Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 самых праблемных будоўляў Менску. Што рабіць, калі ваш двор ці парк забудоўваюць


Грамадзкае абмеркаваньне забудовы Асмалоўкі ў Менску, чэрвень 2017
Грамадзкае абмеркаваньне забудовы Асмалоўкі ў Менску, чэрвень 2017

У Менску ня раз узьнікалі сурʼёзныя канфлікты жыхароў з уладамі: масава пратэставалі супраць зносу Асмалоўкі, «запаўняльнай» забудовы ў Зялёным Лузе, зносу прыватнага сэктару ў Сельгаспасёлку, на Грушаўцы, высяканьня лесу ў Бараўлянах.

Пратэсты жыхароў часьцяком застаюцца безвыніковымі: днямі ў Калодзішчах пачалася будоўля новага заводу «Амкадар», некалі ў Менску высеклі парк каля гатэлю «Пэкін», ва Ўруччы ўсё ж пабудавалі дом для АМАПу.

Свабода прыгадвае 10 самых праблемных будоўляў Менску, калі жыхары масава не пагаджаліся з плянамі ўладаў.

1. На Кастрычніцкай плошчы пачалася будоўля бізнэс-цэнтру

Будаўніцтва бізнэс-цэнтру на Кастрычніцкай плошчы
Будаўніцтва бізнэс-цэнтру на Кастрычніцкай плошчы

​На месцы былога музэю Вялікай Айчыннай вайны пачалі будаваць чарговы гмах. Прычым пашпарта аб’екта там няма. Не было грамадзкага абмеркаваньня, не было аўкцыёну. Менчукоў паставілі перад фактам — будуецца бізнэс-цэнтар.

24 траўня першы намесьнік старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Алена Сухадолава патлумачыла Свабодзе, што пра гэты абʼект «маецца ўказ прэзыдэнта, згода ёсьць, ідзе праектаваньне», замоўнік — кампанія «Дана Астра».

«Дана Астра» ўваходзіць у групу кампаніяў Dana Holdings і паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі выступае замоўнікам будаўнічых праектаў. Dana Holdings падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам, асабіста знаёмым з Лукашэнкам.

2. Завод пагрузчыкаў «Амкадор» у Калодзішчах

Мапа праекту забудовы ў Калодзішчах у сувязі з будаўніцтвам новага заводу «Амкадор»
Мапа праекту забудовы ў Калодзішчах у сувязі з будаўніцтвам новага заводу «Амкадор»

​На прамысловым участку ў Калодзішчах «Амкадор» плянуе пабудаваць завод спэцмашын, праектная магутнасьць якога — 6 тысяч пагрузчыкаў за год. Жыхары Калодзішчаў не задаволеныя тым, што дзеля гэтага вуліцу Менскую (Прамысловую) зьбіраюцца ператварыць у чатырохпалосную дарогу, па якой на завод пойдуць грузавікі. Уздоўж дарогі высекуць сосны і дубы, каля Міхайлавага Кута высекуць тры гектары лесу і выкапаюць там заводзкія сажалкі-выпарнікі. Выкіды шкодных рэчываў складуць каля 132 тон за год.

Нягледзячы на пратэсты, 8 траўня ў Калодзішчах урачыста заклалі капсулу ў падмурак будучага заводу, будоўля распачалася.

3. Знос прыватнага сэктару ў раёне вуліцы Валгаградзкай

Паводле дэталёвага пляну, мяркуецца зьнесьці каля 400 сядзібаў у раёне Лагойскага тракту — вуліц Валгаградзкай — Севастопальскай — Кутузава. Жыхары супраць, ідзе гарачае грамадзкае абмеркаваньне праекту дэталёвага плянаваньня. На самой Валгаградзкай прадугледжана зьнесьці 74 прыватныя дамы і пабудаваць 16 шматкватэрных дамоў, у выніку насельніцтва падвоіцца.

21 траўня на сустрэчы жыхароў з чыноўнікамі здарыўся скандал, выклікалі міліцыю.

