4 траўня на тэрыторыі былой пачатковай школы на вуліцы Данілы Сердзіча, 12 і прылеглага сквэру пачалі высякаць дрэвы — расчышчаць пляцоўку пад будаўніцтва пракуратуры, міліцыі і ДАІ Фрунзэнскага раёну.
Паводле дакумэнту з Адміністрацыі прэзыдэнта, высекуць 132 дрэвы, 273 кусты, выдаляць 5660 квадратных мэтраў газону.
Адзін зь мясцовых жыхароў кажа, што, паводле ягоных падлікаў, дрэў пад высечку трапіць больш — 238. Гэта ліпы, клёны, елкі, якім па 30–40 гадоў.
Мясцовыя жыхары больш за два гады змагаюцца з ушчыльненьнем, але да іхніх пратэстаў улады не прыслухаліся. Яны зьвярталіся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Менгарвыканкам, Галоўдзяржбудэкспэртызу, пісалі звароты да дэпутатаў. Адусюль яны атрымлівалі адказы, што будаўніцтва законнае і падстаў для адмены ранейшых рашэньняў Менгарвыканкаму няма.
Гісторыя пачалася ў чэрвені 2015 году, калі Менгарвыканкам прыняў рашэньне № 1616 аб рэканструкцыі будынка пачатковых клясаў сярэдняй школы № 116. Гэта задавальняла жыхароў густанаселенага Фрунзенскага раёну, дзе ўстановы адукацыі перагружаныя. Аднак 25 лютага 2016 году гарадзкія ўлады прынялі новае рашэньне, № 549, — зьнесьці школу і збудаваць на гэтым месцы пракуратуру, УУС і ДАІ Фрунзенскага раёну.
Сёньня, 4 траўня, на пляцоўку прывезьлі тэхніку, пачалі дэмантаваць канструкцыі былой дзіцячай пляцоўкі, высякаць дрэвы і кустоўе. Пад вокнамі жылога дома будаўнікі паставілі біятуалет.
Жыхары вакольных дамоў зьбіраюцца неўзабаве падаць заяўкі на два пікеты супраць ушчыльненьня.