Ініцыятарка кампаніі ў абарону Вайсковых могілак у Менску пісьменьніца і гісторык літаратуры Ганна Севярынец апублікавала ў сваім Фэйсбуку адказ міністэрства культуры на калектыўны зварот занепакоеных грамадзян.
З адказу вынікае, што Міністэрства культуры ня бачыць ў зносе гістарычных агароджаў і надмагільляў ніякіх праблем.


У канцы чэрвеня ўлады паабяцалі прыпыніць добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак. Актывісты сьцьвярджалі, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікалі да абароны могілак. Рабочыя ў час «рэканструкцыі» ставілі аднолькавыя сучасныя надгалоўнікі замест унікальных надмагільляў. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.
Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне іх адбылося ў 1895 годзе.
Пахаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага на Вайсковых могілках у Менску
Тут пахаваныя літаратары Якуб Колас, Янка Купала і Кузьма Чорны, гісторык Усевалад Ігнатоўскі, аўтар слоў дзяржаўнага гімна БССР Міхась Клімковіч, кампазытар Нестар Сакалоўскі, амэрыканская місіянэрка Рут Ўолер.