылёнка: Адпачывайце як мага часьцей

Лета Мікалая Халезіна: Дазваляем сабе выходзіць да мора з бутэлькай добрага віна

Лета Юліі Цімафеевай: Заўсёды маю з сабой фотаапарат

Лета Віктара Марціновіча: «Кідайце ўсё і да бліжэйшага месца з вадой і соснамі»

Лета Глеба Лабадзенкі: «Я зразумеў, што Беларусь бясконцая»

Лета Міхала Сьцепанюка: «Паспрабаваць адключыцца ад усіх фэйсбукаў»

Лета Сьвятланы Алексіевіч: «Абажаю жыць у сябе за горадам»

Лета Альгерда Бахарэвіча: «Вандроўкі робяць нас свабоднымі. Bu samoje!»

Лета Алеся Дзянісава: «Dzieciuki запісваюць новы альбом»

Лета Ганны Кандрацюк: «У падарожжа бяру малітоўнік і мапу»

Лета Тацяны Караткевіч: «За дзень накручваю на ровары ад 20 да 50 кілямэтраў»

Лета Кацярыны Сумаравай: «Не ўяўляю адпачынак без этудніка і палотнішчаў»

Лета Джона Пазьняка: «Навучыўся пакаваць у валізку ня больш за 8 кг»

Лета Вальжыны Морт: «Які ў сыцылійскіх бюракратаў прыгожы почырк!»

Лета Юрыя Зісера: «Алексіевіч можна бясконца чытаць і перачытваць»

Лета Анатоля Лябедзькі: «Застаюцца ўспаміны, хто клайпэдзкі дурань, хто палангаўскі»

Лета Аляксандра Класкоўскага: «Зноў круцім пэдалі»

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Лета Паўліны Цімохінай: «Дазвольце сабе рабіць тое, што хочаце»

Лета Анастасіі Царук: «Раніцай бегаю ад 5 да 9 кілямэтраў»