Парлямэнт Вугоршчыны прагаласаваў за пакет законаў, якія прадугледжваюць пакараньне за дапамогу ўцекачам і нелегальным мігрантам. Пра гэта паведамляе Reuters.
Пакет з трох законаў, які называюць «Стоп Сорас», урад Вугоршчыны ўнёс на абмеркаваньне ў парлямэнт вясной, перад выбарамі ў красавіку. У Будапэшце мяркуюць, што новыя законы перашкодзяць рабоце арганізацый, зьвязаных з амэрыканскім мільярдэрам вугорскага паходжаньня Джорджам Сорасам. Улады лічаць, што фонд Сораса «Адкрытае грамадзтва» вылучае фінансаваньне кампаніям, якія дапамагаюць нелегальным мігрантам перабірацца ў Эўразьвяз.
Акрамя таго, Вугоршчына ўводзіць адмысловы міграцыйны падатак у памеры 25 працэнтаў для арганізацыяў, якія аказваюць падтрымку мігрантам.
Згодна з новым законам, самі ўцекачы ня могуць прасіць улады аб легалізацыі ў Вугоршчыне, калі яны спрабуюць патрапіць туды праз трэцюю краіну, а не наўпрост з той краіны, адкуль яны выехалі.
Падчас міграцыйнага крызысу ў Эўропе ў 2015 годзе праз Вугоршчыну ў Заходнюю Эўропу праехалі каля 400 тысяч мігрантаў. Тады Эўракамісія ўвяла абавязковыя квоты прадастаўленьня прытулку для кожнай дзяржавы ЭЗ. У 2015 годзе 177 тысяч чалавек шукалі прытулку ў Вугоршчыне, але было прынята толькі некалькі сотняў заяў. У 2016 годзе ўрад Орбана адмовіўся прымаць у сябе бежанцаў па квотах, устаноўленых ЭЗ. У мінулым годзе аб прадастаўленьні прытулку ў Вугоршчыне прасілі 3200 чалавек.
У АБСЭ і Радзе Эўропы заявілі, што новыя вугорскія законы не адпавядаюць эўрапейскім стандартам.