Сёньня, 17 ліпеня, спаўняецца чатыры гады з дня, калі «Боінг» «малайзійскіх авіяліній» рэйсу MH17 быў зьбіты ў небе над Данбасам.
На працягу апошняга году колькі высноў міжнароднай Сумеснай сьледчай групы, якая высьвятляе акалічнасьці трагедыі, далі новыя доказы датычнасьці Расеі да авіякатастрофы.
Свабода ўспамінае рэзанансныя высновы пра авіякатастрофу на працягу апошняга году.
Што адбылося ў небе над Данбасам 4 гады таму
17 ліпеня 2014 самалёт «Боінг-777» «малайзійскіх авіяліній» рэйсу MH17, які выконваў рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў зьбіты над зонай збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Загінулі 298 чалавек — усе, хто быў на борце. Сярод іх былі грамадзяне Нідэрляндаў (193 чалавекі), Малайзіі, ЗША, Аўстраліі.
Праз тры гады, у ліпені 2017 году, кіраўнік МЗС Аўстраліі Джулія Бішап зьвярнулася да Расеі з заклікам трымацца рэзалюцыі 2166 Рады Бясьпекі ААН. Гэтую рэзалюцыю ўнесла Аўстралія празь некалькі дзён пасьля падзеньня самалёта, яна заклікае усе зацікаўленыя дзяржавы да супрацоўніцтва ў пошуку адказных. Бішап выказала здагадку, што вінаватых могуць судзіць завочна.
«Магчыма, адбудзецца завочны судовы разбор. Гучалі паведамленьні, некаторых сьведак затрымалі ў Расеі. Таму я, вядома, заклікаю Расею выконваць рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН і зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці», — заявіла яна.
Роля Расеі ў трагедыі
Расія працягвае адмаўляць сваю датычнасьць да зьбіваньня «Боінга». Сярод вэрсій, якія выкарыстоўваў Крэмль, настойваючы на адказнасьці Ўкраіны, былі нібыта сьведчаньне «іспанскага дыспэтчара» аэрапорта «Барыспаль» па імі Карлас, які пісаў у Twitter, што бачыў, як малайзійскі «Боінг» перасьледуюць два ўкраінскія вайсковыя самалёты.
Вясной 2018-га журналісты Радыё Свабода і румынскага RISE Project знайшлі Карласа. Высьветлілася, што яго імя Хасэ Карлас Барыёс Санчэс, акрамя таго, ён сьцьвярджаў, што атрымаў 48 тысяч даляраў ад Крамля за сваю ролю «гішпанскага дыспэтчара».
За пару месяцаў да зьбіваньня малайзійскага «Боінга» ён ужо фігураваў у матэрыяле расейскага тэлеканалу Russia Today як «жыхар Украіны», якому быццам бы прыйшлося зьехаць «праз пагрозы з боку прыхільнікаў Эўрамайдану».
Судовыя пэрспэктывы
У студзені 2018 году суд у ЗША прысудзіў сваякам 25 загінулых пасажыраў самалёта кампэнсацыю. Справа разглядалася з 2015 году, пазваным у ёй быў адзін зь верхаводаў баевікоў першых гадоў вайны Ігар Гіркін (Стралкоў).
Юрыстка Ўкраінскага Хэльсынскага саюзу ў правах чалавека Надзея Волкава тады сказала ў інтэрвію Радыё Свабода, што гэта першае судовае рашэньне, якое зьвязвае трагедыю з расейскім баевіком. На яе думку, хоць сваякі, хутчэй за ўсё, не атрымаюць поўнай сумы — 400 мільёнаў даляраў агулам, — гэта рашэньне амэрыканскага суду створыць прэцэдэнт і для іншых судоў.
Паралельна з афіцыйным расьсьледаваньнем да высьвятленьня абставінаў трагедыі далучыліся сьледчыя праекту Bellingcat. У сьнежні 2017 году яны апублікавалі дадзеныя, якія дазвалялі дапусьціць дачыненьне да зьбіваньня MH17 расейскага вайскоўца ў запасе — генэрал-палкоўніка арміі Расеі Мікалая Ткачова (пазыўны «Дэльфін»). Сам Ткачоў уласнае дачыненьне адмаўляў.
Вынікі незалежнага сьледзтва
У траўні 2018-га Bellingcat і The Insider разам з амэрыканскім бюро Mcclatchy апублікавалі дадзеныя яшчэ аднаго расьсьледаваньня. Згодна зь імі, асоба з пазыўным «Арыён», або «Андрэй Іванавіч», якая мае дачыненьне да зьбіваньня самалёта — гэта Алег Іваньнікаў, які ў ліпені 2014-га служыў у Галоўным упраўленьні Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі.
У тым жа месяцы пракуратура Нідэрляндаў апублікавала навіны пра расьсьледаваньне міжнароднай Сумеснай сьледчай групы (JIT). Паводле прамежкавых высноў групы, зэнітна-ракетны комплекс «Бук», зь якога зьбілі самалёт, які належаў 53-й брыгадзе войскаў супрацьпаветранай абароны Расеі.
Такая выснова стаў яшчэ адным аргумэнтам на карысьць вэрсіі аб датычнасьці Расеі да трагедыі.
Першы намесьнік генэральнага пракурора Украіны Дзьмітро Старажук паведаміў, што паколькі Кіеў не выдае сваіх грамадзян, то ў выпадку завочнага іх асуджэньня за датычнасьць да авіякатастрофы яны будуць адбываць пакараньне ва Ўкраіне.
Ён таксама запэўніў, што Генпракуратура сабрала дастаткова доказаў датычнасьці Расеі да трагедыі.
У сваю чаргу ў мінулым месяцы кіраўнік МЗС Нідэрляндаў Стэф Блёк запэўніў, што ў Галяндыі няма падстаў вінаваціць у зьбіваньні самалёта ўкраінскі бок.
Нягледзячы на ўсе заявы пра датычнасьць расейскіх вайскоўцаў да зьбіваньня самалёта, чэмпіянат сьвету ў футболе 2018 году ўсё ж прайшоў у Расеі. Незадоўга да яго сваякі пасажыраў рэйсу MH17 напісалі адкрыты ліст, апублікавалі на сайце расейскага выданьня «Новая газета». У ім яны прызнаваліся, што ня змогуць стаць часткай гэтага чэмпіянату праз датычнасьць Крамля да гібелі сваіх родных.
Your browser doesn’t support HTML5
«Мы лічым, што расейская дзяржава і яе лідэры адказнасьць за гібель нашых сямейнікаў. На гэта паказваюць усе дакладныя доказы. Мы чакаем ужо доўга, але калі-небудзь у будучыні міжнародная Сумесная сьледчая група нарэшце дасьць сваю фінальную справаздачу, і імёны адказных будуць названыя. Тады справа будзе за судом у Нідэрляндах, які старанна ўзважыць усе доказы і вырашыць, хто нясе адказнасьць», — пішуць аўтары ліста.
На днях заходнія краіны — на гэты раз краіны «Групы сямі» — чарговы раз зьвярнуліся да Расеі з заклікам супрацоўнічаць са сьледзтвам, каб знайсьці вінаватых у зьбіваньні «Боінга».