4. Будоўля шматкватэрнага дома з падземным гаражом і паркоўкай на вуліцы Гікалы

На вуліцы Гікалы, 22А «Амкадор» зьбіраецца зьнесьці інтэрнат і пабудаваць шматпавярховік з падземным гаражом і паркоўкай на 75 машын. Жыхары вуліц Берасьцянскай, Казлова, Платонава, Залатой Горкі сабралі больш за 400 подпісаў супраць гэтага праекту. Грамадзкае абмеркаваньне адмянілі. Насьпявае канфлікт.

Жыхары баяцца страціць зялёныя дваровыя тэрыторыі і дзіцячыя пляцоўкі, а таксама зьвяртаюць увагу, што на новых жыхароў не разьлічаныя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры — дзіцячыя садкі, школы, паліклініка.

5. Грушаўка — праспэкт Дзяржынскага. Чатыры новыя мікрараёны

Ілюстрацыйнае фота. Баракі ў менскім раёне Грушаўка
Ілюстрацыйнае фота. Баракі ў менскім раёне Грушаўка

​Прадугледжваецца знос 400 пабудоваў. Да 2030 году ў межах вуліц Чыгуначнай — Прамой — Грушаўскай — Пермскай — Гурскага — першага завулку Талаша — завулку Акрэсьціна — Прылуцкай — Розы Люксэмбург — праспэкту Дзяржынскага — праспэкту Жукава зьявяцца чатыры новыя мікрараёны. Цяпер там пражывае 19,3 тысячы чалавек. Мяркуецца, што колькасьць насельніцтва падвоіцца — да 37,8 тысячы.

Грамадзкае абмеркаваньне працягваецца.

6. Вуліца Арлоўская: «выразныя высоткі» замест двухпавярховікаў

Тут зьнясуць 409 сядзібных дамоў і двухпавярховікаў, пабудуюць 4000 кватэраў. Як абяцаюць забудоўнікі, будуць узьведзеныя «выразныя высоткі, па меры прасоўваньня ўглыб кварталаў павярховасьць будынкаў будзе паніжацца. У цэлым забудова ўздоўж магістралі павінна фармавацца комплексна, вызначацца нестандартнай архітэктурай і павышанымі спажывецкімі характарыстыкамі», — сказана ў тлумачальнай запісцы да праекту.

Грамадзкае абмеркаваньне працягваецца.

7. Пашырэньне Дзяржаўнага памежнага камітэту на вуліцы Валадарскага, 24

У гістарычным цэнтры гораду, на ўнутрыдваровай тэрыторыі (паміж Валадарскага, Кірава і Маркса) памежнікі хочуць пабудаваць новы чатырохпавярховы корпус з галерэяй, якая будзе аб’ядноўваць абодва будынкі ў адзіны корпус. Архітэктурны праект быў зацьверджаны яшчэ ў 2011–2013 гадах.

У афіцыйным адказе на скаргу жыхароў, падпісаным першай намесьніцай старшыні Камітэту па архітэктуры і будаўніцтву А.Сухадолавай, гаворыцца, што грамадзкае абмеркаваньне праекту адбылося ў 2013 годзе і падставаў для паўторных слуханьняў няма. Летась у дварах ужо высеклі дзясятак старых ліпаў.

8. Бізнэс-цэнтар з паркінгам на Талбухіна

Пікет мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру
Пікет мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру

У дварах праспэкту Незалежнасьці, бульвара Талбухіна і вуліцы Калініна (акурат за былым гатэлем «Дружба») плянуецца будоўля вялікага падземнага паркінгу і бізнэс-цэнтру. Некалі там быў дзіцячы садок, потым у будынку месьціліся падразьдзяленьні КДБ — МУС. Але апошнія гадоў 5 будынак пуставаў.

Летась за сымбалічную цану сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Вецер» набыло на аўкцыёне пляцоўку плошчай 0,41 га пад будоўлю паркінгу амаль на 150 машынамесцаў.

Мясцовыя жыхары пратэставалі, ладзілі пікеты перад будынкам адміністрацыі Першамайскага раёну, сустракаліся са старшынём райвыканкаму. Аднак рашэньне пра будаўніцтва прынятае.

9. Жыхары Бараўлянаў адбараніліся ад высечкі лесу?

