Ужо трэці тыдзень (з 4.6.2018) ідзе руйнаваньне Вайсковых могілак. Нішчаць старыя магілы, агароджы, пілуюць дрэвы, пакідаюць голае поле зь ледзь пазначанымі магіламі. Падрабязнасьці — у рэпартажы Свабоды.
У мяне там дзед ляжыць, і пра свае эмоцыі лепш ня буду.
Пастанова аб руйнаваньні помнікаў — засакрэчаная
Па свабодаўскай спасылцы зьвяртае на сябе ўвагу вялікае інтэрвію зь Сяргеем Турам, намесьнікам дырэктара па ідэалягічнай працы спэцкамбінату КБА. Сярод іншага, Тур кажа:
«Але рашэньне аб добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак было прынятае Менгарвыканкамам сёлета ў траўні, інфармацыя была апублікаваная на афіцыйным сайце, рэканструкцыя ідзе згодна з зацьверджаным плянам, завершыцца да канца году».
Што ж гэта за рашэньне? Афіцыйны сайт Менгарвыканкаму — https://minsk.gov.by/. Пошук на ім зроблены так своеасабліва, што па словах «Военное кладбище» самая сьвежая навіна — за 13.04.2017, а пошук «па арганізацыях» не дае нічога. Не ўдаецца нешта знайсьці і ў рубрыцы «Нормативные документы, принятые Мингорисполкомом и Мингорсоветом». За травень 2018 году там відаць (амаль) толькі пастановы пра зямельныя пляцы і горадабудаўнічыя пашпарты.
Знайшлася, аднак, навіна «На Военном кладбище в ближайшее время начнут благоустраивать заброшенные могилы». Зь яе мы даведваемся:
- што працы пачнуцца «в июне текущего года» (вось яны і пачаліся);
- што тычыцца яны будуць «неухоженных захоронений». Якія пахаваньні лічыць дагледжанымі, а якія не — вырашыла яшчэ раней, як вядома, камісія і паразьвешвала свае папярэджаньні амаль на палове магіл;
- што падстава для ўсёй апэрацыі — арт. 22 Закону РБ «О погребении и похоронном деле»;
- што 80 магіл пасьля аб’яваў людзі ўпарадкавалі, так што за іх можна пакуль не хвалявацца (?);
- а астатнія будуць парадкаваць работнікі спэцкамбінату, і вось як:
«вместо ветхих надгробий, ограждений установят идентификационные знаки с указанием фамилии, имени, отчества (если таковые сохранились), дат рождения и смерти (если известны). Знак-подголовник представляет собой плиту из гранита с использованием мраморной крошки размером 60 на 40 см».
І, нарэшце, фінальны заспакаяльны акорд:
«Ни одно существующее захоронение не будет ни переноситься в другие места, ни тем более сноситься, подчеркнули в пресс-службе Мингорисполкома».
Што яны разумеюць пад «зносам пахаваньня» — няясна. Помнікі яны, як бачым, зносяць што твой бульдозэр.
Ва ўсякім разе, спасылкі на рашэньне і тут няма.
У іншым месцы ёсьць указаньне хоць бы на дату публікацыі:
«в этом году было принято решение о благоустройстве Военного кладбища. Эта информация была опубликована на сайте Мингорисполкома 25–29 мая».
29 мая — гэта, пэўна, цытаваны вышэй артыкул, а за 25 мая са словам «кладбище» пошук не паказвае нічога.
Такім чынам, загадкавае рашэньне, якое нібыта апублікавана на сайце Менгарвыканкаму, знайсьці дагэтуль не ўдалося.
Куды глядзіць пракуратура?
Маем шэраг цікавых юрыдычных момантаў.
Арт. 22 закону, на які ідзе спасылка, называецца «Инвентаризация мест погребения и иные связанные с ней действия». Дэмантаваць там дазваляецца «разрушенные надмогильные сооружения, степень разрушения которых исключает их ремонт и (или) восстановление». Менавіта такія збудаваньні выяўляе камісія.
(Што за яна, дарэчы? Зацьвярджае яе мясцовы выканкам, але якія яе правы, абавязкі, парадак дзейнасьці? Закон кажа: «Примерное положение о комиссии по инвентаризации мест погребения утверждается Министерством жилищно-коммунального хозяйства Республики Беларусь». Але на сайце гэтага міністэрства гэтай пастановы знайсьці не ўдалося.)
Ва ўсякім разе, на Вайсковых могілках нават гэтая норма не выконваецца. Шыльдачкі там паразьвешвалі не на незваротна разбураных, а на ўсіх спрэс магілах, дзе ёсьць хоць якія прыкметы недагледжанасьці — прыкладам, трава не павырывана. Агароджы зносяць падчыстую — дарэчы, ці адносяцца яны да «надмогильных сооружений»? І, калі ўжо на тое, хацелася б ведаць пэрсанальны склад той камісіі.
Па-другое, у тым жа законе, арт. 20, чытаем:
«Установленные в местах погребения надмогильные сооружения являются собственностью лиц, взявших на себя организацию установки надмогильных сооружений».
Але якім чынам нечая маёмасьць можа зьнішчацца без суду, на падставе рашэньня нейкай камісіі? Пільна трэба кансультацыя юрыста.
Па-трэцяе, Вайсковыя могілкі ўнесены ў Сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў пад 2 катэгорыяй. (Тамсама значацца тры асобныя помнікі (не магілы): Купалу, Коласу і М. Д. Міцкевіч.) Катэгорыя 2 — гэта «гiсторыка-культурныя каштоўнасьцi, якiя маюць нацыянальную значнасьць». Абыходжаньне зь імі рэглямэнтавана Кодэксам аб культуры.
Гэты кодэкс кажа, у прыватнасьці, што «...зьмяненьне гісторыка-культурных каштоўнасьцей дапускаецца толькi пасля атрымання дазволу... пры ўмове навуковага абгрунтаваньня гэтага зьмяненьня», а прызнаць зьмяненьне навукова абгрунтаваным ці не можа Рада пры Мінкульце (арт. 109). Акрамя таго, «папярэдняму разгляду Радай падлягае навукова-праектная дакументацыя на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасьцях катэгорыі «0», «1», «2», якiя могуць прывесьцi да зьнiшчэньня» ці зьмяненьня стану каштоўнасьці (арт. 119).
Хоць сп. Тур і кажа, што дазвол зь Мінкульту атрыманы, пакуль яго ніхто ня бачыў і невядома, ці ён існуе, а калі так, то на што канкрэтна ён выдадзены. Ёсьць адчуваньне, што такая сытуацыя не павінна прайсьці міма ўвагі пракуратуры.
Старых магіл неўзабаве не застанецца нідзе. І ўсё законна
Вайсковыя могілкі — не адзінкавы выпадак. Толькі ў Менску ўжо гэтак «упарадкавалі», як піша Юлія Латушкава ў камэнтарах на Свабодзе, могілкі ў Крупцах. У Магілёве прыгразілі зьнесьці старыя габрэйскія могілкі 18 стагодзьдзя, за якімі, зь вядомых прычын, цяпер няма каму даглядаць.
Закон аб пахаваньні ў рэдакцыі 2015 году і тая практыка яго прымяненьня, якую мы назіраем цяпер на прыкладзе Вайсковых могілак, азначае, што старых могілак у Беларусі празь лічаныя гады не застанецца. Калі могілкі старыя, то і помнікі там старыя. А месьцяцца такія могілкі цяперашнім часам у рысе гораду, а то і ў самым цэнтры, што стварае дадатковы інтэрас, каб павызваляць тут больш пляцоў.
І кожны павінен разумець, што паводле закону ад 2015 году магілы нашых блізкіх і родных існуюць толькі патуль, пакуль іх рэгулярна даглядаюць. Варта гады 2–3–5 не павырываць пустазельле — напрыклад, выехаўшы ў іншую краіну, захварэўшы ці зь якой іншай прычыны — як ужо і помніка ня знойдзецца, а яшчэ празь нядоўгі час, вядома, і самой магілы.
Дагэтуль мы езьдзілі ў Эўропу паглядзець, як выглядалі і як маглі б сёньня выглядаць нашы старыя гарады. Неўзабаве будзем езьдзіць, каб паглядзець, як выглядалі і як маглі б сёньня выглядаць нашы старыя могілкі.
Два ранейшыя наступы вандалаў удалося адбіць
Цяперашні вандалізм на Вайсковых могілках — ня першая спроба загаспадарыць гэты каштоўны пляц.
Яшчэ за савецкім, здаецца, часам аднойчы пачалі пілаваць старыя дрэвы на салдацкай частцы могілак. Суседзі набеглі, спынілі рабочых, абарвалі тэлефоны ў гарвыканкаме. Аказалася, добраўпарадчыкі хацелі салдацікаў павыкопваць і зваліць у брацкую магілу. Ажыцьцявіць гэтую задуму ім не далі, але новыя дрэвы замест сьпілаваных ніхто не пасадзіў. Невядомымі засталіся і імёны тых, хто такое прыдумаў і хто аддаў такі загад.
Іншая спроба была ўжо ў часы незалежнасьці. Выплыў праект, падазрона падобны да таго, пра што кажа цяпер могілкавы ідэоляг Тур: «заменяць агароджу вакол могілак, зробяць новыя дарожкі, паставяць лаўкі, ліхтары — могілкі стануць гісторыка-мэмарыяльным комплексам». За тым праектам, наколькі памятаю, стаяла царква. Тады адбіліся, можа таму, што не было юрыдычнай падставы зносіць старыя помнікі.
Давайце называць рэчы сваімі імёнамі
Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Вандалізм застаецца вандалізмам, нават калі вандалы прыкрываюцца паперкай з дэпартамэнту вандалізацыі.
Мікола Раманоўскі
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.