20 чэрвеня — Усясьветны дзень уцекачоў. Свабода сабрала 11 фактаў пра тое, колькі ўцекачоў у сьвеце; якія нацыянальныя асаблівасьці Беларусі — хто тут шукае лепшай долі; як чэмпіянат сьвету па футболе прымусіў беларускіх памежнікаў да большай пільнасьці.
Сьвет
1. Кожны 110-ы жыхар плянэты Зямля — вымушаны перасяленец
Згодна з Глябальнай справаздачай Упраўленьня Вярхоўнага камісара па справах уцекачоў ААН, у сьвеце 65,5 мільёна асобаў знаходзяцца ў кампэтэнцыі гэтай арганізацыі, гэта:
- людзі, што шукаюць прытулку;
- уцекачы;
- асобы, якія вяртаюцца ў свае краіны (дзе раней жылі або грамадзянства якіх маюць);
- унутрана перамешчаныя асобы,
- асобы без грамадзянства.
2. У 2017 годзе 16,2 мільёна чалавек сталі вымушанымі мігрантамі
Пры гэтым 9 з 10 вымушаных перасяленцаў знаходзяцца альбо ў межах сваіх жа дзяржаў, альбо ў краінах, якія мяжуюць зь імі.
Найбольш уцекачоў летась прынялі Турэччына, Іран, Банглядэш і Ярданія.
3. У канцы 2018 году будзе прынятая Глябальная дамова аб уцекачах
2 гады таму ўсе 193 краіны — сябры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ухвалілі Нью-Ёрскую Дэклярацыю аб уцекачах і эмігрантах. Яны абавязаліся дзяліць адказнасьць па абароне людзей, якія вымушаныя пакідаць свае дамы. Мяркуецца, што сёлета будзе прынятая Глябальная дамова аб уцекачах. Пра гэта сказаў Жан-Іў Бушардзі, прадстаўнік Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі.
Беларусь
4. Да 2013 году па дапамогу зьвярталася каля 200 іншаземцаў у год, цяпер — у 4–6 разоў больш
Пачынаючы з 2014 году, у зьвязку з падзеямі ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны і збройнымі канфліктамі ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі, істотна паболела вымушаных мігрантаў, якія зьвярнуліся па абарону ў Беларусі.
Калі да 2013 году колькасьць замежнікаў, якія хадайнічалі аб абароне, не перавышала 200 чалавек на год, то з 2014-га іх колькасьць павялічылася ў 4–6 разоў. Рэкорд быў у 2015 годзе: з хадайніцтвамі аб дапамозе да беларускіх уладаў зьвярнуліся 1200 замежнікаў.
5. У 2017 годзе статус уцекача атрымалі толькі 5 іншаземцаў
У 2017 годзе Беларусь прыняла хадайніцтвы аб наданьні абароны ад 748 іншаземцаў. Большасьць зь іх — грамадзяне Ўкраіны (каля 90%). Таксама па дапамогу зьвярталіся грамадзяне Іраку, Сырыі, Банглядэш.
Статус уцекача атрымалі толькі 5 чалавек (0,7% заяўнікаў): два аўганцы, эрытрэец, сырыец і ўкраінец.
Your browser doesn’t support HTML5
На 1 чэрвеня 2018 году з хадайніцтвамі аб абароне ўжо зьвярнулася каля 400 замежнікаў. Геаграфія: Ірак, Пакістан, Сырыя, Емэн, Аўганістан, Банглядэш... Але бальшыня, як і апошнія 4 гады, з Украіны.
6. Бальшыня тых, хто зьвяртаўся з хадайніцтвам, атрымліваюць дадатковую абарону
Летась такую абарону атрымалі 555 чалавек, зь якіх 517 — грамадзяне Ўкраіны, 15 чалавек — з Сырыі, 9 — зь Емэну, 7 — з Аўганістану, трое эгіпцянаў, двое грамадзян Грузіі.
Паводле намесьніка начальніка Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі палкоўніка Аляксандра Татуры, 80% тых, хто зьвяртаецца па дапамогу, атрымліваюць адну з формаў абароны, якія прадугледжаныя беларускім заканадаўствам. Такі высокі працэнт тлумачыцца тым, што замежнікі прыяжджаюць з рэгіёнаў, дзе адбываюцца збройныя канфлікты.
