Мастацтва адпачынку. Адказы і парады.
Алесь Дзянісаў — гарадзенскі музыка, вакаліст панк-рок гурта Dzieciuki, журналіст-фрылянсэр.
Як вы праводзіце гэтае лета?
Стандартна. Акрамя працы, стараюся, як мага часьцей, выяжджаць на прыроду. Пасьпеў зь сябрамі зьезьдзіць у васьмідзённы паход на роварах. Да Баранавіч даехалі цягніком, адтуль пайшлі на Несьвіж, Мір, Шчорсы, Любчу. Стараліся ехаць не па трасах, а па жвіровых, лясных дарогах. Нехта купаецца, нехта рыбачыць, глядзім славутасьці. Кожныя выходныя зь сябрамі стараемся выяжджаць на Нёман, на Юбілейнае возера, з начоўкай або без, вялікім кагалам — з жонкамі, дзеткамі, сабакамі.
Гэтым летам працягваецца запіс трэцяга альбому гурту Dzieciuki. Таму мала граем канцэртаў. За ўсё лета прынялі ўдзел толькі ў двух фэстывалях у Польшчы. У жніўні маемся паехаць на два фэсты ў Літве і Польшчы.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Гэтыя ўспаміны зьвязаныя зь вёскамі: Ржаўка Навасільскага раёну Арлоўскай вобласьці (адтуль паходзяць бацькі маёй маці, горад Навасіль раней уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага) і Чамярысы Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці (адтуль паходзіць бацька). Там можна было хадзіць у лес у грыбы і ягады, катацца на ровары, лавіць рыбу, калоць дровы, пасьвіць кароваў, зьбіраць каларадзкіх жукоў. Адтуль я ўмею касіць траву нармальнай касой. Цяпер гэтых вёсак у маім жыцьці няма. У расейскай вёсцы нікога не засталося, а дом даўно прадалі. Вёска Чамярысы пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС увайшла ў зону адсяленьня.
Што вы заўсёды бераце з сабой?
Пашпарт. Бяру складныя нож, лыжку, відэлец. Заўсёды з сабой лекі, бо я ў паходах мэдык. Бяру ліхтарык. Еду, прыкладам, у менскай маршрутцы, калі цёмна, а я начапіў на галаву ліхтарык і чытаю.
Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
Радавацца жыцьцю кожную сэкунду. Усе чакаюць лета, а яно вельмі хутка праходзіць. Трэба цаніць тое, што дае прырода, бо ў нас досыць дэпрэсіўнае надвор’е. Цягам года — сонейка няшмат. У нас людзі кажуць: «Такая сьпёка, усё дрэнна». А потым: «А дзе ж гэта лета? Можа, лепей пакупацца трэба было?». У нас людзі заўсёды ныюць. Прыйшло цяпло — ныюць, адышло — ныюць.
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Апошняя кніга, якую прачытаў, — «Самурай» Алеся Кіркевіча. З апошняга слухаў новы альбом «ДДТ», пераслухаў апошні альбом Neuro Dubel пасьля таго, як памёр Саша Кулінковіч.
Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Абавязкова, бо гэта зло, калі ты адпачываеш. Калі мы едзем на роварах, то ўключаем тэлефоны толькі ўвечары, каб адзваніцца маці, жонцы і сказаць, што з намі ўсё ў парадку. І адключаем. Ранкам таксама тэлефануем родным, што зьбіраемся, едзем туды і туды. Тэлефон агулам уключаны хвілін 15-20. Калі нехта пасьпеў патэлефанаваць у гэты час, то яму пашчасьціла, паразмаўляю яшчэ зь ім.
Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?
Калі мы выбіраліся зь сям’ёй за мяжу (Украіна, Польшча, Славаччына), дазвалялі сабе хадзіць часта ў кавярні, траціць грошы.
Ваша парада на адпачынак
Не сядзіце ў хаце. Выяжджайце ў лес, на лецішча, калі няма магчымасьці паехаць кудысьці далей.
Якім бы быў ваш адпачынак, калі б вы маглі не абмяжоўваць сябе ні ў фінансах, ні ў часе?
Я б накіраваўся ў Ірляндыю зь сям’ёй, зь сябрамі. Было б ідэальна паглядзець усю краіну, патусавацца па маленькіх гарадах, пабываць на азёрах. І зусім не абавязкова ж цягнуць з сабой свае байдаркі ці ровары, бо можна ўзяць напракат.
Якім быў ваш самы запамінальны адпачынак?
Усе былі клясныя. У Марыянскую ўпадзіну я не апускаўся, на Эвэрэст не падымаўся, на слане палову Індыі не праехаў. А астатнія адпачынкі былі бяз выбухоўкі ў галаве, але ўсе запамінальныя.
Раскажыце самую рамантычную гісторыю, якая з вамі здаралася ў адпачынку?
Васемнаццаць гадоў таму мы з маёй жонкай вырашылі, што будзем разам. Гэта здарылася падчас паходу з вучнямі на прыроду пад Горадню. Мы працавалі ў адной школе настаўнікамі гісторыі.