Пратэст супраць высяканьня лесу ў Бараўлянах
Пратэст супраць высяканьня лесу ў Бараўлянах

​Жыхары Бараўлянаў спрабуюць адстаяць лес, які паводле генэральнага пляну павінны часткова высекчы дзеля будоўлі школы і дзіцячага садку. Мясцовыя жыхары лічаць, што вакол досыць палёў, на якіх можна будаваць — трэба толькі вывесьці іх зь сельгасабароту. Акрамя таго, жыхарам ня трэба аўтамагістралі.

Чыноўнікі паабяцалі лес часткова захаваць і магістраль не будаваць да 2030 году. Такі праект скарэктаванага генпляну быў ухвалены архітэктурна-горадабудаўнічай радай камітэту па архітэктуры і будаўніцтве Менаблвыканкаму і накіраваны эколягам. Пакуль лес не высякаюць, але мясцовыя жыхары не даюць веры ўладам.

10. Тэнісны цэнтар на беразе Цнянкі

Будоўля няўхільна зьнішчае лес
Будоўля няўхільна зьнішчае лес

​Жыхары Зялёнага Лугу, а таксама актывісты АГП пратэставалі супраць зьнішчэньня зялёнай зоны і будаўніцтва на беразе Цнянскага вадасховішча цэнтру тэнісу.

Праціўнікі будоўлі сьцьвярджалі, што яна пачалася без узгадненьня з грамадзкасьцю і без адпаведнага ўказу. Яны праводзілі пікеты, флэшмобы. Але будоўля тэнісных кортаў і аздараўляльнага комплексу ў прыродаахоўнай зоне на беразе Цнянскага вадасховішча пачалася.

Тры перамогі

1.Спынілі будаўніцтва бізнэс-цэнтру каля Курапатаў

Абарона Курапатаў. 27 лютага 2017 году
Абарона Курапатаў. 27 лютага 2017 году

​Побач з мэмарыялам Курапаты, на скрыжаваньні вуліцы Мірашнічэнка і Менскай кальцавой аўтадарогі, ТАА «Белрэканструкцыя» зьбіралася пабудаваць пяціпавярховы бізнэс-цэнтар з паркоўкай і крамай.

Калі на месцы будучай будоўлі зьявіўся плот і тэхніка, грамадзкія актывісты разьбілі намётавы лягер і цягам 15 дзён абараняліся. Да іх далучыліся і мясцовыя жыхары.

На іх думку, будаўніцтва бізнэс-цэнтру ў гэтым месцы было незаконнае, паколькі гэтая зямля была прададзеная на аўкцыёне тады, калі яна яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца масавага пахаваньня ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты». Акрамя таго, будаўніцтва аб’екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацьверджаны праект дэталёвага плянаваньня гэтай тэрыторыі.

За гэты час былі сутычкі з будаўнікамі, сутычкі з міліцыянтамі, але пераломным стаў момант, калі адзін з абаронцаў — Сяргей Пальчэўскі — прыкаваў сябе кайданкамі да грузавіка. Пасьля гэтага нават замоўца бізнэс-цэнтру заявіў: «Будаваць там, дзе людзі прыкоўваюць сябе кайданкамі да тэхнікі, катэгарычна нельга».

Будоўля была спыненая.

2. Адстаялі Котаўку

Пратэст супраць вырубкі дрэваў у Котаўцы ў сьнежні 2016 году
Пратэст супраць вырубкі дрэваў у Котаўцы ў сьнежні 2016 году

​У сквэры Котаўка, у раёне вуліц Максіма Багдановіча, Ізмайлаўскай, Мэліярацыйнай зьбіраліся будаваць касьцёл парафіі сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і сьвятога Яўгена дэ Мазэна. Мясцовыя жыхары пачалі пратэставаць супраць высяканьня дрэваў у сквэры, і сячы перасталі. А каталіцкаму касьцёлу ў Беларусі прапанавалі пад храм іншы пляц.

3. Хімічнай вытворчасьці каля Севастопальскага парку ня будзе

У Зялёным Лузе побач зь Севастопальскім паркам зьбіраліся разьмясьціць хімічную вытворчасьць. Аб’ект у дакумэнтах называўся «Рэканструкцыя часткі памяшканьняў будынка нявызначанага прызначэньня на Лагойскім тракце, 22/2 пад лябараторыю для вытворчасьці акрылятных палімэраў».