7. Хадайніцтвы прымаюцца, нават калі замежнік ня мае дакумэнтаў
За 10 гадоў 230 іншаземцаў з хадайніцтвамі аб абароне зьвярнуліся непасрэдна да памежнікаў. Хадайніцтвы прымаюцца, нават калі замежнік прыбыў без дакумэнтаў. Але тады яго зьмяшчаюць у ізалятар часовага ўтрыманьня, пакуль адбываецца яго ідэнтыфікацыя, кампэтэнтныя органы Беларусі зьвязваюцца са сваімі калегамі ў тых краінах, адкуль прыбыў уцякач. У ізалятары часовага ўтрыманьня, дзе ўмовы даволі суровыя, іншаземец у чаканьні рашэньня можа правесьці некалькі месяцаў.
8. Будаваць новыя міграцыйныя цэнтры яшчэ не пачыналі, хоць Эўракамісія грошы выдзеліла
Па рашэньні Эўрапейскай камісіі краіне выдзелена 7 мільёнаў эўра на рэалізацыю праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічаньне Беларусі ў рашэньні пытаньняў, зьвязаных з павелічэньнем плыні мігрантаў». Паводле намесьніка начальніка Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксандра Татуры, праект прайшоў усе працэдуры ўнутрыдзяржаўнага ўзгадненьня і рэгістрацыі. І самым бліжэйшым часам плянуецца яго рэалізаваць. Цэнтры часовага ўтрыманьня замежных грамадзянаў будуць створаныя ў Віцебску, Гомлі, Лідзе. А цэнтры, якія ўжо існуюць, зазнаюць мадэрнізацыю.
9. У 2017 годзе каля 900 нелегалаў спрабавалі празь Беларусь трапіць у Эўразьвяз
Прыкладна 900 чалавек альбо парушылі, альбо спрабавалі парушыць мяжу Беларусі з краінамі Эўразьвязу. Іх затрымлівалі на так званай «зялёнай мяжы» і знаходзілі схаванымі ў транспартных сродках, кшталту фур зь лесаматэрыяламі. Часьцей за ўсё гэта грамадзяне Віетнама, якія прыбывалі спачатку ў аэрапорты Масквы, а потым дабіраліся да Беларусі. Яшчэ 2,5 тысячы іншаземцаў былі затрыманыя за парушэньне памежнага рэжыму ў так званых «тылавых раёнах», у памежных паселішчах.
10. Чачэнцы, якія імкнуліся ў Эўразьвяз, не зьвярталіся да Беларусі з хадайніцтвам аб абароне
Летась зь Беларусі ў Польшчу, у асноўным празь Берасьце, спрабавалі трапіць каля 1 тысячы мігрантаў з Чачэніі. Яны куплялі квіткі на цягнік да бліжэйшай польскай станцыі і прасілі палітычнага прытулку. 99 са 100 вярталіся назад, зноў спрабавалі. Паводле афіцыйнага прадстаўніка МУС Аляксандра Татуры, польскі бок прымаў максымум 8–10 чалавек у дзень. Аднак ніхто з чачэнцаў не зьвяртаўся ў кампэтэнтныя органы Беларусі з хадайніцтвам аб міжнароднай абароне.
11. Пад выглядам футбольных заўзятараў у Беларусі паболела нелегалаў
Дзяржаўны памежны камітэт заўважыў спробы нелегальнай міграцыі пад выглядам аматараў футболу. У ноч з 19 на 20 чэрвеня каля Смаргоні затрыманыя чацьвёра грамадзянаў Марока, 18 і 19 чэрвеня таксама затрымлівалі мараканцаў на літоўскай мяжы, а на польскай — пакістанцаў.
«Мы не выключаем паўтарэньня падзеяў мінулага году, асабліва ўлічваючы чэмпіянат сьвету па футболе ў Расеі. У нас ёсьць інфармацыя пра групы быццам бы заўзятараў. Мы ведаем, што яны знаходзяцца ў памежных зонах — Берасьці, Горадні, Смаргоні. У нас ёсьць інфармацыя, на якіх цягніках яны паедуць, і мы гатовыя да таго, што Эўропа іх ня прыме і будзе вяртаць назад паводле сцэнару Берасьця з грамадзянамі Чачэніі», — сказаў намесьнік начальніка ўпраўленьня папярэдняга расьсьледаваньня і прававога забесьпячэньня апэратыўнай дзейнасьці Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксей Сыцянкоў.
У адпаведнасьці з падпісаным паміж Беларусьсю і Расеяй міжурадавым пагадненьнем замежныя грамадзяне, якія маюць картку заўзятара (Fan ID), могуць уяжджаць, часова ўяжджаць, знаходзіцца і сьледаваць транзытам празь Беларусь у бязьвізавым парадку ў Расею на чэмпіянат сьвету ў пэрыяд з 4 чэрвеня па 25 ліпеня.