Падчас візыту ў Менск кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў сустрэўся з памочнікам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы і сябрам Савету бясьпекі Беларусі Віктарам Лукашэнкам.
Рамзан Кадыраў паведаміў на сваёй старонцы ў instagram, што сустрэча зь Віктарам Лукашэнкам мела для яго «вялікае значэньне».
«Мы зь Віктарам Аляксандравічам даўно ўжо зьяўляемся сапраўднымі сябрамі, паміж якімі склаліся насамрэч брацкія адносіны! Я гэта цаніў і цаню! Дзьверы Чачэніі і майго дома заўсёды адкрытыя для Віктара Аляксандравіча!»
Паводле Кадырава, зь Віктарам Лукашэнкам яны абмеркавалі «магчымыя мэханізмы ўзаемадзеяньня па шэрагу кірункаў і знайшлі поўнае паразуменьне».
«Я таксама выказаў Віктару Лукашэнку ўдзячнасьць за выяўленую ім на спэцыялізаванай выставе прафэсійную цікавасьць да Міжнароднага навучальнага цэнтру сіл спэцыяльнага прызначэньня, які пераўтвораны ў Расейскі ўнівэрсытэт спэцназу».
25 верасьня падчас візыту ў Менск Рамзан Кадыраў сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён запрасіў кіраўніка Беларусі наведаць Чачэнскую Рэспубліку падчас чарговага візыту ў Расею. Паводле Кадырава, кіраўнік Беларусі «падкрэсьліў, што з задавальненьнем прыедзе ў Чачэнію, каб азнаёміцца з рэспублікай, агледзець славутасьці, даць новы імпульс дружбе і супрацоўніцтву».