Ідэолягі забаранілі выставу дзіцячых малюнкаў у менскім сквэры Котаўка

Сквэр Котаўка, архіўнае фота

Аддзел ідэалёгіі адміністрацыі Савецкага раёну Менску забараніў жыхарам менскага Сельгаспасёлку наладзіць сьвята ў сквэры Котаўка . Жыхары навакольных кварталаў плянавалі разам сабрацца ўвечары 5 ліпеня.

Як сказала Свабодзе актывістка Марына Дубіна, ёй патэлефанаваў начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віталь Адамовіч і сказаў, што на «масавае мерапрыемства» неабходны дазвол гарадзкіх уладаў. Іначай збор будзе лічыцца незаконным.

«Мы ў любым выпадку прыйдзем у сквэр — прынамсі сустрэць тых, хто прыйдзе па нашых абвестках, — кажа Марына. — Трэба пагутарыць, растлумачыць ім сытуацыю. Мы сумесна з жыхарамі ўсё робім дзеля добраўпарадкаваньня сквэру, ужо год гэтым займаемся. І ня лічым, што гэта масавае мерапрыемства, якое патрабуе ўзгадненьня, аплаты міліцыі, хуткай дапамогі і «Зелянбуду».

Ад 18 да 21 гадзіны 5 ліпеня жыхары Котаўкі зьбіраліся добраўпарадкаваць тэрыторыю, паставіць лавачкі, наладзіць выставу дзіцячых малюнкаў і зрабіць невялічкі імправізаваны канцэрт.

Марына Дубіна, архіўнае фота

«Калі з суседзямі робім суботнік у двары, саджаем кусты, клюмбы — мы ж ня просім у Менгарвыканкаму дазволу, не аплачваем ахову суседзяў? Вось і гэтым разам не зьбіраемся рабіць нейкую глябальную будоўлю, кардынальнае ўмяшаньне. І лічым, што для сустрэчы жыхароў, якія хочуць разьвіваць сквэр, нейкае ўзгадненьне атрымліваць няма патрэбы».

Пры гэтым, кажа Марына Дубіна, на мінулым тыдні, як адказныя жыхары раёну, яны праінфармавалі адміністрацыю, што хочуць наладзіць «суботнік». Ставілі чыноўнікаў у вядомасьць і пры ранейшых сустрэчах з жыхарамі, калі прыбіралі, абразалі дрэвы, мацавалі шпакоўні. Ніякіх прэтэнзій дагэтуль не было.

Гэтым разам, як мяркуе суразмоўніца, чыноўнікам маглі не спадабацца згадкі пра сьвята, музыку і выставу дзіцячых малюнкаў.

Намесьніца начальніка ідэалягічнага ўпраўленьня Натальля Ўсьціновіч у размове з карэспандэнтам Свабоды запэўніла, што раённыя ўлады ўсьцешаныя, калі жыхары самаарганізуюцца і ладзяць сумесныя імпрэзы.

Аднак для «масавых мерапрыемстваў», дзе чакаецца шмат людзей, усё ж патрэбны дазвол Менгарвыканкаму.

Паколькі самастойна такія пытаньні адміністрацыя не вырашае, кажа Натальля Ўсьціновіч, то забараніць нічога ня можа. Можа толькі параіць «не рызыкаваць».

Котаўка. Што гэта

Тры гады таму пра існаваньне Котаўкі ўпершыню даведаліся нават многія карэнныя менчукі. Нагодай стала супрацьстаяньне паміж рымска-каталіцкім касьцёлам, які атрымаў зямлю пад будоўлю тут храма, і «зялёнымі», якія сталі на абарону некалькіх дзясяткаў таполяў. У выніку вернікам прапанавалі іншы пляц.

10 самых праблемных будоўляў Менску. Што рабіць, калі ваш двор ці парк забудоўваюць