Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся да дзяржаўных уладаў Беларусі і грамадзкіх арганізацый з заклікам зрабіць усё магчымае, каб захаваць гістарычную каштоўнасьць Вайсковых могілак у Менску.
Кіраўнік касьцёла ў Беларусі заклікае «не дапусьціць у будучым спусташэньня сьвятых месцаў, якімі зьяўляюцца месцы пахаваньня памерлых, і захаваць нашу гісторыю».
«Добраўпарадкаваньне нагадвае знос». Актывісты заклікаюць на абарону Вайсковых могілак у Менску. ВІДЭА
У адмысловай заяве арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама адзначае, што «ўпарадкаваньне, якое распачалося на Вайсковых могілках у Менску, часта зьвязана са зьнішчэньнем помнікаў і надмагільных крыжоў, як гэта было зроблена на могілках Крупцы, што на праспэкце Пераможцаў».
Паводле арцыбіскупа, такі падыход да справы «нішчыць аўтэнтычнасьць могілак як гісторыка-культурнай і рэлігійнай каштоўнасьці».
«Зьнікненьне зь іх крыжоў сьведчыць пра сьпіхваньне хрысьціянства — традыцыйнай рэлігіі нашай Бацькаўшчыны — на пэрыфэрыю жыцьця», — гаворыцца ў заяве.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заяўляе, што «ўпарадкаваньне могілак не павінна скажаць гісторыі».
«На надмагільных помніках знаходзяцца імёны пахаваных, гады іх жыцьця, нярэдка іх род дзейнасьці. На іх мы таксама бачым знакі іх рэлігійнай прыналежнасьці».
На Вайсковых могілках агароджы ХІХ стагодзьдзя мяняюць на стандартныя падгалоўнікі за 95 рублёў 16 капеек
Як гаворыцца ў заяве, «упарадкаваньне» Вайсковых могілак, гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі, — адно з найбольш яскравых сьведчаньняў «нэгатыўных адносін да нашай гісторыі».
«Вайсковыя могілкі, таксама як і Кальварыйскія, — гэта адзін з самых старажытных нэкропаляў у межах Менску. Гэта — наша гісторыя, якая, паводле вядомага выразу, зьяўляецца „настаўніцай жыцьця“. У яе неабходна вучыцца, і таму яе нельга забывацца. Народ, які забываецца сваю гісторыю, ня мае будучыні».