Мясцовыя жыхары выступілі супраць такога суседзтва, склалі пэтыцыю, у якой абгрунтавалі сваю пазыцыю.

У справаздачы па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе былі выкрытыя парушэньні горадабудаўнічага, экалягічнага і прыродаахоўнага заканадаўства. Гарадзкія ўлады ад будоўлі хімічнай лябараторыі адмовіліся.

Што рабіць, калі вы нязгодныя з ушчыльненьнем?

Гараджане павінны стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі прыняцьця рашэньняў аб разьвіцьці гарадзкіх тэрыторый, перакананы Дзяніс Кобрусеў, каардынатар кампаніі «Генплян для менчукоў».

Што рабіць, калі людзі нязгодныя з новым будаўніцтвам, ушчыльненьнем, зносам прыватнага сэктару, зьнішчэньнем парку?

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

«Ня трэба чакаць, пакуль у вас пад носам зьявіцца будаўнічы плот. Калі ўзводзяць плот — шанцы адстаяць свае інтарэсы імкліва зьнікаюць», — кажа спадар Кобрусеў.

Ёсьць Генэральны плян гораду Менску, ён у адкрытым доступе. У ім дакладна прапісана, якія тэрыторыі будуць мадэрнізавацца, што будзе рэканструявацца. Пацікаўцеся, што плянуецца ўзьвесьці побач з вамі.

Другі ўзровень — дэталёвыя пляны. На сайце Менгарвыканкаму ёсьць мапа з назвамі ўсіх зацьверджаных плянаў дэталёвай забудовы. Калі вы знаходзіце штосьці цікавае для сябе, трэба ісьці ў раённую адміністрацыю і знаёміцца з дэталёвым плянам, на якім можна пабачыць, што плянуецца, дзе што будуць зносіць, дзе будуць зялёныя зоны, дзе «пляма пад сацыяльную інфраструктуру», і зыходзячы з гэтага фармаваць сваё стаўленьне: згодныя вы ці ня згодныя.

Яшчэ адзін важны момант — быць заўсёды ў курсе, маніторыць сайт раённай адміністрацыі, праглядаць рубрыку «Грамадзкія абмеркаваньні». Бо дэталёвыя пляны карэктуюцца, зьмяняюцца, таму важна не прапусьціць момант. Бо падчас грамадзкага абмеркаваньня яшчэ можна паўплываць на канчатковыя рашэньні.

Як уплываць на чыноўнікаў

Уплываць на чыноўнікаў можна двума шляхамі: знайсьці магчымыя парушэньні і стварыць грамадзкі рэзананс.

«Першы — гэта калі ёсьць нейкія будаўнічыя праекты, горадабудаўнічы праект, можна зьвяртацца да адмыслоўцаў, да грамадзкіх арганізацый ці проста наймаць спэцыяліста, каб знайсьці магчымыя парушэньні.

І другое — гэта ствараць грамадзкі рэзананс, падключаць суседзяў, зьбіраць подпісы, паведамляць у сродкі масавай інфармацыі, працаваць зь мясцовымі дэпутатамі і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, каб уплываць на пляны гарадзкіх уладаў. І пры гэтым працаваць з рознымі дзяржаўнымі органамі», — тлумачыць Дзяніс Кобрусеў.

Да прыкладу, Камітэт архітэктуры і будаўніцтва будзе адстойваць праект, а Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя можа быць супраць. І на розьніцы гэтых пазыцый можна дамагчыся, каб інтарэсы жыхароў былі падмацаваныя аўтарытэтнай думкай прадстаўнікоў улады.

«У любым выпадку патрэбная трыяда: інфармаванасьць, актыўнасьць, адказнасьць», — кажа каардынатар кампаніі «Генплян для менчукоў» Дзяніс Кобрусеў.

На яго думку, у Менску пры актыўнай пазыцыі і правільных дзеяньнях было нямала выпадкаў, калі жыхары свае інтарэсы абаранялі. Здараліся і кампрамісы, калі ўлада пагаджалася зь нечым, але пры гэтым пакідала частку сваіх плянаў. Таму пры актыўнай пазыцыі і правільных дзеяньнях шмат чаго ўдаецца дасягнуць, — кажа актывіст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG