Жыхары Менску абураныя добраўпарадкаваньнем Вайсковых могілак, падчас якога разбураюцца агароджы, старыя помнікі, а замест іх ставяцца аднолькавыя «надгалоўнікі».
Вайсковыя могілкі ў Менску: замест унікальных надмагільляў — аднолькавыя надгалоўнікі
Пісьменьніца, настаўніца Ганна Севярынец выступіла з ініцыятывай зьвярнуцца з адкрытым лістом у Менгарвыканкам, Міністэрства культуры і КУП «Спэцкамбінат КБА».
«Замест таго, каб упарадкоўваць сапраўды недагледжаныя і аварыйныя пахаваньні, руйнуецца агульны воблік могілак, якія зьяўляюцца ўнікальным помнікам гарадзкой культуры, месцам памяці і дасьледаваньняў, месцам, якое не сорамна (было) паказаць турыстам і гасьцям гораду. Замест унікальных пахаваньняў, унікальнага комплексу нацыянальнай культуры і памяці мы атрымліваем „зачышчаную“ ад любой індывідуальнасьці прастору», — гаворыцца ў адкрытым лісьце.
«Добраўпарадкаваньне нагадвае знос». Актывісты заклікаюць на абарону Вайсковых могілак у Менску
У звароце пералічаны і парушэньні ў «правядзеньні ўпарадкаваньня Вайсковых могілак»: прыбіраюцца агароджы з магілаў вядомых людзей, якія маюць мастацкае значэньне; згодна з законам «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» могуць быць прыбраныя «надмагільныя збудаваньні, ступень разбурэньня якіх выключае іх рамонт і аднаўленьне», а на могілках ліквідуюцца аб’екты, якія ня маюць сур’ёзных пашкоджаньняў.
Ганна Севярынец заклікае спыніць работы для тэрміновага разбору; высьветліць, ці былі пройдзеныя ўсе неабходныя падрыхтоўчыя працэдуры ў Міністэрстве культуры; далучыць навукоўцаў да працы; прыцягнуць вінаватых у парушэньні патрабаваньняў ахоўнага заканадаўства.
Падпісаць ліст можна тут.
На сайце petotions.by распачаты збор подпісаў пад зваротам да ўладаў з патрабаваньнем спыніць «добраўпарадкаваньне».